Трывожнае шчасце, частка 6
Нізкі, шчуплы сакратар у той міг чамусьці здаўся Пятру асілкам, карчом, вуглавата-калючым. Калючыбыўпраніклівы погляд яго кругленькіх шэрых вачэй, а коратка падстрыжаныя, пад бокс, сіваватыя вал асы — звычайна — лагодны вожык, нейкі хлапчукоўскі, такі, што часам у добрым настроі хацелася яго пагладзіць,— цяпер здаваліся калючымі, як іголкі дзікабраза.Учарашні салдат, якога доўга прывучалі да пакорлівасці і бездакорнага падначалення, Пятро ўвогуле баяўся начальства, ва ўсякім разе, губляўся перад ім. Але калі яго выбралі сакратаром партарганізацыі, ён доўга і настойліва пераконваў сябе, што яму няма чаго баяцца Анісімава, старэйшага таварыша, партыйнага кіраўніка, які б той ні быў круты характерам. Яго злавала, што другія гэтак баяцца Анісімава і нават не хаваюць сваёй боязі.Але перад такім натапыраным Анісімавым і ён збаяўся.Сакратар крыва ўсміхнуўся і спытаў з едкім сарказмам:— Што, Шапятовіч, качаем яйкі?Варта было і яму адказаць жартам, але да гэтага ён дадумаўся пасля — што жарт мог бы хоць трохі ўлагодзіць сакратара, змякчыць.А ён пачаў «выкручвацца» на поўным сур"ёзе:— Не. Я толькі з урокаў. Шукаю Грамыку.— Дзе ж ты яго знайшоў? — Анісімаў ступіў бліжэй, тварам у твар, вочы яго, злосныя і насмешлівыя, здавалася, прасвечвалі наскрозь і ўсё бачылі, усё чыталі, а таму Пятру стала страшна глядзець у іх, у гэтыя вочы.— Не знайшоў. Няма. Дома яго няма.— Можа, памагчы знайсці? А? Я маю вопыт у шуканні старшынь.Пятро пахаладзеў. Не ад боязі, што сакратар знойдзе Грамыку і Бабкова. Не, на гарышча ён не палезе.. А калі зойдзе ў хату, убачыць жонак іх — Сашу і Соню, яго, Пятрова, мана стане відочная. Ды яшчэ накрыты стол... Ці дадумаліся жанчыны хоць прыбраць са стала? Усё адно, калі нават і прыбралі, дурань і той зразумее, што старшыні схаваліся і што збіраліся яны тут з жонкамі і дзяцьмі не дзеля абмеркавання, як падняць людзей на работу, і не дзеля палітвучобы. Як гэта агідна — хлусіць! Але хто тоне — хапаецца за саломінку. Толькі б не быць выкрытым тут жа! А таму адна хлусня цягне другую.— Жонка кажа: у поле пайшоў...— У поле? Ды няўжо? Дзіўна. — I пацёр далоняй аб далоню так, што яны заскрыпелі, як здубелая скура. — Колькі ж у яго людзей у полі? Плугоў? Колькі ўсяго людзей працуе ў калгасах? Дзе што робяць? Таварыш сакратар партарганізацыі!..— У мяне былі ўрокі. Я хацеў узяць каня і... праехаць паглядзець...— Усё -такі хацеў? Ты глядзі, які ініцыятар! Гарыць чалавек. А на што вы хацелі паглядзець? На пустое поле? — Анісімаў адступіў на два крокі, назад да шула, у вачах пагаслі іскры сарказму, але затое разгарэўся гнеў; лоб і вусны пабялелі, а шыя налілася крывёй.— Вы каму, Шапятовіч, тлуміце галаву? Сакратару райкома? Вы добра ведаеце, што ні ў адным калгасе няма ў полі ніводнага плуга, ніводнага чалавека. Вы забыліся на рашэнне райкома! Я напомню вам яго! — Ён дастаў з кішэні гімнасцёркі гадзіннік — цыбуліну без ланцужка, глянуў на яго.— К шасці — на бюро! Усе старшыні калгасаў! Вы! Бабкоў!Пятро не паспеў нічога адказаць, як Анісімаў апынуўся ў машыне і аблезлы, аблеплены гразёй «віліс» сарваўся з месца. Цяпер было не да абеду. Да шасці аставаліся нейкія чатыры гадзіны, а трэба аб"ехаць пяць калгасаў за тры-чатыры і нават за шэсць кіламетраў, а потым дабрацца яшчэ да райцэнтра.Здаецца, ніколі яшчэ ён, Шапятовіч, не адчуваў сябе так пагана:быццам сам сабе напляваў у душу, сам сябе прынізіў, абразіў вымушанай хлуснёй, вучнёўскім спалохам. А хто вінаваты? Яны — гэтыя старыя зайцы! Упершыню ён павысіў голас на іх. Старшыні вінавата маўчалі, бо ведалі, што самае цяжкае выпала на яго — «прыняць агонь на сябе». Але не змаўчала Саша: