Глыбокая плынь, частка 3
— Я думаў, вы ў свінарнік залезлі, — такога шуму нарабілі. Вось, думаю, практычныя людзі, у першую чаргу аб кілбасах дбаюць, — рагатаў ён.«Што ж... узрост... Сапраўды, пара ў абоз», — думаў стары, слухаючы такія жарты.Але раніцою ў лагеры ён зноў адкінуў прэч такія думкі. Камандзір і камісар брыгады аб"явілі падзяку ўсяму атраду і асобна ім траім — Майбарадзе, Гнядкову і яму, Маеўскаму. I Карп падумаў: «Не, у абоз яшчэ рана. А здымаць вартавых трэба павучыцца. У нашай справе ўсё прыгадзіцца».XV Малады высокі дуб з густою шалкай галля і лісця стаяў на беразе Дняпра, на невялікім лугавым узгорку. Пад ім туліліся некалькі паўзасохлых арэхавых кустоў. А навокал рассцілаліся абшары заліўнога лугу, са шматлікімі ручаямі, азёрцамі і зараснікамі густога лазняку. I дуб стаяў, нібы вартавы гэтых абшараў, горда аглядаючыся навокал. Ззаду ў яго, за лугам, чарнела сцяна лесу, наперадзе — пясчаная каса, рака, а за ракою на высокім крутым беразе — будынкі рабочага пасёлка.Сонца паліла няшчадна, сушыла апошнія жнівеньскія травы. Над лугам плылі хвалі нагрэтага паветра і, здавалася, калыхалі лазнякі.На дубе, амаль на самай вяршыні, сядзеў Жэнька Лубян. На грудзях у яго вісеў бінокль, а на тоўстай галіне, пад рукой, ляжала новенькая снайперская вінтоўка з аптычным прыцэлам — падарунак Андрэя Буйскага, прывезены з Масквы. Хлопец не зводзіў вачэй з супрацьлеглага берага. Толькі зрэдку ён аглядаўся навокал. Але яго мала цікавілі постаці касцоў, што мільгалі пад лесам, паважныя буслы на скошанай пожні і адзінокі човен удалечыні на Дняпры.Шльней прыглядаўся ён да руху на тым беразе. Часта падносіў да вачэй бінокль. Але ўбачыўшы там нямецкага салдата, які прайшоў па вуліцы, сялянскі воз са збажыной ці дзяўчыну з вядром, расчаравана апускаў бінокль і выціраў рукавом з ілба пот.Сядзеў ён тут ужо другі дзень. У першы дзень, калі змеркла, спусціўся, пераначаваў у стозе сена, а на світанні зноў быў на дубе....За дзень да гэтага Люба, вярнуўшыся з чарговай разведкі, данесла: камендант раёна штурмфюрэр Койфер перанёс свой штаб на лесапілку і сам цяпер часта купаецца ў Дняпры або загарае на крышы склада. Не забыла яна, між іншым, успамянуць і аб гэтым дубку, хітра зірнуўшы на Лубяна. У партызанскага снайпера загарэліся вочы.— Пайду, — сказаў ён камісару, як толькі Люба скончыла дакладваць.— Далекавата. Я ведаю гэты дубок. Кіламетр, а то і з гакам, — усумніўся Лясніцкі. Але думка, падказаная Любай, была вельмі прывабная. За камендантам партызаны палявалі з самае вясны, але ахоўваў ён сябе вельмі пільна, асабліва пасля таго, як Першага мая Майбарада і Люба забілі ў яго на ганку вартавога і на даху дома павесілі чырвоны сцяг....Лубян цярпліва чакаў. Ён ведаў, што па загаду Койфера былі знішчаны сем"і, і рашыў не вяртацца, не адпомсціўшы.У двары лесапілкі, над абрывам, хадзіў вартавы і нікога не падпускаў да ракі. На крышы склада ляжала зялёная коўдра і белая падушка. Гэта давала падставы спадзявацца, што рана ці позна, а Койфер з"явіцца або на беразе, або на крышы.У Лубяна ўсё было падрыхтавана, вымерена. Праўда, восемсот пяцьдзесят метраў зашмат і для такога выдатнага снайпера, але ён, ведаючы гэта, ні на хвіліну не губляў веры ў сваю здольнасць.Час цягнуўся марудна.«Хутчэй бы гад гэты вылазіў, а то заўтра ў Рудні сход. Хлопцы будуць чакаць».Думкі плылі і плылі. Успомніўшы Буйскага, падумаў аб Маскве. Пашкадаваў, што да вайны ні разу не пабыў у сталіцы, а магчымасць была.