Трывожнае шчасце, частка 6
— Ды што вы просіце прабачэння! Якія могуць быць цырымоніі паміж намі! А тым больш калі такая справа — лес чалавека!— Вось іменна — лес чалавека! I мяне здзівілі вашы словы: «Баюся, што нічога зрабіць не здолеем». Я — настаўнік, у мяне ў школе работы па горла, вучоба... I вы, райком, патрабуеце з мяне, з партарганізацыі за ўсё: за сяўбу, за лесавывазку, за фінансы, за малако, за шэрсць... за што хочаш. Дык паслухайце ж і нас часам. А то гэты Булатаў ваш сядзіць на сходзе, як сыч, і толькі задае такія пытанні... ну, проста, паміж намі, правакацыйныя нейкія. А ён жа член бюро райкома. Не падумайце, што я скарджуся. Але мог ён спытаць у нас пра гэтага няшчаснага Запечку? А калі ўжо злавіў яго на месцы злачынства, як кажуць, дык, думаю, таксама пачалавечы можна растлумачыць. Мы ўсё-такі камуністы. I ўсе ваявалі, многія — афіцэры. Не такія тайны нам давяралі!Саша сядзела перад грубкай і раздзьмухвала агонь, мокрае галлё не хацела разгарацца, дыміла, дым адбівала ў твар, яна па-дзіцячы — рукавом — выцірала слёзы.Лялькевіч, што быў прысеў каля акна, слухаючы Пятра, падняўся, падышоў да Сашы.— Дайце мне, партызану. Я быў мастак распальваць кастры. «Унікае размовы!» — незычліва падумаў Пятро, і, каб прымусіцьяго адказаць па сутнасці, а можа, падсвядома не хочучы, каб ён станавіўся на калені побач з Сашай, Пятро ступіў да грубкі, імкліва апусціўся на калені, далікатна адхіліўшы жонку, і знарок двухсэнсоўна сказаў:— Гэта і мы ўмеем.— Нарэшце ты здагадаўся,— сказала Саша.Дзьмуў на поўныя лёгкія, са злосцю, якая чамусьці раптам закіпела ў душы. У перадыхах чуў, як за спіною папісквае пратэз, скрыпяць маснічыны. Лялькевіч хадзіў. Яго маўклівая хада пачала раздражняць Пятра.Гарачыя вуглі разгарэліся — і адразу весела затрашчалі тонкія хваёвыя галінкі, шуганула полымя. Пятро падкінуў буйнейшых дроў. Падняўся. I апынуўся твар у твар з госцем. Уразіў дзіўны смутак у Лялькевічавых вачах.— У гэтым — няшчасце,— сказаў ён з болем.— У чым? — не зразумеў Пятро.— Што Булатаў выходзіць з-пад партыйнага кантролю.— Вы быццам скардзіцеся мне,— іранічна хмыкнуў Пятро.—Можа, мне ўстанавіць над ім кантроль?— Ды не, Шапятовіч, усё гэта больш складана, чым вам здаецца. Не ў адным, безумоўна, Булатаве соль.Саша, якая на падаконніку наразала з невялічкага, у паўфунта, кавалка сала тоненькія скрылёчкі, перапыніла сваю працу, з трывогай у вачах услухалася ў словы Лялькевіча. Пятру не спадабалася і скарга сакратара і яшчэ больш гэтая Сашына трывога — за яго, безумоўна.«Прыкідваецца сіратой, каб не браць на сябе адказнасці». Зняважліва перасмыкнуў плячамі.— Ні чарта не разумею.— А, думаеш, я разумею? — з ледзь прыкметнай раздражненасцю спытаў Лялькевіч.— Думаеш, калі я сакратар райкома, дык мне адкрыты ўсе таямніцы? Мне трэба, як бачыш, на падарожных раён аб"ехаць.— I ўжо больш спакойна: — Я сам не разумею: няўжо там,— кіўнуў угору, на столь,— не бачаць гэтай небяспекі? Няўжо Сталін з яго празарлівасцю не разумее?— Пеця! Прыбяры кнігі са стала, нарэж хлеба.Пятро здзівіўся: у Сашы нічога яшчэ не гатова, са сталом і хлебам можна не спяшацца. Пэўна, яна не хоча, каб яны працягвалі гэтую сваю размову. Чаму? Якраз апошнія Лялькевічавы словы развеялі яго, Пятрову, недаверлівасць. Не, гэта не скарга чалавека, які баіцца ці не хоча браць на сябе лішняга клопату. Гэта — сур"ёзны і балючы роздум. Хіба мала сам ён думаў над усім гэтым? Чаму ж не верыць, што думаюць і другія, і, можа, яшчэ больш пакутліва, бо сапраўды той жа Лялькевіч ведае, безумоўна, значна больш. Пагутарыць з ім па шчырасці, з узаемнай сяброўскай даверлівасцю — хіба не цікава? Саша ўпачатку сама выяўляла гэтую цікавасць.