Трывожнае шчасце, частка 6
Але, здаецца, не толькі яна лічыць, што тэма, як кажуць, вычарпана, але і ён — Лялькевіч. Падышоў да стала, пачаў разглядаць кнігі.У грубцы засквірчэла сала. А калі патэльня была пастаўлена на ляжанку і Саша ўбіла туды яйкі, то пайшоў такі пах, што ў Пятра закружылася галава.«Чаго добрага, яшчэ страціш прытомнасць, як тая Таня»,— з сумным гумарам падумаў ён. Але ўбачыў, як употай каўтнуў сліну госць, і павесялеў: «Ды ты, выходзіць, такі ж галодны, як і я, грэшны». I ўжо борздка, нецярпліва, стосамі пачаў звальваць кнігі са стала на ложак.Лялькевіч, паглядзеўшы адну-другую кніжкі, спытаў з сяброўскай інтымнаецю:— Грызеш гісторыю?— Раптам адкрыў, што гэта цікавая навука.Саша, трымаючы на чапяле патэльню ў грубцы, засмяялася:— Ён трызніць багамі! Асабліва багінямі. Штоноч сніць Афрадыту.— Ну, выдумаеш!— Відаць, цікавасць да гісторыі прыходзіць з гадамі. У школе, у інстытуце я не любіў гісторыі. Матэматыка ды фізіка займалі ўвесь час. А вось цяпер хочацца пачытаць і пра багоў і пра герояў. Шкада, няма калі. Усё мару: вазьму адпачынак, уцяку куды-небудзь у лес... У мяне ж столькі знаёмых леснікоў з партызанства! Захаплю чамадан кніжак і — запоем, запоем... З раніцы да вечара. Сню, як чытаю з такой асалодай.— Лялькевіч уздыхнуў, сумна ўсміхнуўся.— Звычайна яна загараецца звечара, такая фантазія. А раніцаю прачнуся — цвярозасць поўная. Разумею: нікуды я не схаваюся. Будзе адпачынак — пашлюць мяне на курорт, лячыцца... Ну, пачытаю, не больш, чым другія... I зноў — сходы, пасяджэнні...Саша выставіла на засланы свежымі газетамі стол пузатую пляшачку, такую поўную і празрыстую, што Пятру здалося — яна пустая. Ён нават не ўтрымаўся, пераставіў яе з месца на месца — пераканаўся, што яна напоўнена пад шкляны прыцёрты корак самым чыстым «нектарам».«Увесь акушэрскі НЗ выставіла,— падумаў з вясёлым гумарам.— Зноў акушэрка напіша ў райздраў».У Дзень Савецкай Арміі яны з Бабковым вымалілі ў Сашы грамаў дзвесце спірту — памянуць тых, хто ішоў побач з імі і не дайшоў. Не толькі фізічныя, але і душэўныя раны — яны яшчэ свежыя ў кожнага. Уедлівая дзяўчына, у галаве якой адны хлопцы ды інтрыгі (а хлопцаў няма, і яна злуе), напісала ў райздраў, што загадчыца фельчарскага пункта выкарыстоўвае медычны спірт на асабістыя патрэбы.Пятра ўразіў не сам паклёп, а тое, што дзяўчына, якая была на фронце,— такая дурная. Для яго фронт — універсітэт розуму.Развёўшы спірт вадой, Лялькевіч падняў сваю шклянку:— Дзякую вам, сябры. Адмаўляўся я ад вашага запрашэння, бо ведаю, колькі гэта клопату ў наш час — прыняць госця. Але шчыра скажу: радасна мне пасядзець у вашай сям"і. Колькі разоў думаў: заеду сам і скажу: «Давайце пасядзім вось так...» Дык не — то фальшывая няёмкасць перашкаджала, то справы неадкладныя... Але без прамоў. Дазволь мне, Пятро, выпіць за Сашу. Дзякую вам, Аляксандра Фёдараўна, за ваша... залатое — не, шаблонна гэта —«залатое», «вялікае»... Адным словам — за ваша добрае сэрца, Саша!Саша, расчырванелая яшчэ каля грубкі, трохі збянтэжаная тостам, з дачкой на каленях, з маленькай чарачкай у руцэ, была ў гэты міг незвычайна прыгожая. Пятро хацеў і не мог адвесці ад жонкі вачэй.Чокнуліся. Выпілі. Захрумсталі гуркамі.— Бярыце яечню, Уладзімір Іванавіч. Што вы адны гуркі? Дайце, я вам палажу.— Дзякую, дзякую. Не трэба больш. Няхай малой. Дык, значыцца, ты не помніш мяне, Ленка?— Эк,— шчыра пакруціла галавой дзяўчынка.