Трывожнае шчасце, частка 6
Модна пахла крапівой. Яе, маладую, ірвуць тут на боршч. Саша таксама варыла боршч з крапівы. Нічога, можна есці. Каб яшчэ хоць маленечкі кавалачак мяса ды лыжка смятаны, то была б страва — лепшай не трэба.На ўцалелай каменнай лавачцы сядзела пара. Ён і яна выказвалі адно аднаму свае пачуцці працяглым пацалункам.Пятро застыў на месцы — каб не спалохаць. Няхай цалуюцца. Людзі заваявалі гэтае шчасце — цалавацца, жаніцца, нараджаць дзяцей.Але закаханыя нейкім чынам адчулі, што нехта старонні глядзіць на іх. Адхінуліся адно ад аднаго. Падхапіліся.— Не саромейцеся. Справа жыццёвая,— сказаў Пятро, праходзячы.Ён пазнаў і хлопца і дзяўчыну. Цёзка яго, Пеця Аўчароў — сяржант, разведчык, малады камуніст. Гэта пра яго некалі казаў Грамыка: Аўчароў адзін з маладых, хто, вярнуўшыся дадому з заслугамі, з партыйным білетам, не пайшоў шукаць доўгага рубля, астаўся ў калгасе, на конях працуе — арэ, сее. Па дзве нормы хлопец выганяе. А потым, значыцца, яшчэ ноч сядзіць тут, у парку. Маладосць! Пятро ўздыхнуў і сам сабе засмяяўся: стары! Сказаў, як добры дзед: «Справа жыццёвая». Ці даўно сам такі быў? Бегаў на спатканне за трыццаць кіламетраў. На Вольгу Бандарэнка не адзін хлопец вока кідае. Ды і жанатыя заглядваюцца. Красуня. Адзета заўсёды па-гарадскому — прывезла адзенне з Германы. Шкада толькі, што, кажуць, паехала яна туды сама.— Пятро Андрэевіч,— Пеця нячутна дагнаў яго, далікатна крануў за плячо,— пасядзіце з намі хвілінку.Шапятовіч здзівіўся, пажартаваў:— Навошта я вам? Я на вашым месцы абыходзіўся без сведкаў.— Пагутарыць хочам,— сур"ёзна папрасіў хлопец.Пятро вярнуўся, сеў побач з Вольгай, настройваючы сябе на жартаўліва-вясёлую размову. Але закаханыя збянтэжана змоўклі, і яму таксама зрабілася ніякавата. Убачыў, як Пеця ўпотай цісне дзяўчыне руку, быццам заклікае: «Трымайся!» — зразумеў, што размова ў іх сур"ёзная, а таму сур"ёзна, з нейкай нават насцярожанасцю чакаў: хто з іх пачне і пра што тут пойдзе гутарка?..— Вось, Пятро Андрэевіч... ажаніцца хачу,— сказаў Пеця іўздыхнуў.Шапятовіч засмяяўся:— Ведаеш анекдот? Пытаюць у хлопца: «Жэнішся, Іван?» — «Жанюся!» I голас такі бадзёры! Пытаюць праз нейкі час: «Ажаніўся, Іван?» — «Ды ажаніўся». I голас не той, і ўздыхнуў вось так, як ты. Нешта ў цябе, цёзка, наадварот.На ане кдот-жарт — ніякай рэакцыі. Пятра гэта яшчэ больш насцярожыла. Сядзяць, глядзяць на сцежку, прасвечаную месяцам ад школы сюды, пад ліпы, дзе светлая палоска знікае ў цяні.— Ажаніцца мне трэба... Маці хворая...— Безумоўна, ажаніцца табе трэба,— ужо зусім сур"ёзна пацвердзіў Шапятовіч.— Але ведаеш, што я табе скажу, Аўчароў... Найлепш, калі пры любой сітуацыі, пры тысячы другіх прычын, самых сур"ёзных, на першым месцы будзе прычына: «Я не магу без цябе, Оля. Я люблю цябе». Каб была любоў...— Любоў ёсць,— нечакана проста, без дзявочай сарамлівасці запэўніла Вольга.— Але ўсё адно не трэба яму жаніцца на мне. Не трэба! Запляміць ён сябе.— Чым запляміць? — не зразумеў Пятро.— Чым? — Вольга рэзка павярнулася — як бы хацела ў змроку заглянуць у вочы. Сказала раздражнёна, амаль са злосцю: — Вы ж першы на сваім сходзе скажаце: «Дзе, Аўчароў, твая партыйная пільнасць? На кім жэнішся? Сама ў Германію паехала, і невядома яшчэ, як паводзіла сябе... »Пятро ўціснуў у плечы галаву, сцяўся, быццам дзяўчына не словы кідала — каменні. Чамусьці зноў прыгадаўся Андрэй Запечка, яго арышт, папрок Сашы: «I ніхто з вас, канечне, слова не сказаў за чалавека!»