Трывожнае шчасце, частка 6
— Мяне здзіўляе твая суровасць. Нельга так, Сашок. Ты бачыш толькі знешні бок. Жыццё ёсць жыццё. Яно не спыняецца. I жывы думае пра жывое.— Эх, як ты абараняеш іх, палявых гэтых ды паходных! «Жыццё ёсць жыццё»,— сказала ціха, але са злосцю.— А што б ты заспяваў, каб я?.. А ў мяне, можа, большая, чым у каго, была мажлівасць... каб жыццё не спынялася... А я спыніла яго!Закрануты чарговым напамінкам пра яго «грэх», абражаны недаверам — колькі можна папракаць? — Пятро вырашыў і ёй кінуць крыўднае:— Ты кажаш гэта так, быццам шкадуеш, што не зрабіла, як некаторыя...Саша адказала не адразу. Але па дыханию яе Пятро адчуў, што паўза — небяспечная. Сцяўся, чакаючы.— А што ты думаеш? I шкадую!Як пляснула па твары. I рэзка павярнулася да яго спіною, нацягнула на галаву коўдру.Не першы раз ужо так — нечаканыя і дзіўныя пераходы ад самых гарачых прызнанняў, шчырай блізкасці, ласкі і пяшчоты да папрокаў і нават сваркі, асабліва калі і ён «заводзіўся». Апошні час зразумеў, што самае лепшае — у крытычную хвіліну змаўчаць. Змаўчаў. Але ўсё адно было крыўдна. Да душэўнага болю. Няўжо яна не бачыць, як ён кахае? Няўжо не верыць? Чаму яна зрабілася такая? Да вайны, у маладой, у яе і следу не было гэтай бабскай рэўнасці. Наадварот, яна з яго смяялася, называла рэўнасць перажыткам, якога інтэлігентны чалавек павінен саромецца. Чаму ж яна цяпер не саромеецца? Нават пры людзях. Мы пастарэлі, але са сталасцю прыходзяць мудрасць і спакой. Ва ўсім Саша разумная і спакойная, акрамя гэтага свайго пачуцця. Дзіўна. Зрабіць і ёй балюча? Не, неможа ён. Паспрабаваць памірыцца? Было ўжо так, што пасля сваркі і нават слёз зноў наступалі хвіліны пяшчотнай блізкасці, і яны былі не менш радасныя.Не, сёння мірыцца так хутка не хочацца. Няхай бачыць, што ён абражаны.Пятро таксама адвярнуўся.Месячык свяціў у акно. На падлозе ляжалі светлыя прамавугольнікі зашклёных шыб — два каля самага ложка і два бліжэй да акна, а пасярод — чорна: сярэдзіна рамы забіта фанерай. Пад печчу вядзе сваю нудную песню цвыркун. Яго, звыкшыся, не чуеш, калі засынаеш са спакойнай душой, задаволены ўсім. Цвыркун раздражняе, калі настрой вось такі і не спіцца. Загаварыла спрасонку малая. Дзіця напомніла пра сябе — неяк адразу зрабілася лягчэй і святлей.Раптоўна захаладала, як гэта часта бывае вясной. Пасля амаль летняй цеплыні, што трымалася яшчэ ўчора,— зусім асенняя слата. Дождж, які ішоў «перагонамі», на працягу дня колькі разоў пераходзіў у «зарады» снегу.Пятро раней прапаліў у грубцы, наварыў супу — не з-за вялікай любові да гэтай стравы, а з-за эканоміі: пяць дробных бульбін, жменя пярлоўкі, цыбуліна і маленечкі, на дзюбе нажа, кавалачак масла, якое Саша купіла Ленцы. А суп — слінка цячэ ад паху аднаго.Чакаў Сашу. Дзе яна ходзіць у такую непагадзь? Хворыя — вялікія эгаісты, думаюць толькі пра сябе, а фельчарыца здаецца ім няспыннай, нястомнай машынай, яе можна выклікаць у любы час дня і ночы, адрываць ад хатніх спраў, ад дзіцяці, ад мужа. Пятро ўжо неяк пратэставаў — патрабаваў, каб Саша прывучала людзей да парадку.«Ты ж не "хуткая дапамога"».Яна павесіла на дзвярах медпункта аб"яву: гадзіны амбулаторнага прыёму, гадзіны наведвання хворых дома. Але ад гэтага ёй не зрабілася лягчэй. Не можа яна не пайсці да хворага, асабліва калі выклікаюць да дзіцяці. А дзяцей хварэе многа, бадай, больш, чым зімой. Аслабленыя, босыя, раздзетыя, яны легка прастуджваюцца на падманна-цёплым вясновым ветры. У Панізоўі ўспыхнула дыфтэрыя. Саша трое сутак не з"яўлялася дадому — працавала з эпідэмгрупай. I цяпер яшчэ дрыжыць за Ленку. Усё, у чым наведваецца да хворых, скідае ў медпункце.