Трывожнае шчасце, частка 6
Пятро помніў, што ён першы горача запляскаў словам сакратара райкома і быў здзіўлены, што старшыні калгасаў, якія сядзелі побач, не вельмі дружна падтрымалі яго. Узлаваўся тады: баі, самі морды паадрошчвалі, а няшчасныя ўдовы на сабе аруць.— Правільна сказаў Анісімаў! Ты можаш так спакойна гаварыць? Ды ганьба нам!.. Мне здаецца, не па зямлі яны цягнуць плуг, а па сэрцы маім.Грамыка павярнуўся, і вочы яго нядобра бліснулі.— Табе здаецца... Легка вам з Анісімавым гаварыць! — I нечакана вылаяўся: — А што мне рабіць? Коней я не магу ўсім даць. Не выцягнуць яны, коні, і поле і сядзібы. Ды каб я хоць на дзень зняў іх з калгаснага поля — назаўтра быў бы на бюро райкома. Ды і сам я разумею: калгас — аснова. Але пакуль умацуем аснову гэтую, людзі павінны неяк жыць. Не даць ім прысеяць сядзібы? Але людзі павінны есці, каб працаваць. Рабіновіч параіў: няхай рыдлёўкамі капаюць. Дурань! На гэта трэба ў пяць разоў больш часу і поту. Можаш мяне цягнуць на сход, у райком, але я дазволіў па чарзе не выходзіць на работу і вось так ухадзіцца са сваімі гародамі. Пасеяць бульбу — дам коней.Пятро маўчаў. Што скажаш? Не першы раз гэты хітрун прыціскае да сцяны так, што не ведаеш, у які бок крутнуцца, каб выкруціцца неяк — пабіць яго больш пераканаўчымі довадамі.Па дарозе, што аддзяляе гароды ад поля, Пятро павярнуў направа, да аратых.— Не пойдзем туды,— сказаў старшыня,— не будзем растраўляць баб.— Баішся? — спытаў Пятро, на міг адчуўшы сваю перавагу — смелую рашучасць падысці да жанчын, пагутарыць, можа, нават памагчы.— Я баюся? — Панас засмяяўся.— Ох, браткі-інтэлігенты! Сялянскія дзеці, а мужыка не разумеюць!Жанчыны, убачыўшы, што да іх ідуць, спыніліся, выціралі твары хусткамі. Адна закрычала:— Гэй, мужчыны, хадзіце сюды! Хоць дух ваш пачуем! Як пот ваш пахне!— Яе Лісцік, відаць, нічым не пахне,— прабурчаў Грамыка. Пятро таксама пазнаў жанчыну ў вылінялай мужчынскаймайцы, з голымі рукамі, без хусткі; гэта яна крычала, удава Ліза, па-вулічнаму — Сарочыха, палюбоўніца старога лесніка.Пэўна, нехта са старэйшых жанчын хацеў утаймаваць маладзіцу, бо Ліза гучна адказала:— А хіба настаўнік не мужчына? Яшчэ лепш: чысценькі, свежанькі... Не адной жа доктарцы нюхаць яго.— Вось чортава баба,— хмыкнуў Панас.— Зараз ты пачуеш адяе...— Трэба напісаць Сталіну, каб прыняў закон: удовам выдавать мужчын па картачках.— Ты і без картачкі знайшла,— сказала жанчына, што стаяла за плугам.— Хіба я мужчыну знайшла? Лісцік.— Ліза голасна зарагатала.— Ды і той сухі.Наблізіўшыся, Пятро паважна павітаўся. Жанчыны адказалі ветліва. Усе. Акрамя Лізы. Яна, здаецца, не адказала. Грубым жэстам падцягнула спадніцу, падол якой быў падаткнуты, яшчэ больш агаліла ногі, заляпаныя зямлёй па калені і мармурова-белыя, надзіва прыгожыя вышэй каленяў. I грудзі яе, поўныя, гэткія ж белыя, здавалася, вось-вось ад глыбокага дыхання пераваляцца цераз нізкі выраз майкі. Пятро сур"ёзна спалохаўся, што гэта можа здарыцца — так бессаромна яна выставіла іх, свае грудзі. Другія жанчыны скіравалі ўсю ўвагу на старшыню, бо ў кожнай свой клопат. А яна, Ліза, не зводзіла вачэй з Шапятовіча. Пятро не ведаў, куды дзявацца ад гэтых вачэй. Глядзець на яе голыя ногі, на грудзі яму было сорамна перад жанчынамі. Скажуць: во парторг вытарашчыў бельмы на голую бабу. Чаго добрага, яшчэ Сашы перададуць. Але нейкая дзіўная, проста магічная сіла цягнула глядзець на яе. У душы змяшаліся павага, захапленне, крыўда, боль... Захапленне сілай, прыгажосцю; боль — што ёй, жанчыне, якая магла б у красе спаборнічаць з тымі багінямі, прыходзіцца рабіць абразлівую для чалавека працу — замяняць каня. У гэты міг ён чамусьці дараваў Лізе нават сувязь з лесніком. Бо колькі ў яе тае радасці ў жыцці? Але чаму яна так глядзіць? Быццам хоча