Глыбокая плынь, частка 3

— Я не сцвярджаю, што ён здраднік. Але баязлівец — пэўна. Хварэе ад страху.— Ну і чорт з ім! Сярод нашых людзей адзін заяц панікі не зробіць. Не тыя людзі, Павел.Лясніцкі згадзіўся.— Гэта правільна. Людзі ў нас цудоўныя. Аднак нам з табой зараз, як ніколі, трэба быць пільнымі.— А для гэтага трэба быць разам.За час блакады яны сустракаліся толькі тады, калі была неабходнасць што-небудзь абмеркаваць. А звычайна знаходзіліся на розных участках абароны, у розных атрадах. Трэба было натхняць людзей, кіраваць абаронай, тым больш што ў пачатку блакады былі цяжка паранены два старыя камандзіры атрада — Жаўна і Плюшчай. Але ўрэшце Прыборнаму надакучыла гэта. Без Лясніцкага, разважлівага і настойлівага, ён адчуваў сябе неяк ні-якавата, не на месцы і не ў поўным сэнсе камандзірам. Камісар быў неабходны яму, як паветра і вада.Рэшту гэтага дня яны правялі разам. Пабылі ў атрадзе, агледзелі пазіцыі, праверылі раненых і хворых, падлічылі боеприпасы. Грунтоўна ўзважылі свае сілы. А калі сцямнела, прыйшлі на бераг і селі ў галлё паваленай снарадам сасны. Зверху накінулі трафейную плашч-палатку. Пасля доўгай спякоты ўвечары прашумела навальніца, а потым неба зацягнула хмарамі і пайшоў дробны і цёплы майскі дождж. Ен ласкава барабаніў па парусіне, шамацеў на рацэ.Паветра было насычана духмяным водарам смалы, пахам сухога лісця паваленых выбухамі дрэў, рачной твані.— Адзінае месца, дзе, здаецца, не пахне крывёю, — сказаў Прыборны.Лясніцкі не адказаў.Было спакойна. Зрэдку ляскалі стрэлы, ды раз-пораз згушчаную дажджом цемру ночы рвалі нямецкія ракеты. Дзесьці забрахаў сабака, заржаў конь. У адказ на гэтыя гукі роўнядзь ракі лізнуў кінжал пражэктара і некалькі хвілін асцярожна мацаў партызанскі бераг. Калі пражэктар патух, з другога берага даляцела п"яная песня.— Балююць, сволачы. Здорава яны сціснулі нас, — сказаў Прыборны.— Та-ак... I, відаць, нам трэба вырывацца ўласнымі сіламі.Прыборны ўздыхнуў.— Дзвесце чалавек раненых, столькі ж хворых. Па дваццаць патронаў і па дзве гранаты на здаровага байца. Паўсотня снарадаў на ўсю брыгаду.— Але і дапамогі чакаць рызыкоўна. Становішча наша не паляпшаецца. Калі яны пачнуць атакаваць нас з такім націскам, як у першыя дні, мы не вытрымаем. Будзем глядзець праўдзе ў вочы. Трэба прарывацца...— Куды? Дзе ў іх слабае месца? — разважаў Прыборны. — Ніколі яшчэ мы не былі такімі сляпымі. Ніводзін разведчык не вяртаецца. Няўжо ўсе загінулі? А ведаеш, усё можа быць. Гэты хітры д"ябал мог на дзесяць кіламетраў уніз варту паставіць на берагах. Стары шакал! Недаацанілі мы яго...— Але — душа з яго прэч! — нас ён не перахітруе! — Лясніцкі нервова зламаў тоўстую галіну, яна трэснула гучней за пісталетны стрэл, Прыборны ажно ўздрыгнуў ад нечаканасці. — Не нарадзіўся яшчэ той немец, якога рускі чалавек не перахітрыў бы.— У цябе ёсць план?— Будзе! Павінен быць. Будзем думаць. Паклічам камандзіраў і камісараў атрадаў, параімся з імі. Што-небудзь прыдумаем. Абавязкова прыдумаем. Махорачка яшчэ ёсць у цябе? Дай.Лясніцкі доўга думаў, глытаючы дым гнілой махоркі. Цяжкім каменем сціскаў сэрца боль за сяброў, якія загінулі, пакутуюць ад ран, за правал аперацыі.— Даведацца б, дзе затрымаўся Крушына... Прыборны ў адказ вылаяўся:— Халера яго ведае! Хоць бы людзей прыслаў для сувязі. Таго і глядзі блакаду прарве, а сувязнога ўсё-такі не прышле. Куркуль чортаў! Усё сам хоча зрабіць...