Глыбокая плынь, частка 3
— Павел Сцяпанавіч! Куды ж гэта вы? Што ж вы не паглядзелі майго сына, Андрэевага сына?Яна хутка паднялася, узяла яго на рукі.— Глядзіце, які ён, мой Андрэй. Дзіця заплакала.— Не плач, мой сыночак, не плач. Не будзем плакаць. Не трэба, сыначка. Ён загінуў, каб ратаваць нас, каб мы жылі. Не плач жа, не плач, мой маленькі Андрэйка.Ганна Кулеш палола грады і ціха спявала.Хораша было на душы ў яе — такая вось яснота, цяплынь і зелень, як і навокал. Не да твару сумаваць у такі час. Ды і што ёй сумаваць? Наадварот, радавацца трэба.Яна падняла галаву, запэцканымі ў зямлю рукамі паправіла пасмы валос, што выбіваліся з-пад хусткі.Паліла сонца. Гарачай парай дыхала зямля, нядаўна напоеная шчодрым дажджом. Плыло нагрэтае паветра, пахла старым папялішчам.Жанчына паглядзела на пачарнелую печ, на абгарэлыя яблыні і вішні і адвярнулася. Чаго гараваць па гэтым? Не ў аднае яе такое гора. 3 усяе вёскі нейкім цудам засталася толькі школа, а то ўсё спалілі праклятыя карнікі. Ды нічога, усё адбудуецца, каб толькі ўсе жывыя ды здаровыя былі. А ў яе сям"і, дзякуй Богу, усе здаровыя, ды і ў Арэхаўцы ўся гэтая навала абышлася шчасліва: нікога больш не забілі, не спалілі, як у іншых вёсках. Людзі перачакалі ўсё ў лесе і дачакаліся радасных звестак: пазаўчора з суседняй вёскі ім перадалі зачытаную, памятую партизанскую газету. У ёй пісалася аб разгроме карнікаў і аб забойстве галоўнага іх генерала, душагуба гэтага. Туды яму і дарога. А для людзей гэта быў самы радасны дзень. Усе выйшлі з лесу, вярнуліся на родныя папялішчы, і ніхто не плакаў, гледзячы на адны печы ды на абвугленыя дрэвы.Але асабіста для Ганны асабліва радасны дзень быў учора. Вёску наведаў з атрадам партызан-коннікаў Жэнька Лубян. Праязджаючы міма і ўбачыўшы яе на гародзе, ён саскочыў на хвілінку і весела сказаў:— Добры дзень, цётка Ганна! Прывет ад Мацея. Чакай хутка ў госці.Як радасна ў яе забілася сэрца! Нарэшце-то яе непуцёвы муж разам з усімі людзьмі, разам з Лясніцкім, з Жэнькам, з Маеўскім. Цяпер ужо ў яе не будзе ніякіх сумненняў. А то колькі пакутавала яна з-за яго паводзін! Невядома, чаму вярнуўся з арміі. I дома жыў не як усе: нечакана знікаў, нечакана з"яўляўся, прыносіў грошы, рэчы. А калі яна пачынала распытваць і адмаўлялася ад чужога дабра, злаваўся, лаяўся, нават спрабаваў біць. Страшныя думкі з"яўляліся тады ў яе. Праўда, у апошні час ён быў ціхі, пакорлівы і ласкавы, але ад гэтага не было лягчэй. А вось цяпер адразу стала на душы легка і ясна. Цяпер і яна можа ганарыцца сваім мужам і лічыць сябе салдаткай, як усе жанчыны.— Мамачка, што гэта ты задумалася? Глядзі, я перегнала цябе.Ганна схамянулася.Яе дачка Клава глядзела з суседняй градкі на маці і весела жмурылася.— Глядзела я, глядзела на цябе, мамачка.Ганна вінавата ўсміхнулася і начала палоць. Нельга марудзіць. I так, пакуль яны былі ў лесе, пустазелле заглушыла ўвесь гарод. «Трэба хоць тут навесці парадак, бо ў полі мала чаго пасеяна. Давядзецца жыць з гароду. Але і гэта нічога, вернуцца свае — не згінем. А што да зімы яны вернуцца — аб гэтым ужо ўпэўнена гавораць усе. Хутчэй бы надыходзіў канец гэтым пакутам. Досыць ужо нацярпеліся людзі...»У другі раз яе думкі перабіў пяцігадовы Дзяніска. Ён падбег і пацягнуў маці за спадніцу.— Ма, глядзі!Яна павярнулася. Ад рэчкі праз яе гарод ішоў чалавек у доўгім паліто. Ішоў ён не па мяжы, як ходзяць усе добрыя людзі, а наўпрасцяк, па пасевах, і ўжо гэтая акалічнасць спалохала Ганну.