Трывожнае шчасце, частка 6
— А на колькі трэба?— Колькі можаце.— Я магу, колькі хочаце. Дзвесце, пяцьсот, тысячу...— Дзе ты возьмеш тысячы гэтыя? — хмура спытаў Бабкоў.— Іван Дзямідавіч! — пляснула жанчына ў далоні.— Ды няўжо ж вы думаеце, што я заўсёды такая бедная буду? Я разбагацець хачу!Пятро пахваліў яе, калі выйшлі:— Каб усе такія былі.Бабкоў усміхнуўся яму, як блазнюку:— А карысць якая? Стары Пракоп Нізавец, які так адмаўляўся, свае пяцьдзесят рублёў сам прынясе, бо ведае: падпісаўся — плаці. А ў гэтай балаболкі што ты возьмеш? Ды ў яе ніколі капейкі за душой не было... I невядома, калі будзе...Пятро зразумеў, што праца іх, такая пакутлівая, напалавіну марная. А каб мець хоць які вынік, то калі не яму, дык Бабкову, актыву прыйдзецца не раз яшчэ рабіць вось такі падворны абход і размаўляць, магчыма, не так далікатна, а больш катэгарычна: падпісаўся — плаці.На змярканні, гадзіны праз чатыры абходу, Пятро адчуў сябе такім спустошаным, змарнелым, што пачаў з жахам думаць, што трэба яшчэ заходзіць да некага ў хату, а яшчэ горш — лезці ў зямлянку, бачыць галодныя позіркі дзяцей, выслухоўваць скаргі жанчын... А пасля ўсяго гэтага ўпрошваць падпісацца на пазыку. Адчуваў ён сябе, мабыць, горш, чым Бабкоў. Той неяк пачаў патроху «зараджацца». А Пятро больш не вытрываў:— Хопіць, Іван Дзямідавіч. Не магу. Стары зразумеў.— Ды і хопіць. Але зойдзем вось да апошняга — да Прышчэпы. Крыкун. Чортаў сын. Але жыве нішто, пчол мае. I на яго як калі які вецер падзьме.Зайшлі.Рыгор Прышчэпа сустрэў іх даволі непрыветліва — у дрэнным настроі быў чалавек. Мала што магло здарыцца перад іх прыходам: пасварыўся з жонкай, з суседам... А можа, і больш сур"ёзная прычына была: балела рука — тая, якую санітар закапаў недзе ў польскай зямлі, каля Віслы, і якой так не хапала яму цяпер, у гэтую першую мірную вясну, калі трэба араць і сеяць.У саміх іх — у Шапятовіча і Бабкова — настрой быў не лепшы, а таму самае разумнае для іх было — трымацца добрай мудрай парады: не чапай, не лезь у душу, пакінь чалавека ў спакоі, калі яму свет белы не мілы. Дык не ж — і яны «завяліся», як бяздумныя машыны.Прышчэпа адразу адсек, з першых слоў:— Капейкі не дам!Ьс здзівіла і абурыла: чаму такая катэгарычнасць? Табе ж памагаюць. Бабкоў проста так і сказаў. Атрымалася груба — нібы пагроза: як ты да нас, так і мы да цябе; не падпішашся на пазыку — не спадзявайся на дапамогу. Гэта яшчэ больш узлавала інваліда:— Па вашай помашчы даўно б ногі працягнуў!Пятро паспрабаваў змякчыць, падвесці спакваля, дыпламатычна:— Мы вас не прымушаем. Добрая воля кожнага. Але скажу шчыра, Рыгор Макаравіч, здзіўляе нас: вы, салдат, герой, жыцця не шкадавалі за Радзіму, кроў пралілі,— раптам як адсталы які-небудзь элемент... У той час, калі ўвесь народ... Успомніце, што сказаў перад выбаршчыкамі правадыр наш...Можа, не варта было нагадваць яму пра кроў, якую ён праліў... А лепш за ўсё — трэба было ветліва развітацца і пайсці, раз чалавек у такім узбуджаным стане, такі нервовы.Прышчэпа «ўзарваўся» і... страціў кантроль над сваімі словамі:— Пайшлі вы... са сваім правадыром!..Шапятовіч і Бабкоў на міг аслупянелі. Не былі яны дагматыкі, жылі з народам і чулі шмат што — незадавальненне, скаргі... Але такое... Каб хтось замахнуўся на яго!.. Не! Ніхто ніколі!— Цыц, сукін сын! Ты на каго так, недабіты ты фашыст? На каго? — закрычаў Бабкоў, і Пятро не паспеў угледзець, як яны счапіліся загрудкі, два інваліды, партызан і франтавік.