Трывожнае шчасце, частка 6
Гэта ўразіла яго яшчэ больш.Уласна кажучы, не сама трагедыя, а Сашыны словы вярталі да думак пра Медэю, пра таямніцы жаночай душы. I яму палюбіўся гэты роздум пра тое, што, магчыма, недзе з некім і здарылася тры тысячы год назад. Тры тысячы!.. Такая даўнасць неяк хораша адводзіць думкі ад надзённасці: пачынаеш забываць няшчырасць настаўніц, уласнае адчуванне голаду, пра сход у Панізоўі, які трэба заўтра правееці,— збяруцца людзі ці не?.. Але нішто не скарачала час, урокі цягнуліся як ніколі доўга. I, як ніколі раней, Пятро ўзрадаваўся, калі яны нарэшце скончыліся. Рушыў быў дадому. Але ў акне сельсавета ўбачыў адзінокую постаць Бабкова і павярнуў туды.Іван Дзямідавіч сустрэў словамі:— Хрыстос уваскрос, ліха на яго, а нам з табой клопат: чуе мае сэрца — не робяць нідзе. Бачыш? — Ен паказаў праз другое акно за раку.— У Грамыкі ўсе коні на лузе гуляюць. Хаця б загнаў куды ў кусты. Наскочыць Анісімаў — не мінуць нам бюро. Трэба, Андрэевіч, узяць нам каня ў гэтага куркуля ды паехаць па калгасах.Пятро ўзлаваўся — незразумела чаму:— Ды ну яго к чорту! Што дасць наша паездка? Калі не выйшлі з раніцы, то хто пойдзе цяпер, пасярод дня? Няўжо ты думаеш, што можна адным махам скончыць з верай?Бабкоў уздыхнуў:— Вайна і тут шкоды нарабіла. Да вайны мы ў любое папоўскае свята нядзельнікі рабілі. Усе выходзілі — ад малога да старога.Пятро не вельмі паверыў у гэта, бо даўно ўжо прыкмеціў, штостаршыня сельсавета, як ніхто іншы, шчыра перакананы, што да вайны ўсё было лепшае: партработа, гандаль, антырэлігійная прапаганда, нават людзі былі лепшыя, а цяпер — усё не так, усё папсавана вайной, і людзі ў тым ліку. Гэтую яго рысу Саша неяк растлумачыла проста і па-жаночы мудра:— Да вайны чалавек меў шчасце, сям"ю. А цяпер што ў яго асталося? Адны ўспаміны.Сапраўды, Бабкоў жыў успамінамі. Мабыць, адчуўшы, што Пятро сумняваецца ў верагоднасці яго слоў, стары пачаў горача расказваць, як яны працавалі да вайны і як усё хораша ішло — як па масле.Пятра пачало раздражняць бабкоўскае захапленне ўсім даваенным, гэтак жа, як раздражняла ханжаства настаўніц. Ён знарок, на злосць старому, пачаў пярэчыць: усё было зусім не так. Бабкоў узлаваўся. I яны трохі не пасварыліся. Перашкодзіў Грамыка. Прыйшоў вясёлы, з хітрымі смяшынкамі ў вачах і запрасіў іх да сябе на абед.— Пайшлі, хлопцы, пацешым душу на бабскае свята. Наямося да новага ўраджаю. Цешча бычка зарэзала. Ну, і ўсё другое, як мае быць на Вялікдзень. Нават пляшку недзе дасталі, чортавы бабы, неразліўной, чыстай маскоўскай.Бабкоў адразу згадзіўся.Пятра гэта здзівіла і ўзлавала. Ён добра ведаў слабасць старога: чарка для яго — адзіная і наймацнейшая спакуса. I, аднак, трэба ж мець нейкі прынцып! Толькі што рваўся ў калгасы, баяўся Анісімава, і вось — ураз пра ўсё забыўся. У яго, Пятра, ад напамінкаў пра мяса і яйкі таксама забурчала ў жываце і пагнала сліну. Але ўсё-такі нельга забывацца, што ты не проста настаўнік, а партыйны кіраўнік, выхавацель і дзяцей і дарослых. Што яны падумаюць?— Падвядзеш ты, Панас, пад манастыр і нас і сябе. Раззвоняць: камуністы Вялікдзень спраўлялі. Крый божа, дойдзе да Анісімава... ён з нас спусціць стружку.Казаў, а на душы было пагана, бо адчуваў, што словы яго ня-цвёрдыя: урэшце і ён не вытрывае перад такой спакусай — гэтак паабедаць! Таму выходзіць, што ўшчувае ён няшчыра — ці то каб паказаць сябе перад таварышамі па рабоце лепшым за іх, ці то — каб застрахавацца на ўсякі выпадак. Хіба гэта не такое ж ханжаства, як у тых настаўніц? Хіба не лепш згадзіцца адразу, як Бабкоў? Усё адно недзе трэба есці, не галадаць жа ў знак пратэсту супроць Вялікадня.