Трывожнае шчасце, частка 6
— Арыштавалі Запечку? Андрэя? Завошта?— Кажуць, вёў варожую прапаганду.— Якую? Дзе? Няпраўда гэта! Няпраўда! Я лячыла яго! Я чула, што ён расказваў. Дай бог вашаму Булатаву быць такім патрыётам.— I ўзлавалася, накінулася з папрокамі: — I ніхто з вас, канечне, слова не сказаў за чалавека? Героі! ТольКі на словах любіце паўтараць, што ўсім кіруе партыя. Чым вы кіруеце? За чалавека не можаце заступіцца! Хутка гэты гад Булатаў саміх вас пачне садзіць, і вы будзеце маўчаць.Папрок быў жорсткі, крыўдны. Ён , Пятро, таксама ўспыліў:— Ну, ты Булатава так не абзывай. Яго паставілі на самы адказны ўчастак — вартаваць дзяржаўную бяспеку. I яму відней. Без прычыны ў нас не арыштоўваюць. Ёсць закон.— Закон ёсць. Ды багіня гэтая, пра якую ты чытаў,— як яе? — спіць, відаць. Шпіёна знайшлі! Сам чуць жывы вярнуўся, жонка эпілепсію нажыла, уцякаючы ад немцаў...Расхваляваная Саша, не даеўшы бульбы, імкліва паднялася, накінула на плечы сваю старэнькую шарсцяную кофтачку, загадала:— Прыбярэш са стала, памыеш талеркі! — і выйшла.Апошні час яна часта так рабіла — выходзіла, калі адчувала, што яны могуць пасварыцца. Можа, гэта і разумна, бо пасля сваркі вельмі ж нядобра на душы. Аднак усё адно гэтыя імкліва нечаканыя жончыны выхады (аднойчы нават у гасцях яна вось так пакінула яго) крыўдзілі Пятра, абражалі. Здавалася, што Саша выяўляе гэтак сваю знявагу да яго. Лепш няхай бы ўжо сварылася. Але тут сварыцца ім небыло з-за чаго. Наконт гэтага няшчаснага Запечкі ён цалкам згодзен з Сашай. Ды і наконт Булатава згодзен — гад. Нельга так гаварыць з людзьмі, як гаворыць ён, быццам усе яны падсудныя.У душы згодзен. А выказаць сваю згоду нават жонцы не адважыўся. Пачаў абараняць. Чаму? Навошта?«Не, тут нешта не так. Вельмі ж ужо гэта непраўдападобна — шпіён. Тайны бяспекі тайнамі, а я, сакратар, павінен ведаць, за якую канкрэтную віну арыштавалі чалавека,— думаў Пятро, блукаючы па начным садзе.— Трэба пагутарыць у райкоме, з сакратарамі, з Анісімавым, з Лялькевічам».«Закон ёсць,— прыгадаў ён Сашыны словы.— А багіня... Феміда спіць... Феміда? Але,— ён узрадаваўся, што так легка ўспомніў багіню, якая вартуе закон.— Вось цяпер яна не забудзецца ніколі — ні да экзаменаў, ні пасля зкзаменаў. Але не экзамены галоўнае. А што галоўнае? Каб Феміда не спала? Што галоўнае ў маім жыцці? У тваім, Саша? У нашым?»У крайнім двары, вельмі блізка, Пятро аж уздрыгнуў ад нечаканасці, галасіста закрычаў певень. Як каравульны — даў сігнал. I адразу ж яму адгукнуўся адзін, другі... I так — далей, далей, быццам перадавалі эстафету: ад хлява да хлява, з вёскі ў вёску. Праз хвіліну ўсё наваколле звінела ад рознагалосых «ку-ка-рэ-ку!». Пеўні спявалі і тут, у старым парку, і каля школы, каля іх дома, на калгасным двары.Пятро адразу павесялеў.«Ого, жывём! Колькі іх развялося пасля нямецкіх кураедаў!»Мабыць, разбуджанае пеўнямі, жаласна заржала ў канюшні жарабя. Яно адзінае ў калгасе — прадмет асаблівай любові і клопату Панаса Грамыкі.У ліпавых прысадах, што ідуць уздоўж агароджы, ад якой асталіся толькі рэшткі белых цагляных слупоў, нечакана — спрасонку, ці што? — адгукнуўся салавей. Вунь дзе ён!Пятро рушыў прысадамі.Падняўся месячык, і ў парадзелым за вайну парку, дзе не ўсе яшчэ дрэвы зазелянелі, пасвятлела. Цень ад старых ліп, суцэльны, чорны, падаў на кусты, што параслі ў канаве каля былой агароджы, на пясчаную дарогу.