Трывожнае шчасце, частка 6
— Забываю не!— О «не» мае мілае! Дай я пабусяю цябе яшчэ разок. Будзь разумненькая, слаўная, і я прынясу табе ад цёці Полі ўсяго-ўсяго смачнага-смачнага.— I сыру?— I сыру, і яек, і мёду. Пайду да дзядзькі Пімена і папрашу хоць чарачку мёду.— Ведаю. Гэта што пчолкі прыносяць.— Усё ты ведаеш з кніжак ды казак. Пеця! У сельсавеце не сядзі. А то будзеш дзяўчатам расказваць міфы свае... і забудзеш на дзіця.— Ну, так ужо я расказваю!— Увогуле ты любіш пакрасавацца перад бабамі. Ёсць у цябе такі грэх. Спачатку гэта мяне нават абражала.— Табе здавалася бог ведае што. Чаго мне красавацца перад імі? Патрэбны яны мне!— Ты — слаўны. Цяпер я веру табе. Вядзіце сябе тут добра. Не бойцеся за мяне. Хіба першы раз! Я заўтра пастараюся раней выйсці, каб раней прыйсці. У мяне ўсё-такі клунак будзе, і, думаю, нялёгкі.— Не вельмі нагружайся. Не блізкі свет. Мы будзем цябе сустракаць. У Панізоўі. Добра?— Далека не заходзьце. А то потым яе прыйдзецца несці. Стоміцца наша маленькая.— Я маленькая не. Я вялікая!— Вялікая, вялікая. О х, гэта мама! Не разумев, дзе малое, дзе вялікае.— Для мяне вы абое малыя. 1ду, а душа не на месцы.— А як жа ў партызанах? Хутка мы прызвычаіліся да мірнагажыцця. Да спакойнага. Каб заўсёды ўсе разам...— Пэўна, таму, што гэта — нармальны стан чалавека, яго шчасце. Не хочу я больш у партызаны! Не! Няхай будуць любыя цяжкасці — абы жыць вось так, разам. Але ж ад вас не адарвешся. Пайду. Дарога і праўда няблізкая...Упершыню, за паўгода, як вярнуўся з арміі, Пятро аддаў дачцэ ўвесь дзень. I ўпершыню адчуў, як гэта хораша — гуляць з дзіцем! Адключаешся ад усіх іншых сур"ёзных спраў і клопатаў. Быццам сам вяртаешся ў маленства, і цябе пачынае радаваць тое, чаго звычайна не прыкмячаеш, праходзіш міма,— божая кароўка, жоўты матыль, зялёны жук, кветка дзьмухаўца, смелы дзяцел, што заляцеў у парк і весела дзяўбе старую ліпу, пазірае ўніз і гарэзліва кідае амаль на галовы трэскі. Ленка пачынае расказваць пра нейкую «дымную птушку», якую яна з Танькай і Мішкам бачыла не то ўчора, не то немаведама калі, і птушка гэтая, упачатку, пакуль не распалілася дзіцячая фантазія,— жаўна, далей ператвараецца ў казачных не то жар-птушку, не то арла, які хацеў украсці Мішку і панесці далёка-далёка. I ён слухае гэтае няўмелае яшчэ фантазіраванне з захапленнем і замілаваннем. I яму хочацца, каб даччын галасок, як срэбны званочак, не сціхаў ні на хвіліну. Калі ён аставаўся з Ленкай дома, у змрочным пакоі, і быў заняты работай — гісторыяй, сшыткамі, канспектамі,— бясконцыя пытанні яе часам раздражнялі. А вось аддаўся ёй цалкам — і ўсё пачало радаваць, нават непаслухмянасць яе. Нямала з ёй клопату, але ўсё адно адпачываеш, бо сапраўдны адпачынак у чалавека тады, калі ёсць радасць. Калі вячэралі, разбілі гладыш з сыраквашай, якую Саша купіла ім,— галоўны іх харчовы запас. Дзе коратка, там і рвецца. I смешна і сумна. Але асабліва кранула, што «трагедыю» гэтую зразу мел а пяцігадовае дзіця і засмуткавала, нават заплакала.— Дзе мамка?— Нічога, гладыш разбіўся на шчасце, і мамка заўтра прыляціць, як пчолка, з багатым узяткам.А раніцою — як болевы прыступ — трывога за Сашу, нечаканая, незразумелая. Чаму? Што здарылася? Жанчына пайшла ў госці ў роднае сяло. Але так казаў розум, а сэрца... з сэрцам нельга зладзіць.Каб хоць Ленка была такая вясёлая, звонкая, як учора, а то таксама суцішылася, засумавала, раз-пораз пытала, калі прыйдзе мамка. Знікла радасць, пабляклі фарбы вясны. Пятро ледзь дачакаўся другой палавіны дня, калі па часе можна было ісці сустракаць Сашу.