Трывожнае шчасце, частка 6
Халімон Капыл як бы адчуваў яго настрой і ўлашчваў: няспынна запрашаў есці, піць.— Пятро Андрэевіч, што гэта вы грэбуеце нашым сялянскім пачастункам?— А я што — пан?— Ну, вы анцялягентны чалавек.— А дачка ваша?— I то праўда. Вырасла наша сялянская анцялягенцыя дзякуючы роднай нашай уладзе. Маруся! Паўхаджвай за сваім таварышам па рабоце.Маруся — Марыя Халімонаўна, настаўніца іх школы, хімію і батаніку вядзе. Пераспелая дзеўка, гады на два старэйшая за Пятра.Працавітая і строгая, вучні яе баяцца, на ўроках яе — найлепшая дысцыпліна. Строгая і ва ўсіх іншых адносінах: самыя заядлыя пляткаркі не маглі сказаць, як пра другіх, што яна «круціла» з партызанамі ў акупацыю ці з нашым! афіцэрамі, калі фронт блізка стаяў. I цяпер нікога ў яе няма. Дэмабілізаваныя сяржанты «страляюць» за настаўніцамі, нават не за маладымі — за ўдовамі. Да яе ж чамусьці не заляцаецца ніхто. Непрыгожая? Не, не сказаць. Праўда, вельмі ж падобная на свайго бацьку; можа, таму для тых, хто ведае кульгавага, нехлямяжага, заўжды непаголенага Капыла, знікае, траціцца жаноцкасць яго дачкі. Бывае такое.Ьс нечаканае і позняе з"яўленне Марыя Халімонаўна сустрэла іранічнай ухмылкай. Пятро зразумеў — падумала пра яго: «Ці не кожны дзень ты, наш ідэйны сакратар, вось гэтак завяршаеш сваю грамадскую работу?» Яму было ўсё адно: «Чорт з табой, думай, што хочаш».На загад бацькі хутчэй сабраць на стол «для дарагіх гасцей» адказала нехаця, рабіла ўсё знарок павольна — паказвала свой гонар і строгасць. Але за стол села — за гаспадыню, бо старая не села, знікла, схавалася, быццам і няма яе ў хаце.— Праўда, Пятро Андрэевіч, што гэта вы... нейкі сёння... не ў гуморы. Давайце вып"ем за нашу настаўніцкую прафесію. Хто не ведае — думае, што яна лёгкая.Марыя Халімонаўна, паважна ўсміхаючыся, узяла цёмную доўгую пляшку, каб наліць яму і сабе. Але бацька перапыніў яе:— Чакай, Маруся, да гэтай чарга дойдзе. А цяпер вось гэту. Як сляза! Чысценькі... раціфікат...— Капыл хоча, каб мы хутчэй — «з капылоў»,— пажартаваў Пятро сур"ёзна, без усмешкі; пра гэта ён падумаў раней.Капыл і Бабкоў зарагаталі.Іван Дзямідавіч, выпіўшы, адразу аджыў, павесялеў, забыўся на ўсе непрыемнасці дня.Пятро зайздросціў яму.— Пі, Пеця! Не шкадуй. У Халімона гэтай атруты хопіць! Забыўся, пра што дамаўляліся?— Пра што?— «Накапыіліцца». Ха-ха...— Ну што ж... Давай «накапылімся».Гаспадар засакатаў, запырскаў ліслівым смехам, а дачцэ яго гэта яўна не спадабалася — яна скрывіла тонкія вусны, зняважліва хмыкнула.— За хімію, Марыя Халімонаўна. Без хіміі было б сумна жыць.Яна глядзела на яго насцярожана, з падазронасцю — ці няма тут якога падэсця? Відаць, не адразу зразумела, што ён мае на ўвазе. Пятро, чакаючы з узнятай шклянкай, растлумачыў:— Чым было б павесяліць душу, каб не хімія?— От праўдачка ваша,— сакатаў стары Капыл.Марыя Халімонаўна ўсміхнулася, прыветліва чокнулася. Пятро залпам выпіў паўшклянкі спірту, неразбаўленага. Абпёк горла. Як сляпы, пачаў мацаць па стале конаўку з вадой. Марыя Халімонаўна сунула конаўку яму ў руку. Ен прагна выпіў ваду.— Капустай закусвайце, капустай.— Яна шчодра наклала яму з глінянай міскі ў пажаўцелую ад часу талерку капусты.Пятро пачаў есці, і — капуста спадабалася яму, зноў адчуўся голад. Капуста прыпраўлена цыбуляй, скрылькі цыбулі сакавітыя і надзіва салодкія. Ён паволі выбіраў іх відэльцам.