Трывожнае шчасце, частка 6
Прапанаваў паехаць назад, дадому. Але падтрымаў яго адзін Грамыка: Бабкоў і Балотны, на здзіўленне яму, запярэчылі:— Пачакаем. Анісім любіць праводзіць бюро сярод ночы. Бабкоў яўна выпрабоўваў лёс: пранясе ці не пранясе навальніцунад яго сівой галавой? Наліха яму, каб кінулі пасля яшчэ адзін камень — уцёк ад бюро.Шапятовіч зноў пачаў званіць на кватэру Анісімаву, старшыні райвыканкома Лешчуку, Лялькевічу. Трэці раз.I на гэты раз Лялькевіч адказаў — толькі што вярнуўся з паездкі па раёне.Заікаючыся ад хвалявання — так «узвінціў» сябе абурэннем, Шапятовіч пачаў тлумачыць сакратару, чаму яны тры гадзіны сядзяць у райкоме.— Чакай, Пятро Андрэевіч, зараз сам прыйду. З"явіўся мінут праз пяць.Пятро ўбачыў яго, худога, у запыленых розных чаравіках: на здаровай назе навейшы, на пратэзе — стары, і чамусьці прыгадаў, як галодна ён каўтнуў сліну, калі Саша смажыла яечню. Таму, відаць, і пачаў з горкага прызнання:— Але, я быў галодны. I не хаваюся: ішоў да Панаса паабедаць. Дык што — распяць мяне трэба на крыжы за гэта, як Ісуса? А мне напляваць, што цешча яго верыць у Бога. Абы, не шкадуючы, дала сала і яйкі!..Лялькевіч не адразу зразумеў, што да чаго. Ведаючы Анісімава, ён здагадваўся, завошта той выклікаў іх сюды. Але Шапятовіч яўна пачаў не з таго.Грамыка, баючыся, мабыць, што мал ад ы і наіўны сакратар іх у запале раскрые, як яны хаваліся ад Анісімава, перапыніў Пятра:— Уладзімір Іванавіч, скажу праўду: я дык свядома даў адпачынак людзям і коням, бо ведаў, што больш патраціш энергіі, чым будзе тае працы ў такі дзень. Хіба так трэба змагацца з рэлігіяй?— Захапіў вас Анісімаў за сталом?Грамыка засмяяўся, па-змоўніцку міргануўшы Пятру:— Не, не захапіў. Але вам прызнаемся: збіраліся пакарыстацца набожнасцю маёй цешчы.Лялькевіч таксама засмяяўся:— Чэрці...I было гэта «чэрці» такое добрае, такое чалавечнае, што адразу ўсім стала хораша і весела.— Ну, вось што... Ганіце назад да цешчы. Я з Анісімам Пятровічам дамоўлюся. Але пастарайцеся, каб заўтра людзі былі ў полі. Хацеў я запрасіць вас на чай, але перадумаў: прыедзе Анісімаў — загляне і прыгадае вам Вялікдзень, сапсуе настрой. Ды ў цешчы,пэўна, ёсць штось больш істотнае за чай. А? У адказ яны ўсе чацвёра зарагаталі.Потым Пятро з раўнівай зайздрасцю падумаў, што, выходзіць, можна з людзьмі гутарыць вось так, як Лялькевіч, і яны, людзі, не зробяцца ад гэтага горшыя.У самую вялікую вёску — Панізоўе — пайшлі самі, Шапятовіч і Бабкоў. Веска цяжкая — бедная. Але ёсць у ёй такія «элементы», як называў іх Іван Дзямідавіч, на якія можна націснуць і падцягнуць падпіску, даць працэнты, а галоўнае — узяць наяўнымі, на што райком і райвыканком звярталі асаблівую ўвагу. Задание далі на сельсавет такое, што ўсе дваццаць чалавек, сабраныя на інструктаж, уздыхнулі, як у адны лёгкія, пачуўшы пра суму. Але толькі ў полі Бабкоў даў волю абурэнню і смачна праскланяў раённае начальства за такую бяздумную кантрольную лічбу.Адзін з «элементаў» — поп. Да яго першага і пайшлі. Зайшлі з тылу, ад рэчкі, праз гарод; Іван Дзямідавіч ведаў усе сцяжыны. I захапілі святога айца знянацку — у тую хвіліну, калі ён высвятляў свае, відаць, даволі складаныя адносіны з пападдзёй. З хаты, моцна струхлелай, недагледжанай, адразу відаць, што ў жыльцоў не свая яна — чужая, вылятала прыглушаная, але даволі гучная, каб пачуць у двары, лаянка. Ды такая!..