Глыбокая плынь, частка 3

Фашысты зноў адкаціліся.Тацяна, ускочыўшы ў акоп, начала перавязваць раненых. Але рукі яе нервова дрыжалі, перад вачыма плылі зялёныя кругі.«Ад бегу», — падумала яна.Над ёй нахіліўся Залескі і крыкнуў, сур"ёзна ці жартуючы — яна не зразумела:— А вы, Карпаўна, сумавалі па сапраўднай вайне. Вось яна, любуйцеся!Яе адказ заглушыла незнаёмае выццё над галавой. Яна выпрасталася, хацела паглядзець, але Залескі моцна пацягнуў яе за руку на дно акопа.— Лажыся! Міны! — крычаў ён.Ззаду грымнуў выбух. Хваля паветра шыбнула ў акоп зямлю, сухое галлё, лісце. Ад сасны адламалася вялікая галіна і павісла над галовамі.Выбухі грымелі адзін за адным. Няспынна сыпалася лісце і хвоя. Упалі дзве тонкія сасны, накрылі акоп.Захліпаліся нямецкія кулямёты. Цяпер іх было ўжо не два, а незлічоная колькасць. Білі яны трасёрамі, і каляровыя стужкі ўпіваліся ў пакалечанае цела сосен, у бруствер акопа.У лагеры загараліся зямлянкі. Едкі дым пачаў рэзаць вочы.Залескі доўга ўглядаўся туды, крыкнуў Алене:— Не разумею, чаму загараюцца зямлянкі. Глядзіце, адна за другой! А міны там амаль не падаюць. — I загадаў маладому партызану: — Паўзіка, братка, правер, што там такое.У гэты момант міна ўпала ў акоп, раніла двух чалавек.Тацяна кінулася да іх, зрабіла перавязку.«Баюся я ці не баюся?» — думала яна і паднімалася ва ўвесь рост. Ёй даўно хацелася выпрабаваць сябе, даведацца, як будзе паводзіць сябе ў баі. Гэта быў зручны момант. Але бой зусім не быў падобны на тыя баі, якія яна вяла ў сваім уяўленні. I роля яе ў гэтым баі была зусім іншая.Чаму так часта і балюча стукае сэрца? Усё яшчэ ад нядаўняга цяжкага бегу ці ўжо ад страху? Але ж яна зусім не думав аб смерці. Не, яна не баіцца.Большасць мін падала на краі балота, дзе быў з невялікай групай маладых партызан Іван Сумак.Залескі прапанаваў Тацяне схадзіць туды разам з ім.— Там у іх пекла. Як бы чаго не здарылася!Яна ахвотна згадзілася і першая шпарка пайшла па звілістаму акопу.А міны ўсё вылі і вылі, трушчылі дрэвы, ссякалі галлё, запальвалі зямлянкі.«Як гэта разумна зрабілі, што вырылі гэты акоп вакол усяго лагера», — падумала яна і ўспомніла, як многія партызаны, ды і сама яна, не разумелі, навошта гэта робіцпа, і не з ахвотаю пасля цяжкіх начных паходаў ішлі ўдзень капаць яго. Але Лясніцкі няўмольна патрабаваў гэтага.«Дзе яны — Павел Сцяпанавіч, Жэнька, Мікалай? Ці ведаюць яны аб нашым становішчы?..» Яна не скончыла думкі. Хваля гарачага паветра ўдарыла ў твар, збіла з ног. Але яна ўраз падхапілася, кінулася наперад і раптам адхіснулася назад, убачыўшы жудасны малюнак: разварочаны акоп, скалечаныя целы забітых, ручны кулямёт, чырвоныя карэнні сасны, якія спачатку здаліся ёй кавалкамі цела. Зрабілася млосна. Але яна пачула стогн, пазнала голас Машы і, перамагаючы раптоўную слабасць, кінулася да яе.Побач з Машай ляжаў забіты Іван Сумак. Трохі далей стагнаў другі паранены.Тоўстая галіна прыціснула яму нагу.Рыгор Пятровіч вызваліў раненага і, знясілены, упаў сам.Тацяна кінулася да яго. Але ў гэты момант змоўклі кулямёты, радзей пачалі біць мінамёты. Эсэсаўцы пайшлі ў трэцюю атаку.Залескі падхапіўся, кінуўся да ручнога кулямёта, з якога страляў Сумак.— Карпаўна, бярыце аўтамат. Падайце мне дыскі, — ён і ў баі быў ветлівым, спакойным настаўнікам.Тацяна ўзяла аўтамат і стала побач з ім.Галоўная група ўжо адбівала атаку. Эсэсаўцы ішлі там з галёканнем і крыкам, няспынна страляючы з аўтаматаў. Але на балоце яны доўга не падымаліся, магчыма, чакаючы вынікаў атакі ў лесе.