Трывожнае шчасце, частка 6
— Ясна — не запляскаюць у далоні,— заўважыў Пятро.— Пайсці далей па гэтай дарозе — сам скора апынешся ў турме. I не пашкадуе ніхто.— А хто цябе пашкадуе, калі грамадскае дабро расцягнуць?! Панас павярнуўся, злосна бліснуў цыганскімі вачамі:— Што ты мне падтакваеш? Сам я хіба не разумею? Ты парай, што мне сёння рабіць. Вось у гэтую хвіліну...Пятро таксама ўзлаваўся:— А што я, па-твойму, святы прарок? Што ў мяне — на ўсе выпадкі — гатовая парада? Але я так думаю: злодзей павінен панесці кару! Іншая размова, што мы можам падумаць — якую.— Мы можам? Каб ад нас залежала? Я прыдумаў бы кару. Ён дзесятаму заказаў бы, унукам сваім і праўнукам... не лазіць пад калгасныя свірны... I сама Аксюта падпісалася б пад такім прысудам. I Гаша мая... Але тут такая сітуацыя, што або сюды, або туды. I калі ўжо туды, то Ніякай падушкі мы не падсцелем, ніхто нас слухаць не будзе. Дадуць яму не менш пяці... Па ўказу.Панас Грамыка ведаў жыццё і ведаў законы. Суцешыць яго гэтак жа нялёгка, як і засмуціць, расстроіць. Расстроіўся Шапятовіч. Чаму Панас прыйшоў параіцца да яго? Каб яшчэ раз пераканацца, што нічога разумнага ён, сакратар, параіць не можа? Ці каб яшчэ раз тыцнуць яго носам: глядзі, вось яно якое жыццё, якія задачкі задае, іх не рашыш чатырма дзеяннямі арыфметыкі, і «Кароткі курс» нямнога табе паможа!Памаўчалі.Пятро нахіліўся, падняў галінку, пачаў чарціць ёю па вільготнай утаптанай зямлі. Хутка ўбачыў, што зноў падсвядома рысуе фермы моста. I зноў пашкадаваў, што ён не будуе мастоў, а займаецца вось чым — бог ведае чым.— Пасаджу я гэтага дурня. Але жыцця мне ў хаце не будзе. На чорта мне штодня слухаць папрокі ды слёзы? З"еду! — Панас быццам адсек.Пятро павярнуўся, каб спытаць, куды ён з"едзе, і сказаць, што нікуды яго райком не адпусціць. Але не паспеў — Панас загаварыў зноў, зусім іншым гол асам:— Але засумаваў я, Андрэевіч, за вайну... Па дзецях. Па ёй, па дурніцы, па Гашы. I зямлю люблю.— Ён развёў рукаМі навокал.— Вось такую... зялёную... Як конскі пот пахне, люблю... рал ля... салідол каля трактара...Сказаў ён гэта з такім болем, што ў Пятра таксама зашчымела сэрца. Але, любіць, моцна любіць. Таму і цяжка яму, таму можа і адважыцца на ўсё, і ніхто яго не стрымае — ні жонка, ні райком. Iнельга казаць яму ў такі час слоў казённых, пустых. Можна толькі так сказаць, як ён сказаў пра сваю любоў — проста, скупа, але так прачула і шчыра. А ў Пятра не знаходзілася ні такіх слоў, ні такой прачуласці. Думкі чамусьці вярталіся да свайго — да моста. Вось даўся яму гэты мост!Пасядзелі. I так, не дамовіўшыся ні пра што пэўнае, разышліся. Пятру здалося, што Панас пайшоў расчараваны, адчужаны, аддалены. Пятро перажываў: вельмі даражыў дружбай і даверам гэтага чалавека.А з трэцяга ўрока яго паклікалі зноў, на гэты раз рыжая Надзя, паштарка,— у сельсавет. Бабкоў сустрэў у агульным пакоі. Быў ён і ўзбуджаны — ажно вушы гарэлі — і неяк дзіўна ашаломлены, разгублены. Таму, відаць, і паклікаў яго, Пятра. Бабкоў, не ў прыклад Грамыку, мог прыняць самае недарэчнае рашэнне, самаўладна зрабіць глупства, але кал і губляўся — тады даверліва раіўся з усімі, хто трапляў на вочы.— Во, Пятро Андрэевіч, паглядзі, што толькі не валіцца на нашы з табой галовы! Мая, сівая, ужо адмаўляецца рашаць: што рабіць? Давай разам думаць. Калі ласка, палюбуйся... Дзіва дзіўнае! — Старшыня выканкома шырока адчыніў дзверы свайго кабінета і сам адступіў убок, быццам там, за дзвярамі, было штосьці небяспечнае. А там на лаве каля сцяны ціха і сціпла сядзела жанчына — жонка Сцяпана Бандарэнкі, Аксеня. Пятро не з усімі вяскоўцамі яшчэ пазнаёміўся, але гэтую жанчыну ведаў даўно, з першага месяца свайго цывільнага жыцця. Перш за ўсё праз дачку яе Вольгу — прыгажуню з незвычайнай біяграфіяй. Ды і сама кабета неяк вылучалася сярод сваіх равесніц — жанчын у гадах, якія ўпачатку, пакуль не пазнаёміўся бліжэй, здаваліся Пятру падобнымі адна на адну.