Трывожнае шчасце, частка 6
— Не... У мяне ўсяго шэсць класаў.— У вас цяпер універсітэт. Акадэмія. Столькі пажыць і пабачыць!I вось тут Грамыка нечакана і залішне патрабавальна, амальзлосна, перапыніў іх размову:— «Канчай начаваць», як казаў той казах. Давайце працаваць! Няма калі пераліваць з пустога ў парожняе. Сеяць трэба! Займаемся чорт ведае чым!..— Але, браткі, пайшлі. Не будзем замінаць! — падтрымаў яго Асадчы і першы накіраваўся да дзвярэй, але з парога папрасіў: — Не забывайце нас, пакрыўджаных Богам.— Не забудзем! — бадзёра і задаволена запэўніў Бабкоў.Пятро маўчаў. Не сказаць, што выхадка Грамыкі яго пакрыўдзіла. Але ўсё-такі неяк непрыемна кранула самалюбства. Заўсёды Панас слухаў яго з такой павагай. А тут, пры людзях, па сутнасці, крыкнуў, як на блазнюка. Завошта? Што яму не спадабалася?...I з"явілася жанчына, прыгожая, як багіня. У адзенні казачным — доўгім, да пят, пурпуровым, аксамітным. I села яна побач з ім, Пятром, за парту, заплямленую чарнілам. Пятро спалохаўся, што запэцкае яна сваё царскае адзенне. Хацеў быў сказаць пра гэта, але тут жа зразумеў, што звярнуць яе ўвагу на такія парты — значыцца, паказаць сваю нявыхаванасць, нетактоўнасць. Такое можна сказаць любой жанчыне, але толькі не гэтай... Адзін дотык яе адзення — мяккага, як гагачы пух, гарачае дыханне ап"янілі яго. Закружылася галава. Ён збянтэжыўся і засаромеўся, як хлапчук. Але яна ласкава прашаптала:«Абнімі мяне».I ён абняў яе з душэўным трапятаннем і бояззю: раптам убачыць Саша? Але не Саша ўгледзела яго «грэх». Немаведама адкуль з"явіўся Атрошчанка з адным вялікім, як у цыклопа, вокам і, паказваючы на іх ненатуральна доўгім пальцам, злосна зарагатаў:«Ага, праведнік! Цяпер і я цябе злавіў. Мяне ты за Гашу «пясочыў» на партсходзе, а сам во з якой краляй цалуешся! Заўтра будзеш на бюро райкома».Ды ён, Пятро, у той міг здагадаўся, хто яна, і з дакорам сказаў Атрошчанку:«Дурань, гэта — багіня Афрадыта. За багінь на бюро не выклікаюць».Атрошчанка так засаромеўся свайго невуцтва, што адразу набыў звычайны чалавечы выгляд, нават, здалося, не пратэз у яго правай вачніцы пад абгарэлым брывом, а жывое вока, і не такое хітрае, як тое, адзінае здаровае, не вока насмешніка і мацюжніка, а добрае, чыстае, як у дзіцяці.«Ага, хоць раз ты сеў у лужыну»,— з радасцю падумаў Пятро, назіраючы, з якой павагай, задам, адступае ад багіні старшыня сельпо. Але, аглянуушыся, Пятро ўбачыў воддаль у паўзмрочнай вялізнай зале, пад мармуровымі калонамі, Панаса Грамыку. Перш за ўсё падумаў пра калоны — які ордэр: іанічны, карынфскі? Паспрабаваў прыгадаць, якая розніца паміж гэтымі ордэрамі. У формах капітэлі. Але капітэлі тонуць у змроку. Ды і Грамыка не дае засяродзіцца, падумаць — глядзіць скептычна, насмешліва, дакорліва ківае галавой. Адкрывае рот — і голас яго адбіваецца рэхам, ляціць з усіх бакоў:«Наіўны ты, як дзіця. Ніякая гэта не Афрадыта. Гэта — Эхідна. I яна цябе падвядзе пад манастыр, памянеш маё слова. Бабы, брат, яны ўсе такія — хітрыя, як чэрці».Багіня засмяялася смехам Марыі Антонаўны, іх настаўніцы, самай языкатай. I пацалавала яго ў шчаку, ды не звычайнымі жаночымі вуснамі, гарачымі і духмянымі, а нейкімі драўлянымі, цвёрдымі — аж балюча зрабілася.Ліст «Міфаў Старажытнай Грэцыі» быў скамечаны і заплямлены слінай. Край кнігі намуляў шчаку.Пятро расцёр шчаку, разгладзіў ліст, зменшыў агонь у лямпе, што стаяла тут жа, на стале, пасярод кніг. Падумаў, што вось так, заснуўшы над кнігай (а гэта не першы раз), ён можа незнарок перакуліць лямпу і нарабіць пажару. Трэба вешаць на сцяну. Але тады святла няма як засланіць, і яно будзе перашкаджаць Сашы і Ленцы спаць. Падумаў пра жонку, дачку — і толькі тады «растармазіліся» мазгавыя клеткі, і ён успомніў свой дзіўны сон. Сон прыгадаўся неяк адразу і вельмі яскрава, быццам паўтарыўся наяве. Пятро не мог стрымацца ад смеху. Асабліва смешна было, як Атрошчанка адступае ад багіні. I гэта: «За багінь на бюро не выклікаюць».