Глыбокая плынь, частка 3
Андрэй паглядзеў на гадзіннік. Да выбуху заставалася чатырнаццаць хвілін. Занадта многа! За гэты час яны могуць усе выйсці. Што рабіць? Ён падняў галаву і ўбачыў, што фон Адлер раптам крута павярнуўся да яго. Позіркі іх сустрэліся. Твар генерала ўраз зрабіўся шэрым, вочы драпежна загарэліся, задрыжала рука, якой ён моцна прыціскаў да вуха тэлефонную трубку.Чуццём разведчыка Андрэй адчуў, што фон Адлеру дакладваюць аб ім.«Прадаў хтось, — маланкаю бліснула думка. — Ухадзіць? Позна... Так, позна. Кінуцца, паваляць апарат, пашкодзяць механізм ці здагадаюцца...»Не зводзячы вачэй з генерала, вытрымліваючы яго праніклівы драпежны позірк, ён рукою намацаў на корпусе апарата сярод шматлікіх вінцікаў і шрубачак знаёмую кнопку, выцягнуў засцерагальнік.«Даруй, Насценька, што я схлусіў табе, што мы сустрэнемся сёння. Мы не сустрэнемся ніколі. Бывай, родная. Бывайце, таварышы... Павел Сцяпанавіч, Сяргей Фядотавіч. Бывай, мая Радзіма. Успамінай свайго вернага сына. Жадаю табе хуткай перамогі і шчасця», — і ён убачыў яе — Перамогу: залітая сонцам святочная Масква, мільёны людзей і сцягоў, Красная плошча.— Бывайце... — Андрэй не скончыў думкі.Фон Адлер адарваў ад вуха тэлефонную трубку, паказаў на яго:— Узяць яго! Андрэй усміхнуўся.— Позна, генерал! Апошні здымак, — і палец націснуў кнопку імгненнага дзеяння.— Выбух! — адначасова крыкнулі ўсе назіральнікі. Людзі ў лесе падхапіліся.Праз некалькі секунд дакаціўся глухі выбух. I следам за ім ударылі партызанскія гарматы, пасылаючы ў ворага апошнія снарады, застрачылі кулямёты, аўтаматы, вінтоўкі.Грымнула «ўра».Ударны атрад пайшоў на прарыў.Тыя, хто застаўся ў лесе, напружена чакалі. Страляніна і крыкі хутка аддаляліся.Нарэшце прагучала каманда і для раненых:— Упе-е-ерад!Жанчыны падхапілі насілкі, на якіх ляжала Насця. Алена нахілілася над ёй, правила па гарачым твары далоняй і ўзрушана крыкнула:— Крычы, Насценька, мілая, крычы! Так будзе лягчэй!— Хто мог прадаць Андрэя? Хто?Прыборны ўзрушана хадзіў каля дубовата пачарнеўшага бервяна, на якім моўчкі сядзелі Лясніцкі, Лубян і Паўленка. Камандзір брыгады ў час прарыву быў ранены ў рўку і цяпер трымаў яе ў шырокім вышываным ручніку, што вісеў у яго цераз шыю. Твар яго асунуўся, пацямнеў, зарос за час блакады густой барадою, але вочы ліхаманкава ззялі. Высокі, сутулы, ён рабіў крокаў дзесяць у адзін бок, спыняўся, хвіліну задуменна стаяў, потым нечакана, па-вайсковаму спрытна, паварочваўся і ішоў назад, цяжка, з хрыпам дыхаючы. Час ад часу здаровай рукой цёр лоб, кудлачыў валасы.— Хто мог прадаць Андрэя?Жэнька ўважліва сачыў за кожным рухам і адценнем твару камандзіра. Яму таксама не сядзелася на месцы.Толькі што дапыталі палонных немцаў. Некалькі раненых афіцэраў, цудам уцалеўшых, расказалі аб гераічнай смерці Андрэя. Палонны тэлефаніст удакладніў іх расказ, паведаміўшы змест тэлефоннай размовы паміж камандзірам шостай роты і нябожчыкам фон Адлерам. Камандзір роты далажыў генералу, што ад партызан прыплыў перабежчык і сцвярджае, што ў штабе экспедыцыі знаходзіцца вядомы савецкі разведчык. Ноччу ён наведаў лагер, і здраднік сам чуў, як ён на развітанне сказаў жонцы: «Іду здымаць фон Адлера».Пасля допыту адразу стала зразумела, што Андрэй загінуў у выніку здрады, і гэта страшэнна ўразіла ўсіх.Паўленка закрыў далонямі твар і сядзеў нерухома, як статуя.