Глыбокая плынь, частка 3
Гэта добра разумела камандаванне брыгады і, каб не затрымліваць прылёт самалёта падрыхтоўкаЙ новай пляцоўкі, рашыла абараняць падрыхтаваную. Для гэтага трэба было не толькі адбіць нямецкі наступ (ён ужо быў спынены), але і разграміць наступаючыя часці, каб яны больш не адважыліся лезці ў гэты раён.Штаб брыгады знаходзіўся ў Межах. Немцы былі затрыманы кіламетраў за два ад вёскі на рэчцы Вуцянцы. Партызаны спалілі мост і паспяхова адбівалі ўсе спробы ворага пераправіцца на гэты бераг. Праўда, нельга сказаць, што спробы гэтыя былі вельмі актыўныя. Супроць партызанскай брыгады стаяў нейкі сапёрны батальён і паліцэйскія атрады. У батальёне была рота славакаў. На другую ноч славакі прыслалі свайго парламенцёра, які запэўніў, што большасць славацкіх салдат будзе страляць угору, а па магчымасці і ў спіны немцам. Значна большую небяспеку ўяўляла нямецкая чатырохгарматная батарэя, якая ў першы дзень абстраляла Межы і ўчыніла ў вёсцы пажар. Але яна існавала нядоўга. Уначы Жаўна з групай партызан свайго атрада прабраўся ў тыл ворага, перабіў батарэйцаў і папсаваў гарматы. Пасля гэтага вораг быў, па сутнасці, знясілены, і яго не цяжка было разграміць.Але раптам партызанскія разведчыкі прынеслі звестку аб з"яўленні ў раёне баёў батальёна эсэсаўцаў з танкамі, артылерыяй і мінамётамі.Батальён прыбыў раніцой і спыніўся ў вёсцы Лемяхі, кіламетраў за дванаццаць ад Межаў. Эсэсаўцы адразу пачалі рабаваць насельніцта, напіліся і чынілі гвалты. Па гэтых звестках было відно, што яны не вельмі спяшаюцца ў бой, відаць, упэўненыя, што партызаны нікуды не дзенуцца.Трэба было папярэдзіць іх. Прыборны, Лясніцкі і Мікалай Маеўскі хутка выпрацавалі план разгрому гэтага батальёна, а заадно з ім — сапёраў і паліцэйскіх.По гэтаму плану атрад Паўленкі павінен быў зрабіць трыццацікіламетровы абходны марш праз лясы і балоты, перасекшы шашу, падысці да Лемяхоў з боку прыдняпроўскіх лугоў і ўначы нечакана напасці на эсэсаўцаў. Кавалерыйскі атрад Жаўны таксама павінен зрабіць абходны манеўр і зайсці ў тыл немцам, якія стаялі на Вуцянцы. Атрады Кандыбы і Івана Плюшчая, пераправіўшыся цераз раку, павядуць наступление ў лоб. Час пачатку баявых дзеянняў быў вызначаны агульны для ўсіх атрадаў — дзве гадзіны ночы, каб наваліцца нечакана і адначасова з усіх бакоў.Сабралі камандзіраў і камісараў атрадаў, растлумачылі ім баявую задачу. У той час, калі праходзіла гэтая кароткая нарада, у пакой зайшоў радыст і падаў начальніку штаба радыёграму.Мікалай Маеўскі хутка расшыфраваў яе і, прыкметна ўсхваляваны, падняўся. Камандзіры глядзелі на яго з нецярпеннем і нават зайздрасцю, што ён першы чытае весткі з Масквы.— Таварышы! Масква пытае, ці можам мы прыняць самалёт сённяшняй ноччу.Усе ўзрушана падхапіліся, радасна загаманілі. Нехта нават крыкнуў «ура». Лясніцкі падняў руку.— Рана радавацца, таварышы. Трэба падумаць, што адказаць Маскве. Ці гатовы мы сапраўды прыняць самалёт?— Гатовы, Павел Сцяпанавіч! Шчо цэ вы! Гатовы, трасцу яго матары! — закрычаў Жаўна.— Самалёт сядзе, а эсэсаўцы ў гэты час танкі пусцяць, артылерыйскі абстрэл пачнуць. Пазіцыі іх недалёка, майЦе на ўвазе, — ён махнуў рукой у той бок, адкуль даляталі стрэлы.— То ж мы ад гэтых суччых сыноў мокрэ місто зробім, Павел Сцяпанавіч. Вы ж самі толькі што казалы, — не сунімаўся Жаўна.— Самалёт прыляціць, безумоўна, раней, чым мы нанясем удар.