Глыбокая плынь, частка 3

Прыборны ад радасці расцалаваў іх.— Вось жа праўду кажуць, не бывае гора без радасці. Ай да ночка, ночка цёмная, дажджлівая! Шчырае дзякуй табе, — узрадавана гаварыў ён. — Ну расказвай, расказвай. Што з Мікалаем?— Жыў, ачуняе, — Алена ўздыхнула, — але без ног. Ампутыравала я ногі яму.— Абедзве? — недарэчна спытаў Лясніцкі.Яна не адказала, і хвіліну цягнулася няёмкая цішыня.— Ну, што вы сціхлі, як пры нябожчыку! Жыць нельга без галавы, а без ног жыць можна. Будзе жыць. I змагацца будзе, — сурова сказала яна. — Тацяна там з ім асталася. Люба нас анайшла і аб усім расказала. Вось мы і паехалі. Ну, а ў вас як тут? Цяжка? Раненых многа?— Раненых многа. I цяжка было, вельмі цяжка. Але зараз — нічога. Сёння, Аленушка, мы — пераможцы, — таямніча прашаптаў Прыборны.Дзед Лаўрэн недаверліва і дакорліва паківаў галавой.Мацей Кулеш праклінаў свой лес. Нідзе яму неўдавалася схавацца ад смерці. Яна хадзіла за ім па пятах, знаходзіла ўсюды. Пасля смерці Койфера і знікнення Візэнера яму здалося, што, нарэшце, яна адстала, і ён, стаіўшыся, чакаў і надзвычай доўга ачуньваў ад лёгкай раны, якую ён атрымаў, калі вёў немцаў на Ласіны.А зімой перамаглі партызаны. Яны занялі цэлы раён, у тым ліку і Арэхаўку. Партызанскае камандаванне верыла яму, Мацею Куляшу, — ён жа зрабіў ім паслугу. Кулеш стаў сваім чалавекам у партызан. Праўда, трымаў сябе ён вельмі сціпла, непрыкметна, як звычайны селянін. Свае прыязныя пачуцці да партызан выказваў толькі надзейным людзям. Добра ён жыў гэтыя зімовыя месяцы! Упершыню за вайну ў яго былі дні, калі ён не думаў аб смерці і яна жудасным прывідам не вісела над ім. Цяпер яму хацелася пражыць так і да канца. О, Мацей Кулеш быў не дурань, ён ужо бачыў, якім будзе гэты канец. Сталінград і поспехі партызан адкрылі і яму вочы. I тады яго апанаваў яшчэ болыпы страх за свае жыццё.«Куды схавацца? Дзе перачакаць усё гэта?» — з жудасцю думаў ён.Калі вясною партызаны адступілі з Арэхаўкі, ён, прыкінуўшыся хворым, застаўся ў вёсцы, стаіўся, адрасціў бараду, ва ўсім дагаджаў жонцы, старанна працаваў у гаспадарцы і дапамагаў салдаткам. Але нечакана аднойчы ўвечары, калі ён вяртаўся з поля, яго спаткаў незнаемы чалавек з сінім тварам і загадаў з"явіцца ў камендатуру. Валасы сталі тырчка на галаве ў Куляша. Смерць зноў глянула ў вочы. У гэты час ужо дзейнічала карная экспедыцыя. Навокал гарэлі вёскі. Людзі ўцякалі ў лясы. I Кулеш не пайшоў у камендатуру. Некалькі дзён ён адзін, як галодны воўк, блукаў па лесе. Выпадкова яго сустрэлі знаёмыя партызаны, прапанавалі ісці з імі, і ў яго не хапіла мужнасці адмовіцца. Разам з імі ён трапіў у абкружэнне.Нідзе і ніколі яшчэ Мацей Кулеш не глядзеў так блізка ў твар смерці, як тут. Яна вісела над ім штохвілінна. I ён кідаўся ва ўсе бакі, як пацук у пастцы, ледзь не выў ад ясаху і грыз пальцы. О, ён усё зрабіў бы, каб ратаваць сваё жыццё! Але як ратаваць яго тут? Як? Перабегчы да немцаў? Але што сказаць ім, каб апраўдаць сваю сувязь з партызанамі? Трэба прынесці ім карысныя звесткі. Так, трэба адшукаць, падслухаць такія звесткі і прадаць іх за права існаваць на зямлі. Бо ўсё адно тут, у блакадзе, смерць, выйсця з гэтай пасткі няма. А там можна будзе паехаць з немцамі, уцячы, схавацца.I Кулеш пачаў хітрыць зноў. Калі пачалі захворваць, ён «захварэў» адзін з першых і цяжэй за ўсіх — стагнаў, поўзаў, корчыўся ад болю. Яму верылі і клапатліва лячылі, хавалі ад куль і камароў.