Трывожнае шчасце, частка 6
цьмяны шлейф Млечнага Шляху — зорны мост. Ён прыгадаў свой мост. Падумаў: «Што мяне трымае тут? Што прывабіла? Гісторыя? Але каб вывучыць яе, зусім не трэба хадзіць з Бабковым збіраць падаткі, падпісваць на пазыку. Цяпер будуецца столькі мастоў. Я даўно мог быць на адной з гэтых будоўляў. Няхай ён не мой, але ўсё адно мост. Не зорны, не ўяўны. Сапраўдны, па якім пойдуць людзі на другі бераг. А што я тут збудую?»Бабкоў сеў побач, заціснуўшы мокрай хустачкай нос.Можа, ад таго, што нос заціснуты, дыхаў цяжка — выдыхаў паветра астматычна, са свістам.Не павярнуўшы галавы і зноў заплюшч^гўш^і вочы, Пятро спытаў:— Што ты думаеш рабіць?— З ім? З контрай гэтай? Заўтра ж пазваню Булатаву, ён з ім пагаворыць...Пятро памаўчаў... Зноў «убачыў» і яго, інваліда, і дачку, вучаніцу пятага класа, «угледзеўся» ў іх больш пільна.«Колькі ў яго яшчэ дзяцей? Запытаць заўтра ў Галі. I — на што хварэе маці?»Жонкі Прышчэпавай ён не ведаў, і на яго глядзелі нейкія абстрактный жаночыя вочы, сумныя, спакутаваныя. Ад позірку гэтых вачэй зрабілася страшна. Ён рыўком падняўся, голасна сказаў:— Не ўратавалі Запечку. Пасадзім Прышчэпу. Асірацім яшчэ адну сям"ю. Мала іх, сірат?!Дзіўна — Бабкоў не адказаў. I цяжка дыхаць перастаў. Як бы замёр. Доўга маўчаў.— Іван Дзямідавіч! Стары хрыпла вылаяўся:— Пайшоў ты!.. Думаеш, у мяне сэрца няма? Яно — як вугаль, але жывое яшчэ! Не камень! Во... б"ецца і баліць... Баліць за ўсё! I за сірат! — I нечакана, без усялякага лагічнага пераходу, прапанаваў: — Хадзем нап"ёмся.— Дзе?— У Капыла. У гэтага гада вёдры самагонкі.Пятро піў і... не п"янеў, ва ўсякім разе, не весялеў, як звычайна, а, наадварот, рабіўся ўсё больш пануры, злосны. Ён, як і многія другія, недалюбліваў сакратара сельсавета. Ідучы сюды, выказаў Бабкову гэтую сваю антыпатыю да чалавека, да якога яны так нечакана рашылі завітаць знянацку ў госці.Іван Дзямідавіч адказаў:— Думаеш, я люблю яго?— На чорта ж мы трымаем такога ў сельсавеце?— Я да цябе яшчэ хацеў турнуць, але ў раёне сказалі — не чапаць. Работу ён ведае. I людзей. Даваенны кадр.Пакуль не садзіліся за стол, Пятро проста іранічна пасміхаўся з ліслівай і яўна фальшывай Халімонавай радасці з прычыны «такіх дарагіх гасцей», з яго мітуслівых завіханняў па хаце, сыканняў на жонку, на дачку: хутчэй на стол! А выпілі па першай, па другой, не па чарцы — па шклянцы, і не самагонкі, а разбаўленага спірту, і вось найшла на яго гэтая панурасць.Раздражняла ўсё: назойлівыя запрашэнні гаспадара «пакаштаваць сальца, мядку», страў, якіх ён, Пятро, даўно не бачыў,— сала, кілбаса, яйкі, тварог, пахучы чысты хлеб у гэтую галодную вясну, кал і большасць людзей не маюць бульбіны; фікусы з двух бакоў стала, што выраслі да столі, як лес,— сядзелі, як у джунглях; гара вышываных падушак на нікеляваным ложку; новыя шпалеры, якімі, відаць, зусім нядаўна абклеілі сцены гэтай чыстай палавіны хаты; фатаграфіі на сценах, мноства фатаграфій. Раздражнялі нават партрэты генералісімуса. Ix было ажно два: вялікі плакат на ўвесь прасценак паміж вокнамі і зашклёны, у дубовай рамцы, у куце — на тым месцы, дзе звычайна ў сялянскай хаце вісяць абразы.Пятро з"еў скібку хлеба, кавалак вельмі смачнай кілбасы і... адчуў, што больш не можа есці — не лезе ў горла. I тады раздражнёнасць пачала перарастаць у нешта страшнае, чаго ён нават сам спалохаўся,— у нейкае дзікае буянства. Захацелася раптам перакуліць стол, паламаць фікусы, нават больш таго — сарваць гэты партрэт, што вісіць замест абразоў. Усялякае на яго находзіла, але такога яшчэ не было.