Трывожнае шчасце, частка 6
Каля дома свайго Пятро ўбачыў белую здань. Пазнаў здалёк — Саша. Яна стаяла, захутаўшыся ў медыцынскі халат, прытуліўшыся да цаглянага, вышчарбленага і выветранага за многія дзесяцігоддзі слупа.Пятро кінуўся да яе ўподбег.— Ты — што?— Дзе ты быў?Ён абняў жонку, прыпаў да яе вуснаў, яны былі халодныя — стаяла доўга.— Я гуляў.— А я прачнулася ад кашмарнага сну. Лямпа гарыць, а цябе няма. Хаця б лямпу патушыў, пажар зробіш. Што сніла — не помню, а сэрца і цяпер б"ецца во як, паглядзі.Пятро паклаў руку на яе грудзі — паслухаць сэрца. Саша імкліва, у нейкім гарачым парыве, абхапіла яго за шыю, пацалавала і ўся задрыжала не то ад холаду, не то ад нецярплівага чакання ласкі.Абняўшы, Пятро павёў яе ў пакой. Яна адразу нырнула пад коўдру. Ён таксама раздзеўся ў адзін міг. Дзьмухнуў у лямпавае шкло.Ногі яе былі прыемна халодныя. А вусны адразу зрабіліся гарачыя. Ён прагна піў іх знаёмую і разам з тым пры кожнай блізкасці непаўторную гарачыню і духмянасць.— Я люблю цябе. Ты слаўная.— I я люблю цябе, хоць ты не такі слаўны, як я хацела...— Навошта гэтае «хоць»? Я люблю цябе без усялякіх агаворак.— I я хачу любіць цябе без агаворак. Але ты ўцякаеш пасярод ночы.— Саша засмяялася, пальцы яе пяшчотна гладзілі яго плечы.— Я заснуў над сваімі міфамі.— Ці не багіня табе прыснілася? Пятро засмяяўся:— Ты адгадала. Сасніў, што мяне абнімае сама Афрадыта. Багіня была такая прыгожая, як ты. Атрошчанка пагразіў, што заявіць у райком. I ведаеш, што я адказаў? Смех! «За багінь на бюро не выклікаюць».— У вас і за звычайных баб не вельмі выклікаюць.— Пальцы яе застылі, анямелі.— Ці не ў парку яна цябе чакала, твая багіня?— Ты — злюка. Хутка да сноў пачнеш раўнаваць. Завошта я люблю цябе такую?— Завошта я люблю цябе? — Пальцы зноў зрабіліся пяшчотныя, яны лепш, чым што, перадавалі сілу кахання. Пальцы і вусны.Ён спытаў праз колькі хвілін, сцішаны, стомлены:— Ты лічыш — мяне няма за што любіць?— Часам — няма.— Любяць чалавека, а не яго ўчынкі. А чалавек не анёл. Ён не можа быць увесь час ружовенькі.— Чалавек заўсёды павінен быць чалавекам.— Ух, якая глыбокая філасофія!— Спі.— Саша ласкава правяла рукой па яго шчацэ, Пятро пацалаваў яе плячо.Звычайна ён хутка засынаў, вось так прыпаўшы вуснамі да жончынага гарачага пляча. Але сёння не спалася. Чамусьці зноў перад вачамі стаяў Андрэй Запечка. Як жывы дакор яго, Пятроваму, спакою і шчасцю. А потым — Вольга з яе насцярожанасцю, самаахвярнай хітрасцю і прагным жаданнем пачуць добрае слова заспакаення.— Ты папракаеш нас за нячуласць да людзей. Ты лічыш, што ў цябе ад ной сэрца баліць за іх пакуты. А сама ты... Завошта ты неўзлюбіла гэтую няшчасную Вольгу? Яна адчувае, і ёй горка...— Ці не яна тая багіня, да якой ты бегаў пасярод ночы.— Голас адразу зрабіўся саркастычна-ўедлівы.— Я сустрэў яе з Аўчаровым. Ён хоча ажаніцца. А яна баіцца, каб яго пасля не папракнулі...— Недарэмна, відаць, баіцца.— Ты бязлітасная. Няўжо, праўда, ты думаеш, што ўсе, хто быўтам, паводзілі сябе... як ты думаеш...— Не ўсе ехалі па добрай волі.— А ты ведаеш, чаму яна паехала?— Ведаю.— Яна ратавала сяброўку.— Ад чаго?— Як ад чаго?— За тое, што рабілі яны, медаляў не даюць. Спачатку круцілі з партызанамі, а потым знайшлі ход, каб адной і другой было добра.— Дзе ім было добра!— А то гаравала яна, Вольга твая! Прыехала выпешчаная, расфуфыраная. Воз нямецкіх анучак прывезла...