Трывожнае шчасце, частка 6
— Жанчына з дзецьмі на фронт не магла пайсці. Але і яна ваявала... Вольга Пятроўна да фашыстаў служыць не пайшла. Нашым памагала. Хлеб партызанам пякла. Іван Дзямідавіч расказваў. Іван Дзямідавіч?— Хлеб пякла,— ціха пацвердзіў Бабкоў, але неяк як быццам няўпэўнена, без сваёй заўсёднай шумнай настойлівасці: і падтрымліваць і пярэчыць да хрыпаты.Шапятовіч убачыў, што і другія — Грамыка, Атрошчанка — сядзяць з такімі тварамі, нібы ён, сакратар, сказаў і зрабіў нешта недазволенае і ім ніякавата за яго, а паправіць няма як — старонніялюдзі прысутнічаюць.Адзін Капыл адарваўся ад кнігі і глядзеў на Пятра сваімі маленькімі вочкамі-свярдзёлкамі амаль з дзіцячай цікаўнасцю.Пятро не разумеў, чаму яны вось так... Нават Грамыка, такі смелы і рашучы. Булатаву і Рабіновічу вунь як адказваў! А тут — патупіў вочы. Няўжо праўда баяцца падтрымаць сям"ю ворага народа? Але ж... Пятро шчыра верыў у дзейнасць формулы: дзеці за бацькоў не адказваюць. Сэрца і розум патрабавалі: памагчы такім дзецям — святы абавязак твой, камуніста, кіраўніка, педагога. Няхай дапамога мізэрная, але для такой сям"і сам факт будзе мець значэнне — пра іх клапоцяцца, як пра ўсіх, яны не забытыя, не адшчапенцы.— Не будзем забываць, што і ў райкоме нам сказалі: у першую чаргу памагчы тым сем"ям, дзе дзеці... А дзеці ёсць дзеці!— А каго вы агітуеце, парторг? — спытаў Вася. Пятро ды і ўсе іншыя насцярожыліся.— Пра Вольгу Пятроўну ніхто слова дрэннага не скажа. Хіба сабака які можа гаўкнуць. Не толькі хлеб яна пякла партызанам. А хто лячыў нашых матак ды малых пры акупацыі? Дактароў ніякіх не было. Няхай Іван скажа, як жонку яго ратавала.— Што там казаць: Вольга — чалавек правільны! I дзеці — па ёй пайшлі.Бабкоў хутка падняўся, стукнуў костачкамі пальцаў па стал е.— Стаўлю на галасаванне,— сказаў афіцыйна, як на вялікім сходзе.Дагэтуль не галасавалі, калі нават узнікалі спрэчкі і разыходжанні; дамаўляліся так: большасць выказалася «за» — Каця заносіла ў спіс.Шапятовіч зразумеў — фармальнасць з"явілася ад прысутнасці інвалідаў: стары хітры і асцярожны, не жадае, каб многа гаварылі пра такую сям"ю, бо гаворкі пойдуць па сёлах, лепш — вырашыць без лішніх слоў. Што ж, гэта правільна.Пятро першы падняў руку. I ўсе адразу паднялі, але тут жа апусцілі так хутка, што здалося — толькі махнулі рукамі.— А нам можна? — спытаў Іван Асадчы.— Галасуйце,— дазволіў Бабкоў.— Ну, дык мы — «за». Так, хлопцы?— звярнуўся да «сваіх» Асадчы.— За.— Пішы. Чаго там разводзіць анцімоніі!— Галасую дзвюма,— падняў абедзве рукі Вася і для апраўдання нявесела пажартаваў: — Мне можна: я без ног.— Аднагалосна,— сур"ёзна і зноў-такі залішне афіцыйна заключыў старшыня сельсавета.I гэта была як бы кропка. Ці, можа, як вяршыня перавалу. Усім захацелася раптам перакурыць, перавесці дыханне. Загаманілі. Пачалі скручваць цыгаркі. Гаварылі зусім пра другое — хто пра што, але ўсе чамусьці стараліся прыгадаць вясёлае.Калі «перакур» скончыўся, Асадчы сказаў:— Мяркую так, хлопцы! Нам тут рабіць няма чаго. Начальства само разбярэцца. Яно газеты чытае...— О ! — успомніў Рыгор Прышчэпа і звярнуўся да Пятра: — Што мы ў цябе, парторг, хацелі спытаць.— I дастаў з кішэні газету, складзеную ў шмат столак, як для цыгарак.— Расталкуй ты нам, грэшным, вось гэтую заметку.Інфармацыя — некалькі радкоў, змешчаная недзе на апошняй старонцы, вылезла на першую старонку газетнай кніжачкі. Гэта было паведамленне аб тым, што СССР на працягу красавіка, мая і чэрвеня паставіць Францыі 400 тысяч тон пшаніцы і 100 тысяч тон ячменю. Пятро прачытау гэта яшчэ ўчора і таксама быў задумаўся, бо адчуў, што гэта тая інфармацыя, якой у газетах адводзяць вельмі мала месца, але якая займае дужа многа месца ў галовах людзей.