Трывожнае шчасце, частка 6
«Чакай, я табе пакажу,— падумаў Эрот,— чые стрэлы больш меткія і робяць глыбейшыя раны». Замахаў бажок сваімі залатымі крыльцамі, узляцеў на Парнас — на гару, дзе жылі ўсе праслаўленыя багі і героі. Узяў ён там дзве стралы: адну, што запальвае каханне... Гэтую стралу ён пусціў у сэрца Апалону. Другой стралой, якая забівае, знішчае ўсялякае каханне, ён прастрэліў сэрца німфы Дафны, дачкі рачнога бога Пінея. Закахаўся Апалон, як кажуць, па самыя вушы ў Дафну. Красун такі, што любая самлела б, убачыўшы яго. А Дафна, хоць і звычайная дзяўчына была, убачыла яго і — наўцёкі. Як тая казуля ад ваўка. Апалон — за ёю. «Чакай, цудоўная німфа! — просіць і моліць ён.— Куды ты ляціш, як галубка ад арла? Ты ж параніла сабе ногі. Спыніся! Я кахаю цябе! Паглядзі, хто я. Не пастух які-небудзь, не лапцюжнік, а сам бог, сын Зеўса!» Але што ёй да таго, калі ў сэрцы ні кропелькі кахання!..— Гэта праўда. Хоць ты бог, хоць ты прынц, а калі кахання няма... — уздыхнула Надзя.— Ой, Надзечка, гэта ты не ведаеш... Перад такім мужчынам, як гэты Апалон, не ўстоіш... — падзялілася сваім багатым вопытам Каця.З дзвярэй высунулася пляшывая галава Халімона Капыла. Стары ўхмыльнуўся шчарбатым ротам:— Казачкі расказваем?— А вы, дзядзька Халімон, не падслухоўвайце, вам нельга слухаць пра любоў. Жонку разлюбіце,— засмяялася Надзя.Пятру стала ніякавата, што яго падслухоўвалі. Знікла жаданне расказваць. Ды ад Надзі не адчапіцца.— Ну, і што далей, Пятро Андрэевіч? Дагнаў яе Апалон?— Дагнаў.— Эх! I ўсё? — расчаравана зіхнула дзяўчына.— Не, не ўсё. Адчуўшы, што Апалон вось-вось схопіць яе,спалоханая Дафна пачала прасіць свайго бацьку, бога Пінея: «Татачка родны, памажы мне. Адгані ад мяне гэтага нахабніка. Я баюся яго. О зямля! Праглыні лепш мяне!» Сказала яна так — і тут жа застыла на месцы і... ператварылася ў лаўр, дрэва такое, з якога — лаўровы ліст... Доўга Апалон, засмучаны, стаяў перад зялёным лаўрам. А што зробіш? Нічога. Апалон здолеў зрабіць адно, ён сказаў: «Будзь жа вечназялёны, лаўр. I няхай вянок з тваіх лісцяў упрыгожвае маю галаву, маю кіфару і калчан». Вось і ўсё. Вось што нарабіў свавольнік Эрот, лепшы сябра нашай Каці.— Не вялікі ён сябра мой,— сур"ёзна і нават як бы засмучана адказала Каця.— Ён сябра тых, хто мае шчасце ў любові, як вы. А ў мяне... Якое яно, шчасце! Адно няшчасце.З-за сцяны, дзе быў медпункт, пачуўся насмешлівы Сашын голас:— Апалон Андрэевіч! Баюся я, каб хто-небудзь не прастрэліў тваё сэрца.Тое, што яго расказ пачула жонка, Пятра ніяк не збянтэжыла — наадварот, яшчэ больш развесяліла. Ён крыкнуў у адказ:— Багіня мая! Яно даўно прастрэлена. Табою. Дзяўчаты засмяяліся.Ляпнулі дзверы медпункта, і на парозе першага сельсавецкага пакоя з"явіўся Панас Грамыка. Весела бліснуў цыганскімі вачамі. Сказаў Пятру:— Даволі табе забаўляць дзяўчат. Ьм і так весела. Пайшлі на поле. Пагутарым з людзьмі.Калі выйшлі ў сад, Панас сказаў:— Асцярожней ты расказвай падобныя казкі. Асабліва Каці. Шура перавязвала мне палец, і я бачыў, што ёй не вельмі прыемна. Яна жартавала, але я адчуваў, што гэта за жарты. Бабы, брат, яны ўсе на адзін аршын. Раўнівыя.— Ну, глупства!.. Што можна падумаць, калі чалавек гаворыць на поўны голас, так, што за сцяной чуе жонка, за другой — Капыл?— Калі ўжо прыйшлося, Андрэевіч, да слова, то я табе раю: пастарайся, каб і Капыл менш чуў... Многа мы давяраем розным капылам.— А што — хіба яны крамольныя, нашы думкі?