Трывожнае шчасце, частка 6
— Пятро Андрэевіч, не судзіце маму. Яна не крала. Гэта ўсё бацька. Бесталковы! Усё жыццё мама пакутавала ад яго. А цяпер і мы... Што мы будзем рабіць без мамы? Мы ж па свеце пойдзем...«Чым далей, тым не лягчэй,— ужо не толькі з болем, але і з раздражненнем падумаў Пятро.— Нейкі клубок заблытаны. Сапраўды, трэба быць прарокам, каб разблытаць».— Што мне рабіць? Усе няшчасці на маю галаву. Адно кляймо на ўсё жыццё. Цяпер другое. А мы дамовіліся з Пецем, што заўтра запішамся. Згуляла, называецца, вяселле! — Вольга закрыла твар далонямі, і цела яе скруцілі страшныя сутаргі.Саша накапала ў шклянку нейкіх лекаў, ласкава абняла яе, папрасіла:— На, выпі. I супакойся, Оля! Нельга так. А Пеця... калі любіць... Ну, трохі пазней запішацеся...— Я... яса-а-ма, калі маму... — Зубы яе стукалі аб шклянку.— Не пайду. Я... Я... яму свет закрыць...— Пеця! Скажыце вы яе бацьку: сам напаскудзіў — сам няхай адказвае, а не падстаўляе жонку. Звыклі на жонках выязджаць!Пятро крыкнуў праз сцяну:— Іван Дзямідавіч! Нікуды не звані пакуль што! Пачакаем. Грамыку знайшоў на гародзе, дзе калгасніцы садзілі памідоры.Той выслухаў і, гнеўна вылаяўшыся, адразу размашыста закрочыў праз гароды ў вёску.— Я загадаў яму: прынясеш грэчку ў праўленне, пакаешся, папросіш людзей, даруюць — будзем абараняць, калі і да следчага дойдзе... А ён, гад, жонку падстаўляе. Дурная авечка, Аксюта гэтая!Сцяпан Бандарэнка пад павеццю сек сухое ламачча: калі ў чалавека трывожна на душы, яму хочацца заняцца чымнебудзь. Убачыў іх — спалохаўся, застыў з паднятай сякерай. У яго не было і крупінкі той паважнасці і спакою, што ў жонкі. Ён увесь быў насцярожаны, якзагнаны заяц, таму і з выгляду мізэрны, варты жалю: худы, ажно жоўты, рэдкія рудаватыя валасы склеіліся на лбе, барада, шчокі непаголеныя, таму здаваліся бруднымі, сарочка падраная...— Ты што ж гэта, Залупей пракляты,— Грамыка назваў яго вулічнай мянушкай, мацюкнуўся.— На Аксюту рашыў зваліць? Колькі разоў валіў на яе свае грахі?— Не я!.. Сама... Яна крала! Я не краў! Няхай сама... У мяне жывот балеў!..— Сцяпан амаль істэрычна закрычаў.— Гадзіну назад ты маўчаў, як г... у рот набраўшы. А цяпер ты высветліў, хто краў? Я табе вылечу твой жывот!Вочы ў Панаса ўміг сталі страшныя, быццам зацягнула іх крывавымі бельмамі, і ён, як сляпы, са сціснутымі кулакамі пасунуўся да Сцяпана. Той адступіў на крок і вышэй узняў сякеру, пагрозліва загарадзіўся ёй.Пятро не на жарт спалохаўся і гатовы быў кінуцца, каб стрымаць старшыню. Да раптам Сцяпан шыбануў сякеру ўбок, тэатральна разарваў на жываце сарочку, завішчаў:— На, бі! Бі! Забі! Вам, парцейцам, усё можна! Грамыка, сунуўшы рукі ў кішэні штаноў — схаваў далейад граху, крутнуў убок — на выхад з-пад паветкі. Глуха сказаў:— Запомні, Сцяпан: пасадзяць Аксюту — я з цябе трыбуху выпушчу. Не пагляджу, што ты швагер мой. Зараз жа ідзі і зрабі так, як я сказаў. Пакуль не позна.I ўсё роўна Аксеня ўзяла віну на сябе.Час, калі ўсё пасеяна, але яшчэ нічога не вырасла, акрамя шчаўя на лузе,— самы цяжкі для вёскі нават у мірныя добрыя гады. А што казаць пра тую першую пасляваенную вясну! Аднак грэла сонца, зелянела зямля — і смяяліся дзеці, штовечар калыхалі наваколле песні. Сам вялікі аптыміст, Шапятовіч часам здзіўляўся працавітасці і бадзёрасці паўгалодных людзей. Толькі вучні часам наганялі смутак: праз кожныя тры— пяць мінут паднімалася рука, і то збянтэжаны, сарамлівы дзявочы голас, то знарокава грубаваты хлапечы прасіў: «Пятро Андрэевіч, дазвольце выйсці».