Трывожнае шчасце, частка 6
Ішлі доўга, павольна. Сядзелі на дарозе, чакалі. Сонца даўно схілілася з поўдня, наступаў адвячорак. А Саша не ішла. I трывогарасла, як снежны ком у гарах. Неспакой, мабыць, перадаўся і малой — яна пачала плакаць. О, як гэта пакутліва, калі на душы так трывожна, а тут яшчэ пачынае плакаць галоднае, зморанае на сонцы дзіця!Дайшоўшы да Панізоўя, Пятро з неймавернай цяжкасцю ўмаліў Ленку астацца ў настаўніцы іх школы, а сам ужо амаль бягом кінуўся далей па дарозе, па якой павінна вярнуцца жонка.Выбегшы з сасонніку, убачыў у полі, на пустой дарозе адзінокую постаць. Здалёк пазнаў — яна. Адразу адлягло ад сэрца. Нарэшце! Спыніўся, выцер пот. Але чаму Саша ідзе так павольна і як бы хістаецца? Так змарылася, гаротная. Хутчэй памагчы, забраць клунак!Пабег — і за якія пяць крокаў спыніўся, уражаны і спалоханы: Саша была без клунка і бледная-бледная. Думкі, адна страшнейшая за другую, бліснулі ў галаве.— Што з табой? Цябе ж пазнаць цяжка.Саша сумна ўсміхнулася, і гэтая, хоць і дзіўная, усмешка трохі супакоіла. Але здалося, што яна хоча сесці на траву. Ён падбег, падтрымаў. Яна прыпала тварам да пляча, горача дыхала ў шыю.— Што з табой?— Захварэла.— У дарозе? Што ў цябе баліць?— Нічога.— Заўсёды ты з загадкамі.Яна доўга не адказвала, потым прашаптала ціха-ціха, быццам баялася, што хтосьці чужы падслухае тут, у чыстым полі:— Не будзе ў нас дзіцяці... Пятро адхіснуўся.— Ты-ы?..Яна на міг зачырванелася.— Дурны! Што ты падумаў? Само. Ад недаядання, відаць. Ад стомленасці. Клунак цяжкі. Гэта цяпер так часта ў жанчын... Я ведаю. Мне не трэба было ісці. Сама вінаватая. Сядзем. Я паляжу трохі.— Табе блага?— Галава кружыцца.Пятро асцярожна памог ёй легчы на траву. Спалоханы, разгублены, ён не ведаў, чым дапамагчы яшчэ.— Што нам рабіць?— Ідзі папрасі ў Балотнага каня. Я схавала ў лесе клунак. Трэба забраць. Цяпер тым больш нам трэба ўсё, што сабрала Поля. Пакуль я ачуняю... З кім Ленка?..Учора Пятро пасмяяўся з Сашынага страху, які яна выказала, калі прыйшла гэтая павестка.— Ну і зайчыха ты стала, а яшчэ — партызанка. Мала чаго можа выклікаць пастаянны ўпаўнаважаны па сельсавету!— Упаўнаважаныя так не выклікаюць. Я не за сябе баюся. За людзей. Гэта — з-за Прышчэпы.Нагадала пра ўжо амаль забыты выпадак з інвалідам — і ў Пятра таксама з"явілася трывога. Але ён нічым не выдаў яе — смяяўся, жартаваў. Увечары, праўда, між іншым, запытаў у Бабкова: яго ў раён не выклікаюць? Не. Гэта зусім заспакоіла.Але калі сёння раніцою, праводзячы яго, Саша шэптам папрасіла:— Я адно прашу цябе: будзь разумны і... асцярожны...— і ў яе шырокіх вачах-азёрах, вельмі выразных на пабляднелым твары, калыхнуліся цені ўсё таго ж страху, ён, Пятро, таксама ўпершыню адчуў незразумелы страх і трошкі ўзлаваўся і на жонку, і на самога сябе.— Ты ўжо гатова сухары мне сушыць. Смешна, далібог. Чаго нам з табой баяцца цяпер? Нас цяпер да самай смерці ніхто не мае права ўпікнуць. Ні ў чым. Мы адваявалі як трэба і працуем — дай бог кожнаму.Можа, Саша зразумела, што і ў яго трывога на сэрцы, бо тут жа заспакоіла:— Не звяртай увагі на мяне. Відаць, ад хваробы я стала такая... Трошкі, можа, ад таго, што чамусьці не люблю гэтага чалавека.— У кожнага — свае абавязкі. Ты лепш не тупай. Навошта ты паднялася? Паляжы яшчэ.— Я паляжу...Пятро ішоў міма зялёных пералескаў, міма палеткаў першых усходаў ярыны. Свяціла сонца. Ласкава дыхаў ужо па-летняму цёплы вецярок. Звінелі ў небе жаваранкі...