Трывожнае шчасце, частка 6
к к кПраз нейкія паўгадзіны Лялькевіч імкліва ўвайшоў у кабінет першага сакратара райкома Анісімава. Яшчэ ад дзвярэй загаварыў з абурэннем:— Анісім Пятровіч! Што гэта ў нас робіцца? Хто ў нас кіруе раёнам — райком, мы з табой, выбраныя камуністамі, зацверджаныя Цэнтральным Камітэтам, ці Булатаў?— А што такое?— Новая справа фабрыкуецца. На інваліда з Панізоўя, які ў часе падпіскі на пазыку не стрымаў язык... I — адчуваю — на Шапятовіча, які быў пры гэтым... Той жа метад, пра які мы з табой гаварылі. Два дні назад Булатаў быў у іх і слова не сказаў. А на сёння выклікае, глядзі, якой павесткай. Гэта ж чорт ведае што такое! Выклікае камуніста, сакратара партарганізацыі, а райком нічога не ведае. Ты скажы, адкуль у яго такая падазронасць да людзей, якія прайшлі вайну, фронт, партызанілі, параненыя, скалечаныя? Ну, не! Шапятовіча я яму не дам з"есці! Дрэнна ён ведае нашага брата, партызана, Булатаў гэты!Лялькевіч кульгаў па прасторным кабінеце. Ад узрушанасці, абурэння яго як бы ліхаманіла.Анісімаў сядзеў у сваім рабочым крэсле, здавалася, зусім спакойны, нават абыякавы. Але калючыя вочы, суровага позірку якіх шмат хто ў раёне баяўся, пільна сачылі за кожным рухам Лялькевіча.Яны часта сутыкаліся так, што, як казаў Лялькевіч, «іскры ляцелі». Але пад настрой Анісімаў неаднойчы прызнаваўся: «Люблю я цябе, чорта, за дзве твае якасці: адукаванасць і смеласць».Цяпер ён таксама залюбаваўся сваім другам, яго палымянасцю ў абароне, безумоўна ж — без доказаў ясна,— сумленных людзей. Алебыло не да выяўлення добрых пачуццяў — невясёлыя думкі апанавалі пасля таго, што сказаў Лялькевіч.— Пасадзіць ён нас з табой, гэты тып.Лялькевіч спыніўся пасярод кабінета ўражаны. Пастаяў, анямелы, потым пацвердзіў:— Пасадзіць! — і закрочыў да першага сакратара, нахіліўся над ім.— Пасадзіць... калі мы будзем маўчаць...калі не паставім яго на месца, не возьмем пад кантроль. Калі яму усё будзе сыходзіць... Сышло з інвалідам Запечкам, хоць усе мы разумелі, што гэта ліпа. Людзі на бюро, калі ён дакладваў, вачэй не паднімалі — сорамна было. Сышло з дырэктарам школы Гаевым — ён дабіраецца да сакратара партарганізацыі. Чаму ж не дабрацца да сакратара райкома? Промахі ў нас з табой можна знайсці, калі глядзець, як Булатаў. I вытлумачаць іх... як ён...Анісімаў, моўчкі слухаючы, дастаў з шуфляды стала папяросы, прыпаліў, зрабіў дзве-тры глыбокія зацяжкі і тут жа скамячыў папяроску, затаптаў у шкляную попельніцу.— Баішся, Анісім Пятровіч? У атаку полк падымаў — не баяўся? Я з двума разведчыкамі эшалон з жывой сілай падарваў — не баяўся. Дзесяць разоў у Гомель на сувязь з падпольшчыкамі ездзіў... А тут, значыцца, спалохаліся Булатава? Ды я перастану паважаць сам сябе! I цябе!Рука Анісімава пацягнулася да тэлефоннага апарата, што вісеў на сцяне, за крэслам, але дацягнулася толькі да шнура ад трубкі і застыла на ім.Лялькевіч адступіў, чакаючы.Анісімаў адхапіў руку ад тэлефона, сашчапіў пальцы так, што трэснулі суставы, пацёр далоняй аб далоню. I тут жа падняўся, рэзка крутнуў ручку апарата.— Булатава! Булатаў? Захапіце справу на Шапятовіча і з"явіцеся да мяне! Якую? Якая ў вас ёсць! Ясна? Выконвайце! — і кінуў трубку на рычаг.Лялькевіч добра ведаў нораў Анісімава і, употай усміхнуўшыся, адышоў да акна, пачаў глядзець на вуліцу. Анісімаў зноў запаліў папяросу і курыў прагна, глытаючы дым.Мінут праз пяць Лялькевіч убачыў, як з брамы дома насупраць (дом стаяў у глыбіні двара, за парканам, вокны яго былі закрыты высокімі кустамі бэзу і шыпшыны) выйшаў Булатаў. Уладзімір Іванавіч не без злараднасці падумаў: «Бяжыш? З такімі, як ты, відаць, толькі і трэба так: «Ясна? Выконвайце!» Стары ваяка Анісімаў гэта разумее».