Трывожнае шчасце, частка 6
— Ды бярыце ж вы сала, кілбасу, Пятро Андрэевіч.— Марыя Халімонаўна сама, сваім відэльцам, наклала яму гару рознай закускі. I тады яго зноў апанавала злосць. Ён баяўся падняць галаву, каб не выдаць сябе, такога свайго стану. Пачаў нехаця есці, але больш налягаў на капусту. А тут, як на тое, гаспадар пачаў скардзіцца, што Федзька Балотны, старшыня калгаса, чапляецца да яго: сядзібу перамераў, лішнія соткі знайшоў, пяць сотак нейкіх, пагражае абрэзаць.«Які ён вам Федзька? Ён — Фёдар Іванавіч Балотны, стары, паважаны і прынцыповы чалавек!» — хацелася крыкнуць Пятру. Але сцярпеў. Хрумстаў, як конь, капусту.— Я спіны не разгінаю, яна вось таксама. За тры кіламетры штодня на работу ходзім. Аднаго абутку таго колькі стопчаш па гразі ды па пяску. Гэта яе настаўніцкія соткі. Што ж, выходзіць — будзем абразаць нашу анцялягенцыю?— Разбяромся, разбяромся, скажам гэтаму Балотнаму, чорту,— лагодна бубніў Бабкоў.Пятро зразумеў: стары хітрун ведае цану капылоўскім скаргам, але, як добры госць, гладзіць гаспадара па шэрсці. Яна, Марыя Халімонаўна, здзекліва хмыкнула:— Сапраўды «балотны чорт»!Пятро паглядзеў на яе, падумаў: «Што? Не ўдалося купіць яго?»Яна расчырванелася, вочы заблішчалі. I ўпершыню Пятро ўбачыў, што пры непрыгожым капылоўскім твары ў яе прыгожаяшыя, белая-белая, пяшчотная, і грудзі — поўныя, ажно распіраюць кофтачку. I ён пачаў з п"янаватай бесцырымоннасцю глядзець на яе грудзі.Усё больш нахабнічаў стары Капыл — не прасіў, ужо амальпатрабаваў, каб усе сталі на абарону яго, пакрыўджанага:— Мы з табой, Іван Дзямідавіч,— улада савецкая... А гэтыя, балотныя... Ім толькі папусціся, дык яны і табе на галаву сядуць. Не давай у абіду сваёй правай рукі!.. Чуеш? I будзеш ты за мной... У мяне таксама рука ёсць...— А як жа — не даюць! — зноў адгукнулася настаўніца.— Ячмень дзялілі — усяму актыву ёсць, а Капылам — не, і сакратару і педагогу. Яны, бач, багатыя.«I ты пакрыўджаная?» — ужо без ранейшай раздражнёнасці, а са здзіўленнем хацелася спытаць Пятру. Не спытаў. Сам адказаў: «Але, пакрыўджаная!» — і буянства яго раптоўна перайшло ў нейкую новую стадыю — з"явілася яшчэ больш недарэчнае і дзікае жаданне: не ламаць фікусаў, а зламаць яе, гэтую пераспелую смакоўніцу, скамячыць поўныя, тугія грудзі, нацалаваць іх да сінякоў.Уяўленнем пра гэта цалаванне распальваў сябе. Імпульсы нейкіх біятокаў, мабыць, даходзілі да яе, бо яна запунсавелася ўся, занервавалася. Прапанавала выпіць раз, другі. Нешта прыбрала са стала, нешта прынесла. Сядзела як на іголках. Нарэшце схапіла апусцелую міску.— Я прынясу яшчэ капусты.— Я пасвячу. У мяне ёсць ліхтарык.Старыя, занятыя сваёй размовай, не звярнулі ўвагі на іх. Пятро выйшаў следам за ёю і адразу за дзвярамі на ганку абняў. Строгая, правільная, недачэпа, яна выпусціла міску і пачала цалаваць яго сама. Ён расшпіліў кофтачку, дабраўся да грудзей...Яна шаптала, задыхаючыся:— П-пе-еця! П-пе-цечка!.. Не ц-ця-пер... Пасля. Заначуйце ў нас. Заначуйце...Словы гэтыя яе — як удар: адразу, уміг, наступіла поўнае працверазенне. Раптам здалося, што ён цалуе брыдкую вусатую морду старога Капыла. Ён адхіснуўся, адступіў ад яе.— Ідзі па капусту.— Пасвяці.— Няма ў мяне чым свяціць!Яна нахілілася, знайшла ў цемры міску, шчасліва засмяялася і ўпадскок, як дзяўчынка, пабегла пад павець, да склепа.Пятро вярнуўся ў хату. I з парога пачуў, як моцна захмялелы Бабкоў расказвае Капылу: