Глыбокая плынь, частка 3
— А абысці яны нас не могуць, Мікалай Карпавіч?— Абысці? Не. Цяжка ім абысці. На Рудненскай дарозе таксама засада. Але там, чуеце, таксама ціха. У лес хай паспрабуюць пасунуцца. У балота не палезуць. Баяцца яны нашых лясоў і бал от, — ён хвіліну памаўчаў, потым дадаў: — Прасторны наш край, сябры! Добра ў ім біць ворагаў.— Балюча толькі, таварыш начштаба, бачыць такое, — Цімох Бураў паказаў на спаленую вёску. — Ажно сэрца крывёю захлынаецца. Ніколі гэтага нельга дараваць.— Мы і не даруем, — сказаў Мікалай. Партызан Прытыка нясмела спытаў:— А скажыце, таварыш камандзір, дойдзем мы да Германіі?— Абавязкова.— А так не можа быць, што... ну, здадуцца яны, міру папросяць, войскі свае адвядуць, як і ва ўсіх папярэдніх войнах было?— Ну не! Гэтага не будзе! — горача выгукнуў Цімох.— Так, гэтага не будзе. Вайна гэтая не надобна на ўсе папярэднія войны. Мы павінны знішчыць гітлераўскую дзяржаву, знішчыць гітлераўскую армію і яе кіраўнікоў. Разумееце? Разбурыць ненавісны «новы парадак» у Еўропе. На нас глядзіць увесь свет. Нас чакаюць прыгнечаныя народы... Мы павінны прынесці ім мір і шчасце.— А саюзнічкі нашы не могуць перашкодзіць нам? — хітра прыжмурыўшыся, спытаў Вася Плюшчай, брат камандзіра атрада. — Капіталісты з капіталістамі хутка дамаўляюцца, таварыш начштаба. Адна хеўра.Мікалай усміхнуўся. Размова падабалася яму. Слухачы былі цікаўныя і ўважлівыя.— Наогул, Вася, ты праў. Капіталісты ў любых абставінах застаюцца капіталістамі. Яшчэ Маркс сказаў, што гэта людзі без чэсці і сумлення. Але народ... Справа ў тым, што народ усюды абуджаны вайной. I ніякім капіталістам не спыніць яго паходу супроць фашызму. Усё будзе вырашаць народ...Іх размову перарваў далёкі гул матораў. Яны насцярожыліся, услухаліся.— Зноў ляцяць. Схаваемся ў кусты, каб яны не ўбачылі нас, — загадаў Мікалай.Самалёты ўжо неаднаразова за апошнія два дні бамбілі партызанскія пазіцыі, і партызаны звыкліся з імі. Але гул мацнеў, а самалёты не паказваліся.Мікалай, трохі здзіўлены, падняў бінокль. I раптам убачыў: на ўзгорак адзін за другім выпаўзлі чатыры чорныя страшыдлы. Яны на момант нібы спыніліся каля печаў, а потым хутка папаўзлі па схілу гародаў да кустоў, кіруючы на шлях.— Танкі! — гучна прашаптаў ён. I адразу ж каля яго апынуліся ўсе партызаны. Байцы не зводзілі з камандзіра вачэй, позіркамі пытаючыся, што рабіць. 3 танкамі яны сустракаліся ўпершыню, а ўсё незнаёмае заўсёды здаецца страшным. Мікалай заўважыў, як пабялелі твары гэтых, ужо не раз глядзеўшых у вочы смерці хлапцоў, а ў Цімоха прыкметна дрыжала ніжняя губа. Ды і ў самога яго непрыемны халадок прабег па спіне, але ён упэўнена сказаў:— Нічога, хлопцы! Танкі не страшней за самалёты. Дайце мне гранаты. I вунь кавалак тэлефоннага дроту.Ён хутка звязаў некалькі гранат разам.— Вось так звяжыце па некалькі букетаў. Хутчэй! Так! Канькоў і ты, Ваня, паўзіце вунь да тых кустоў. Астатнія застануцца са мной. Мы будзем біць з гарматы. Хутчэй, хлопцы!Танкі падышлі да алешніку і спыніліся, відаць, здзіўленыя маўчаннем партызан. Потым вежы іх брызганулі агнём. Грымнулі гарматныя стрэлы. Снарады выбухнулі ў алешніку.На ўзгорку з"явіліся карнікі. Затрашчалі аўтаматы. Шэра-зялёная лавіна шпарка кацілася па схілу ўніз.Танкі зніклі ў кустах. А праз хвіліну першы з іх з"явіўся на грэблі і імчаўся проста на гармату.Мікалай сам сеў за наводчыка.