Трывожнае шчасце, частка 6
— Ну вось. Што вам трэба яшчэ? Выкіньце з галавы, што яго ці вас хтось у нечым папракне. У чым? Глупства! У мільёнаў людзей такі ж лес. Выходзьце замуж. Хочаце, я буду за свата, за шафера? За каго хочаце.— Вы, можа, самі перажылі багата, што такі добры,—разважыла дзяўчына.— Я перажыў, што ўсе перажылі,— вайну. Дабрэйшы я наўперад ці стаў ад яе. А вось я чытаў у аднаго паэта: за пяць гэтых гадоў мы ўсе пастарэлі на дваццаць. Правільна сказана.— Ад гэтага нам цяжка,— уздыхнула Вольга.— Ад чаго? — не зразумеў яе каханы.— Што ў дваццаць тры гады мы старыя.— Ну-у, старая! Проста бабуля! — пажартаваў ён і засмяяўся. Пятро падумаў, што гэты хлопец, яго равеснік, не адчувае сябестарэйшым за свае гады. Яму пашанцавала. Ці, можа, ён мае большы запас маладосці? А вось яна, Вольга, адчувае, таму па-мацярынску думае не толькі пра сябе, але і пра таго, каго пакахала, пра яго жыццё, будучыню — каб ён нічым не запляміў сябе. Ён, Шапятовіч, таксама адчувае сябе старэйшым намнога. I адказнасць на сябе ўзяў не па гадах, а яна, адказнасць гэта, патрабуе не толькі адпаведных паводзін — зноў-такі не па гадах,— але і зусім іншага складу думак. Вось якой парады ў яго просяць — як у мудрага старога. I ён мусіць даваць яе з паважнасцю і, па сутнасці, з уяўнай мудрасцю, бо адкуль у яго той вопыт.— А вы вярніце яе, украдзеную вайной маладосць.— Сказаў і тут жа падумаў: «А ці вяртаю? Ці не кажу я газетнаказённыя ісціны? Цікава, што пра гэта думае Саша? Чамусьці мы ні разу не пагаварылі ира тое, якія былі да вайны і якія зрабіліся цяпер. Здаецца, Саша лічыць, што гэта натуральна, што мы стал і зусім другія».Вольга нічога не адказала на параду вярнуць маладосць: не пра сябе думала — пра яго, з жаночай адданасцю і самаахвярнасцю.— Я Пецю кажу: навошта яму спяшацца з той жаніцьбай? Яму вучыцца трэба. Няхай бы ехаў на якія курсы, цяпер у кожнай газеце аб"явы...— А маці? — спытаў хлопец з болем.— Маці я дагледжу. Можаш ты мне даверыць?— Рабіцеся дачкой і даглядайце — яму спакайней будзе.— Ды не паедзе ён нікуды, калі ажэніцца. Я ж ведаю. Так і астанецца ў калгасе. А кім ён стане ў гэтым калгасе?«Вунь у цябе якія разлікі! — з незычлівасцю падумаў Шапятовіч.— Так бы і казала адразу, а не ківала на сваю біяграфію». Але, разважыўшы, хіба папракнеш яе? Няхай сабе і хітруе трохі, ды хітрасць гэтая чыстая і сапраўды самаахвярная. Баіцца яна, што жаніцьба і яе, жончына, рэпутацыя перашкодзяць Аўчарову «выбівацца ў людзі». Гатова ўзяць клопат пра яго маці і чакаць, пакуль ён будзе вучыцца. Пройдзе час, забудзецца мінулае, адновіцца ў вёсцыдобрая слава пра яе, шчырую працаўніцу і верную нявесту... Ацэніць гэта ён, адукаваны Пеця,— яе шчасце. Не, другую знойдзе — значыцца, «не судзьба», як тут кажуць. За што ж ты яе папракнеш? Ага, за словы пра калгас. Безумоўна, яго, Шапятовіча, абавязак «развянчаць» такія яе думкі. Але тыя словы, якія ён з усёй шчыраецю і палымянасцю сказаў бы ў любым другім месцы, неяк не падыходзілі ў гэтым залітым месячным святлом парку, перад двума закаханымі. Адчуваў, што не пасуюць яны да іх чалавечай драмы ды і да яго ўласнага настрою.Таму сказаў амаль афіцыйна:— Папрацуе вось так, як цяпер працуе, лета ў калгасе, увосень мы самі яго пашлём у абласную партшколу. Мы ўжо гаварылі з Панасам Астапавічам.Вольга стоена ўздыхнула.Шапятовіч зразумеў: пра партшколу яны ведаюць, пэўна, сказаў Грамыка, а таму Вольга і баіцца, што жаніцьба з ёю можа перашкодзіць Пецю. Якая бязлітасна-суровая практычнасць! Праўду яна сказала: таму нам цяжка, што ў свае дваццаць тры — дваццаць пяць гадоў мы думаем пра жыццё, як старыя.