Трывожнае шчасце, частка 6
Ведаў: на першым жа сходзе, пры першай жа гутарцы калгаснікі спытаюць пра гэта. Ён рыхтаваўся да адказу. Аднак усё адно пытанне захапіла, можна сказаць, знянацку. Ён чакаў, што размова ўзнікне, калі яны будуць дзяліць свае дзве тоны ячменю. Тады ён дазнаўся б пра думкі другіх і праверыў бы свой адказ. Але з актыву ніхто не ўспомніў. Не чыталі ці забыліся? А вось інваліды не забыліся. Чакаюць, што ён адкажа. Змоўклі.— Што мы — такія багатыя? Сваіх накармілі ўволю?— Не. Ніхто не кажа, што мы багатыя. Пасля такой вайны... такой разрухі. Нялёгкая вясна і ў нас. Во... па кілаграму дзелім. Але таму, што ведаем, што такое голад, таму і дзелімся апошнім кавалкам.— Нішто сабе кавалак! — хмыкнуў Вася Нізавец. Пятро з яшчэ большай палымянасцю пачаў даводзіць:— Усе мы былі на фронце. Хто — у партызанах. Каму з нас не прыходзілася дзяліцца з таварышам апошнім сухаром? Францыя — наш саюзнік, уся была пад фашысцкай акупацыяй... Народ галадуе...Але ў нейкі міг ён адчуў, што словы не маюць трывалага грунту — яго ўласнай унутранай перакананасці. Яны, словы, хоць і простыя, але нейкія лёгкія, а таму яўна не западаюць у сэрцы людзей, а павісаюць у паветры і плаваюць, як вось гэты тытунёвы дым. Бывае, што шум і смех слухачоў не бянтэжаць і не збіваюць прамоўцу. Гэта здараецца тады, калі прамоўца сам цвёрда перакананы ў тым, у чымхоча пераканаць другіх. А бывае, што можа збіць, збянтэжыць вось такая паважная сур"ёзнасць з ледзь прыкметнымі ўхмылачкамі: маўляў, давай, давай, гарадзі, мы разумеем — табе інакш нельга.Такія схаваныя ўхмылкі ўбачыў Пятро на тварах у інвалідаў і.. . занерваваўся. Амаль крыкнуў:— А галодным мы заўсёды паможам! Мы — гуманісты!— У Францыі галадаюць? — як бы са здзіўленнем спытаў Прышчэпа.— Дзе вы, парторг, чыталі, што голад там? Мы таксама газеты чытаем. Ды і самі свет бачылі... Андрэй вось,— паказаў ён на аднаго са сваіх сяброў — высокага бялявага хлопца з глыбокім шрамам на лбе, у цывільным касцюме; чалавек гэты за ўвесь час не прамовіў ніводнага слова. Пятро ўпершыню яго ўбачыў, ніколі раней з гэтай кампаніяй ён нідзе не з"яўляўся.— Паўгода, можа, як вярнуўся адтуль, з Францыі. Партызаніў разам з французамі. Ён вам раскажа, як яны там... галадаюць. Раскажы, Андрэй...Пятро чуў ад Сашы, ад другіх, што ёсць у Панізоўі інвалід Андрэй Запечка, які, уцёкшы з нямецкага палону, быў французскім партызанам, вярнуўся з іх ордэнам, даведкамі. Даўно хацелася спаткацца з гэтым чалавекам. Пятро нават намерваўся запрасіць яго ў школу — няхай раскажа дзецям пра Францыю, пра Супраціўленне, якое там было. Але ўсё неяк не выпадала пазнаёміцца. I вось пазнаёміліся. Запечка пачырванеў, як дзяўчынка, ад агульнай увагі да яго асобы.— А што расказваць? Па-рознаму і там жывуць. Буржуі, гады, дык яны і пры бошах... немцах, значыцца, раскашавалі. А рабочаму чалавеку туга прыходзілася. Але разрухі ў іх такой няма. Столькі не разбурана, не спалена. А калі ўсё цэлае, дык, самі разумееце, неяк лягчэй абыходзіцца... — развёў рукамі і вінавата ўсміхнуўся, як бы просячы прабачыць, што не ўмее ён расказваць. Відаць было, што чалавек сапраўды не надта красамоўны. I, магчыма, не ад прыроды такі — навучыла жыццё.— Падабаліся вам французы? — спытаў Пятро.— Дык розныя ж яны... Партызаны — хлопцы свойскія... Камуністы некаторыя.— Калі мы вас запросім у школу — раскажаце?— Пра што?— Ну, пра Францыю. Як партызанілі там... Запечка разгубіўся: