Глыбокая плынь, частка 3
«Шмат чаго мы не разумелі ў мірны час. Часам за штодзённымі справамі самага галоўнага не бачылі і не адчувалі. Тады і не падумаў ні разу, каб без патрэбы ехаць у Маскву. А вось цяпер... Цяпер на крыллях паляцеў бы».Потым неяк непрыкметна пачаў думаць пра сябе. Думкі чапляліся адна за адну. Пачалося з успаміну аб сястры. Ён папракнуў сябе, што вельмі рэдка бачыць Ленку і ніколі не прылашчыў сіраціну. Колькі разоў яна падбягала да яго, радасна тулілася і пяшчотна зазірала ў вочы, часам ціха-ціха пытала:— Дзе ты быў, Жэнька? Раскажы мне.Ён ніколі нічога не расказваў ёй. Кожны раз горкі камяк слёз сціскаў яму горла, і ён, паклаўшы ёй на галоўку руку, доўга маўчаў, а потым, праглынуўшы слёзы, ціха гаварыў:— Ідзі гуляй, Ленка.Яна апускала галоўку і нехаця адыходзіла ад брата. А апошні час пачала падыходзіць усё радзей і радзей, і ён ужо з тыдзень наогул не бачыў яе. Слёзы затуманілі яму вочы, калі ён успомніў аб гэтым. Ён выцер іх брудным рукавом кашулі.«Добра, што хоць Алена і Тацяна даглядаюць яе, як родную. Добрыя яны... I ім добра. Жывуць дружнай сям"ёй... Маеўскія нават абедаюць разам, нібы дома. А я?.. Я чамусыц ў баку ад усіх. У баі разам з усімі, можа, нават уперадзе, у вёсках — сябра ўсім камсамольцам, а ў лагеры неяк адзін. Сястру і тую па тыдню не бачу. Нядобра гэта. Сакратар падпольнага райкома камсамола павінен быць душой усяму, а я з моладдзю толькі ў баі... Калектыў мастацкай самадзейнасці арганізавалі без мяне. Майбарада там заварочвае... Гэтага «аматара любоўных спраў», як называв яго Павел Сцяпанавіч, дзяўчаты абмываюць і абшываюць. Штодня падваратнічкі мяняе. А ў мяне паўгода ўжо насавой хустачкі няма», — ён горка ўсміхнуўся і пачырванеў, успомніўшы, як ён сам мые сабе бялізну, забіраючыся для гэтага ў патаемнае месца, у гушчар, і якія засціраныя, чорныя і парваныя ў яго споднікі.Яму стала горка за сябе. «Трэба будзе ў вёску да цёткі схадзіць — папрасіць пару бялізны». Потым ён успомніў Тацяну і цяжка ўздыхнуў.Аб Тацяне ён думаў часта, але баяўся свае незразумелыя пачуцці да яе назваць каханнем. Ды і як можна кахаць замужнюю жанчыну?«Глупства гэта ўсё, — трасянуў ён галавой, нібы хацеў вытрусіць з яе ўсе гэтыя надакучлівыя думкі. — Вось як знішчым фашыстаў, тады кахай, каго хочаш... А зараз не пра гэта трэба думаць».Жэнька зноў паглядзеў навокал. Касцоў пад лесам не было. «Відаць, селі абедаць», — мільганула думка, і ён таксама адчуў голад.Сонца было якраз на поўдні — высока стаяла над ракой і пякло так, што нават лісце было гарачае. Далека, у канцы пасёлка, дзе раней праплыў човен, цяпер купаліся дзеці.Жэнька пяшчотна ўсміхнуўся. «Як мірна навокал, нібы і няма яе, вайны...»Дастаў з кішэні скарынку хлеба і павольна, але апетытна пачаў есці, смаку ючы кожны ад кусаны кавалачак. Вельмі хацелася піць. «Вось дурны, што біклажку не ўзяў. Сядзі цяпер увесь день без вады».I раптам скарынка вывалілася ў яго з рук: на крышы склада паказалася постаць. Жэнька схапіў бінокль, але разгледзеўшы на немцу звычайную салдацкую форму, вылаяўся, пашкадаваўшы хлеба.Салдат падняў коўдру, вытрусіў яе, зноў старанна разаслаў і накрыў белай прасціною, якую прынёс з сабой. Безумоўна, пасцель рыхтавалася для Койфера. У снайпера моцна забілася сэрца.Хвалюючыся, ён дастаў памятую паперку, яшчэ раз праверыў разлікі розных паправак — у снайперскай справе ён быў надзвычай тонкі матэматык. Чыстай марлечкай старанна выцер шкло прыцэла, мушку. Праверыў прыцэл.