Трывожнае шчасце, частка 6
— Пайшла ты са сваёй сястрой...— I мужчынскі бас так далека паслаў абедзвюх жанчын, што Шапятовіч войкнуў ад нечаканасці.— А пацалуй ты нам...Бабкоў схапіўся за жывот, скурчыўся ад смеху.— Во гэта даюць святыя людзі! Ну, цяпер я з іх выцягну пару кругленькіх.Мабыць, іх угледзелі, бо лаянка сціхла. Нешта грукнула, ляпнулі дзверы, пачуліся крокі ў сенцах. Не паспелі яны ўзысці на ганак — дзверы шырока адчыніліся, і поўная, але прывабная з твару кабета, апранутая проста, аднак па тым часе даволі нябедна і з густам, сустрэла іх ветлівай усмешкай:— Іван Дзямідавіч!.. Калі ласка... Заходзьце.— I, праводзячы ў хату нечаканых гасцей, прасіла прабачыць: — Толькі не прыбрана ў нас. Айцец Міканор з горада прыехаў пад раніцу, дык адпачываў усё яшчэ.Сапраўды, поп сядзеў на незасланым ложку і, чырванеючы ад натугі, нацягваў цесны бот. Нацягнуў — падняўся, расчасаў пяцярнёй чорную ўскудлачаную грыву і стаў падобны на старога рускага купца— у ботах, шырокіх нагавіцах, доўгай непадпяразанай белай кашулі. Але больш, чым па адзенні, падобны быў з твару: апухлы, пакамечаны, вочкі заплылі перапойнай цвіллю. Адразу відно, што служка Бога ніяк не праспіцца, не апрытомнее ад паслявелікоднага пахмелля.Бабкоў, весела паціраючы кантужаную руку, падміргнуў Пятру: бачыш, які праведнік?У сваю чаргу поп з пападдзёй таксама пачалі перагаворвацца паміж сабой мірганнем.Старшыня перахапіў гэтыя сігналы, уміг расшыфраваў іх.— Нічога не будзе, айцец Міканор! Мы людзі грэшныя, і са святымі за стол садзіцца нам нельга.— Іван Дзямідавіч, мы також людзі грэшныя, да прасціць нас Бог.— I поп размашыста перахрысціўся на кут, завешаны абразамі, перад якімі гарэлі дзве лампадкі.— А можа, возьмем па маленькай? Весялей справа пойдзе.Пятру чамусьці нясцерпна захацелася зарагатаць, але, разумеючы, што гэта непрыстойна, ён натужліва стрымліваўся. А тут яшчэ гэты чорт Бабкоў! Колькі Пятро працуе з ім разам, а не ведаў, што стары такі гумарыст.— У нас і так весела ідзе. Дзякуючы вашым малітвам. А малітвы вашы, між іншым, далека чуваць.Поп бліснуў на жонку позіркам-маланкай; каб позірк мог спапяліць, то ад пападдзі, напэўна, астаўся б адзін успамін. Яна запунсавелася, адступіла за шырмачку, якая адгароджвала тое месца хаты, што адводзілася пад кухню.Каб не пырснуць смехам, Пятро адвярнуўся і пачаў разглядаць абразы і ручнікі на іх з прыгожай вышыўкай.А Бабкоў тым часам вёў наступление на папа:— Агітаваць вас не трэба, айцец Міканор. Чалавек вы свядомы. Газеты чытаеце. Радыё слухаеце.— Іван Дзямідавіч кіўнуў на нямецкі прыёмнік, што стаяў на стале, пад абразамі.— Няма батарэй. Анямела маё радыё. Папрасіце Атрошчанку, каб прывёз.— Гэта мы зробім.— Бабкоў дастаў з кірзавай сумкі падпісны ліст, разгарнуў яго на стале, пасля выцягнуў бутэлечку з чарнілам, ручку.— Ітак... айцец Міканор. На богаўгодную справу. На аднаўленне ўсяго, што разбурылі праклятыя фашысты. Пазычым дзяржаве.Старшыня сельсавета памакнуў пяро і нацэліўся пісаць.Поп пачухаў патыліцу, пашкроб у барадзе. З-за шырмы зіркалі прыгожыя вочы пападдзі, зноў пасылалі нейкія сігналы, але расшыфраваць іх Пятро не мог, а Бабкоў утаропіўся ў чыстую паперуі цярпліва чакаў, магчыма, з своеасаблівай прымхлівасцю: як пачнецца — з лёгкай рукі ці не?— Канечно, на такое дзело... яно трэба... Не шкадуючы, канечно... I таму я так думаю...— Пятро ўбачыў, што пападдзя наказала з-за шырмы левую руку з усімі пяццю растапыранымі пальцамі і два пальцы на правай.— Нашай праслаўленай у подзвігах ратных дзяржаве і правіцельству, Богам ухваленаму... — Гэта ён сказаў урачыста, працягла, трохі нараспеў і, мабыць, зразумеўшы сігнал пападдзі, закончыў скорагаворачкай: — Рублікаў семсот, Іван Дзямідавіч...