Трывожнае шчасце, частка 6
— Ніхто не будзе званіць, Андрэевіч. Не бойся. Не думай, што людзі не разумеюць. Ды ім самім Бог — для прыліку. Хіба такія, як цешча мая, шчыра вераць? А так... Чуў, што Лізавета казала? Алехочацца людзям, каб хоць адзін дзень мець свята...— Будзе Першамай.— Мы з табой і на Першамай не дамо пагуляць. Аб"явім рабочым днём...— Аб"явім, а выконваць будзем, як сёння. Чаго варта пастанова, за якую прагаласавалі? Ніводнага чалавека на полі...— Хаця б коней куды загнаў далей ад дарогі,— нечакана падтрымаў Бабкоу.— Паедзе хто з раёна — адразу ўбачыць, што ў полі нікога...Грамыка неяк дзіўна ўсміхнуўся, крутнуў галавой.— Ох, умеем мы ад саміх сябе хавацца! Коням таксама трэба хоць адзін дзень свята, яны з пастронкаў не вылазяць.Пятро зразумеў, што першай фразай Грамыка адказаў не Бабкову, а яму — на яго ваганні, на яго спробу прыкрыць слоўнай заслонай згоду паабедаць. Гэта кранула за жывое. Што цяпер лепш — катэгарычна адмовіцца ці рашуча згадзіцца? Тое, што хітрун гэты бачыць, як кажуць, наскрозь і глыбей, чытае нават тыя думкі, якія сапраўды часам сам ад сябе хаваеш ці, ва ўсякім разе, не адразу даеш ім права ўплываць на рашэнні,— прымусіла адкінуць прэч усялякую дыпламатыю і агаворкі:— Пайшлі. Было не было. Бюро нам усё адно не мінуць. Не за гэта, дык за другое.Пятра бянтэжыла, што дома ў Грамыкі сямідзесяцігадовая цешча, якая, чаго добрага, яшчэ пачне «хрыстосавацца», і дзеці — школьнікі, сын і дачка. Але Панас і жонка яго Гаша, увішная і па-сялянску вельмі практычная, усё прадугледзелі: ні старой, ні дзяцей у хаце не было. Але былі ўжо там Саша з Ленкай і жонка Бабкова з сынам ад першага мужа, што загінуў у партызанах, у атрадзе Івана Дзямідавіча.Жанчыны памагалі гаспадыні збіраць на стол, хоць там стаяла ўжо столькі смакаты, што ў галоднага Шапятовіча ажно заныла ў жываце. Хутчэй бы за стол!Ды раптам на вуліцы загурчаў матор, фыркнуў, чмыхнуў, заглух. Каля хаты спыніўся «віліс».— Анісімаў!На нейкі момант усе яны — і мужчыны і жанчыны — анямелі, застылі ў недарэчных паставах, магчыма, у больш ненатуральных і смешных, чым гараднічы, яго сям"я і ўсё акружэнне ў фінале «Рэвізора». Ніхто не ведаў, што рабіць.Нарэшце Грамыка скамандаваў шэптам, як у начной атацы:— За мной! — I гэтак жа, як на фронце, прыгнуўшыся, шмыгнуўу дзверы.Бабкоў — за ім. Каманда і яе выкананне былі такія рашучыя, што Пятро таксама падначаліўся і выскачыў следам за імі ў недабудаваныя сенцы.За дзвярамі стаяла лесвіца на гарышча. Грамыка са спрытам ката, за два бясшумныя скокі, апынуўся там, у падстрэшшы сваёй новай хаты. Нязграбна палез па лесвіцы і Бабкоў, шэптам мацюкаючыся. I толькі тады Пятро зразумеў сэнс Панасавай каманды. I спыніўся... Гэтак ганебна, па-дзіцячы хавацца ад свайго сакратара райкома? Зрабілася і сорамна і крыўдна. Пятро з адчайнай рашучасцю выйшаў у двор. На фронце гэта называлася «прымаю агонь на сябе». Але там быў вораг. А тут... Угледзеў Анісімава — знікла рашучасць. Што сказаць? Выдаць іх, Бабкова і Грамыку? О не! Гэта была б здрада.Сакратар райкома стаяў каля «варот» — дзвюх жардзінак, што адгароджвалі вуліцу ад двара, уважліва разглядаў аснову будучых сапраўдных варот — свежаабчэсанае дубовае шула. Ён не спяшаўся заходзіць у хату, спакойна чакаў, што нехта выйдзе. Навошта няпрошаным госцем урывацца ў чужую хату? Але калі ўбачыў Шапятовіча, то адразу страціў свой спакой. Натапырыўся, зрабіў крок наперад і застыў у такой паставе, быццам падрыхтаваўся для ўдару; сашчапіў пальцы рук і выкручваў так, што трашчалі суставы. Усе ў раёне ведалі гэты анісімаўскі жэст і жартавалі: «Ломіць пальцы — чакай буры».