Трывожнае шчасце, частка 6
Гаварыў Лялькевіч ціха, павольна; калі не глядзець на яго, то магло б здацца — нехаця. Але на твары адбіваліся тая ўнутраная напружанасць і хваляванне, якія прымушаюць слухаць чалавека з асаблівай увагай. Так слухалі яго Пятро і Саша. Нават маленькая Ленка сцішылася і глядзела на дзядзьку як заварожаная.Даверлівасць і шчырасць, з якімі сакратар райкома выказваў думкі, якія не кожнаму можна сказаць, радавалі Пятра. Але ў той жа час чамусьці рабілася крыху балюча і непрыемна, як некалі адвыказвання Панаса Грамыкі. Нягледзячы на ўсе нястачы, бюракратызм, грубасць, Пятру хацелася пасля такой вайны і такой перамогі бачыць толькі добрае, прыгожае, высокае і чыстае. Часам яму здава-лася: каб людзі знарок не вышуквалі благое, не выцягвалі яго на свет божы, то навокал было б больш светлага і ўсім лягчэй жылося б. Ці не таму ён так захапіўся старажытнасцю і міфамі? Прыгожае — у казнах. Ведаў, што гэта талстоўская філасофія: не праціўся злу — будзе дабро. Часта смяяўся сам са сваіх ружовых акуляраў, бо жыццё штодня разбівала іх і прымушала весці змаганне супроць зла. I ён любіў гэтую барацьбу, свой удзел у ёй.Адчуўшы ў Лялькевічу такога ж летуценніка і барацьбіта, Пятро захацеў, каб яны па-сапраўднаму пасябравалі, бо нішто так не збліжае людзей, як еднасць думак, поглядаў, імкненняў. Ён адказаў Лялькевічу такой жа шчырасцю — расказаў шмат з таго, што хвалявала яго асабіста і людзей, з якімі ён штодня сустракаецца ў школе, у калгасах. Ад споведзі такой зрабілася хораша на душы. I рэшту вечара Пятро прыгадваў розныя вясёлыя армейскія выпадкі, здзіўляючы Сашу сваёй дасціпнасцю.— Пятро Андрэевіч, раскажыце міф.Надзя-паштарка — дзяўчына рыжая, непрыгожая, але надзіва рамантычная, чуллівая. Неяк, седзячы ў сельсавеце без справы, Пятро расказваў ёй і Каці міф пра Нарцыса і быў уражаны, як слухала Надзя— як дзіця казку: дайшоў ён да смерці Нарцыса — і ў яе вачах заблішчалі слёзы. З таго дня Надзя часта прасіла расказаць міф. Пятру падабалася яе дзіцячае захапленне: расказваць такім слухачам— асалода. А галоўнае — расказваеш другім і надзвычай трывала запамінаеш сам. На ўсё жыццё. Любы экзамен пасля не страшны.Але што расказаць, каб было пад уласны настрой? А настрой у яго на рэдкасць узнёслы. Ці не расказаць што-небудзь пра гарэзу Эрота? Каця па гэтай часці адукавана больш чым трэба, яе любой быллю не збянтэжыш, не тое што казкай. А Надзя?.. Гэтая рыжая, мабыць, таксама штоноч сніць хлопцаў. Пятро падумаў, што ёй, непрыгожай, цяжка будзе знайсці сваё шчасце, і пашкадаваў дзяўчыну. I, невядома чаму, успомніўся паэтычны міф пра Дафну.— Апалон, бог паэзіі, музыкі, быў хлопец вясёлы, жыццярадасны. Да прыкладу, як я.— Вы часам бываеце, як хмара,— не згадзілася Надзя.— Будзеш крытыкаваць — не буду расказваць.— Не, не...— Але , як і кожнага смяротнага, аднойчы і бога напаткала гора. I вінаваты ў гэтым яго калега — юны бог кахання Эрот, сын Афрадыты.— Якую вы бачыце ў сне,— засмяялася Каця. Пятро адпарыраваў:— Той самы Эрот, малы шалапут, які даволі часта наведвае Кацю.Загадчыца хаты-чытальні зразумела намёк — зачырванелася.— Дык вось... Аднойчы Апалон убачыў Эрота. Малы нацягваў свой залаты лук. Апалон засмяяўся і сказаў яму: «Дзіцятка горкае, навошта ты цягаеш такую зброю? Не пад сілу гэта табе. Ці не ўздумаў ты спаборнічаць са мной? Ці не хочаш ты захапіць маю славу?»