Трывожнае шчасце, частка 6
Лялькевіч сказаў Пятру, калі яны перайшлі ў яго кабінет:— Тое, што зрабіў стары, на фронце называлася — закрыць амбразуру, з якой маглі ўдарыць па табе. У Булатава адно слабае месца — Капыл. Толькі на гэтым ён можа пагарэць,— і пачаў ціха, па-сяброўску расказваць, што напісана ў капылоўскіх «інфармацыях» і якое заключэнне зрабіў той, каму яны пасылаліся.— Булатаў умее страхавацца. Ён амаль пра ўсё дакладвае бюро райкома. Але ніколі не паказвае ніякіх дакументаў, і ніхто іх ніколі не патрабуе ад яго. Вераць на слова. Ніхто не адважыўся праверыць па сутнасці. На гэта ён разлічвае і заводзіць вось такія «справы». Паказвае, які ён пільны вартавы партыі і народа. Вось глеба той бескантрольнасці, пра якую мы з табой гаварылі. Помніш — у цябе ў хаце?Пятро слухаў, ашаломлены.У дзверы пастукалі, і ў кабінет увайшла... Саша, расчырванелая, з дзіўным бляскам у вачах.— Ты тут? — спытала не то вельмі ўзрадаваная, не то яшчэ больш здзіўленая.Пятра яе з"яўленне спалохала, бадай, больш, чым усё, што адбылося дагэтуль.— Саша?! Як ты сюды?.. Табе ж трэба ляжаць!— А мне не ляжалася,— прызналася яна і тут жа засаромелася Лялькевіча.Той усё зразумеў і заключыў:— Добра, Пятро Андрэевіч, дагаворым пасля. Я прыеду да вас. Яны сышлі з райкомаўскага ганка, як дзеці, узяўшыся за рукі.Нікога не бачылі, нічога не чулі.Толькі на вуліцы Пятро схамянуўся:— Ты пехатой?— Мне так страшна стала, калі ты пайшоў. Я сабралася — і следам.— Ды як ты магла! Во дурная! Зусім хворая яшчэ. Вярнуся — папрашу ва Уладзіміра Іванавіча машыну.— Не, не трэба. Я зусім хораша сябе адчуваю. Цяпер нам няма чаго спяшацца. Хадзем ціхенька.I вось яны адпачываюць. Недалёка ад райцэнтра. Чуваць, як на станцыі пыхкае паравоз. Там, на станцыі, яны купілі ў гандлярак тварагу і халодных бульбянікаў. Паабедалі. I так хораша ім!— Хто б мог падумаць — Капыл! Такі ціхенькі, ласкавы...— Ласкавы! Падлюга — да смерці падлюга. Цяпер я не сумняваюся, што ён такі выдаў партызана.— Анісімаў сказаў: «Ганіце сёння ж з сельсавета. Каб духу яго не было!» I нас папракнуў: «I вы лапухі».— Ды і лапухі. Добранькія. Бабкоў і ты. Грэлі гадзюку. Пятро ляжыць пад абветранай шурпатай сасной. Саша сядзіць побач. Ён трымае яе руку. Ён не выпускаў яе рукі, пакуль яны ішлі ад райцэнтра. I цяпер таксама. Яму, як ніколі раней, хочацца адчуваць яе блізкасць, цеплыню. Гэтае адчуванне, галіны сасны, што гойдаюцца ад ветру, і неба — то бяздонны блакіт, то хмаркі, цямнейшыя ці святлейшыя,— як усё і хораша супакойвае і неяк па-новаму хвалюе, вяртаючы паўнату той светлай радасці жыцця, якая з"явілася год назад, у Дзень Перамогі.Сасна гэта была неаднойчы паранена сякерамі, нажамі хлапчукоў. На свежай ране-лысіне — буйныя, як слёзы, празрыстыя кроплі смалы. Яна моцна пахне, смала, але гэта пах жыцця, вясны.Пятро на поўныя грудзі ўдыхае водар хвоі і траў, што прыносіць цёплы вецер. Заплюшчвае вочы. Сашы здаецца, што ён заснуў. Яна маўчыць.— Ты ведаеш, Сашок, я ўсё-такі збудую свой мост! Яна адказвае не адразу.— Я сядзела і думала: а можа, праўда, нам пераехаць куды-небудзь на будаўніцтва?Ён паварочваецца да яе, глядзіць са здзіўленнем. Калі раней ёнказаў пра зусім рэальны мост, яна адгаворвала: «Паступіў у інстытут — вучыся. Дзе ў цябе будзе яшчэ такая мажлівасць?» А цяпер, калі мост зрабіўся прыгожым сімвалам, Саша раптам гэтак празаічна спускае яго на зямлю.