Трывожнае шчасце, частка 6
— Чаму ж ты не запрасіла? Няўжо трэба ўзгадняць са мною? Думала, я буду супроць? Дзівачка ты.— Ен ласкава сцёр з яе лба кроплі вады.— Я запрашала. Аднекваецца. Пятро засмяяўся:— Інтэлігент! Цяжка яму засвоіць прывычкі ўпаўнаважаных, якія самі шукаюць, хто б іх накарміў і спаць паклаў.Саша затрымала яго руку і... пацалавала ў далоню. Пятра гэта расчуліла і збянтэжыла.— Ты — слаўны. Я люблю цябе.— Давай тваю цыратку. Пайду.— Не. Накінь шынель. Я збегаю да Грамыкаў, пазычу што-небудзь на вячэру.— Яна цяжка ўздыхнула.Выходзячы з Сашай з дому, Пятро нічога ўжо не адчуваў, акрамя новага прыліву пяшчоты да жонкі ды клопатаў шчырага гаспадара, якому ў нялёгкі час трэба прыняць госця. Нечаканы Сашын пацалунак, звыклыя словы прызнання, якія яны звычайна часта казалі адно аднаму ў ложку, але рэдка вось так, яе перажыванне, што няма чым чалавека пачаставаць,— усё гэта неяк адразу ўтаймаваларэўнасць, зрабіла яе смешнай, недарэчнай. Сапраўды, сталыя людзі з сур"ёзнымі поглядамі на жыццё, на сям"ю павінны саромецца такіх пачуццяў. Найлепшая зброя на гэтага «звера» — спакой, вытрымка. Не «заводзіць» сябе, не абражаць, не раз"ярываць чалавека, якога кахаеш так, што кожны яго неасцярожны ўчынак ці слова можа выклікаць тваю рэўнасць. Навучыцца кіраваць сваімі эмоцыямі!Пятро ішоў запрашаць госця, задаволены сабой, у добрым настроі.Калі Саша вярнулася з марлевым клуначкам у руках, муж сядзеў каля стала з дачкой на каленях, а госць хадзіў па пакоі. Новы пратэз, гумавы, неяк жаласна папіскваў. Сашу чамусьці балюча ўразіў гэты піск, нібы яна толькі цяпер даведалася, што сакратар райкома таксама інвалід, якіх так многа і за якіх так баліць яе сэрца. Ёй здалося, што Уладзімір Іванавіч нечым усхваляваны. I яна на міг насцярожана застыла, спалоханая: ці не сказаў якога глупства Пеця?— Калі ён яшчэ ў Булатава, паспрабуем нешта зрабіць. Праверым, што яму інкрымінуюць...— Гэта вы пра Запечку? — здагадалася Саша, кладучы пакунак на паліцу.Малая саскочыла з бацькавых каленяў, кінулася да маці:— Мама! Што ты прынесла? Яйкі? Я хачу яйка.Саша падхапіла яе на рукі, высока падняла, пасадзіла на печ.— Цішэй, Лянок. Ты замінаеш дзядзю.— I да Лялькевіча: — Уладзімір Іванавіч, паверце мне, я лячыла яго, не мог Андрэй Запечка нічога дрэннага сказаць. Бываюць балбатуны, як...— I асеклася.— Прабачце, не буду называць ніякіх прозвішчаў. Ёсць, што п"яныя могуць ляпнуць усялякае глупства. Запечка не такі. I не піў. I ўвогуле не мог ён... Жонка яго расказвала: зямлю цалаваў, калі вярнуўся.— У Сашы заблішчалі ў вачах слёзы.— Я веру вам, Аляксандра Фёдараўна. Але баюся, што нічога зрабіць не здолеем.— Прабачце, Уладзімір Іванавіч, але я гэтага не магу зразумець. Я, канечне, малады камуніст, палітычна малаадукаваны. Але ўсё-такі я чытаў Леніна, праграму, статут... I разумею так: мы кіруючая партыя. Цэнтральны Камітэт кіруе ўсім, ажыццяўляе кантроль над усімі органамі, у тым ліку і над... гэтымі. А ў раёне хто павінен сачыць? Вы — райком. Для мяне вы — найвышэйшы аўтарытэт, я вас выбіраў. Ды і не толькі для мяне, камуніста,— для кожнага чалавека, партыйнага і беспартыйнага. Я, Уладзімір Іванавіч, сказаў вам пра гэта не як госцю. Не проста так. Я ўчора знарок хадзіў да вас, але нікога не застаў — ні Анісімава, ні вас. Я звяртаюся да сакратарарайкома. Вы, канечне, прабачце, што я так: паклікаў у госці і пачаў вось з такога «пачастунку»...