Глыбокая плынь, частка 3

Пусть ярость благородная Вскипает, как волна. Идет война народная, Священная война.У бледным святле двух ліхтароў дзівоснымі матылькамі кружыліся сняжынкі.I раптам песню перарваў гучны і радасны крык:— Ёсць, таварышы! Ёсць!.. Правільна гаварыў дзед! Хор змоўк.3 цемры ў паласу святла наперадзе хору выскачыў радыст Аляксей Ганчароў.— Вось яно, таварышы! Пачалося, — голас яго дрыжаў ад вялікай узрушанасці. — Вось... Слухайце. «У апошні час. Паспяховае наступление нашых войск у раёне горада Сталінграда».Людзі хіснуліся да яго, замерлі. А калі ён скончыў чытаць, узрушана загаманілі, засмяяліся. Але Майбарада скамандаваў хору, і ўсе іншыя гукі патанулі ў магутнай баявой песні, якая клікала на помету ворагу, натхняла на подзвігі.Калі песня скончылася, партызаны закрычалі:— У паход! У паход, таварышы!— Таварышы камандзіры! Наперад!— Сяргей Фядотавіч!— Вынасі камісара!..— Смерць фашысцкім гадам!На руках вынеслі з зямлянкі захутанага ў кажух Лясніцкага, на руках паднялі яго ўгору. I ён сказаў самую кароткую за ўсю сваю дзейнасць, але самую хвалюючую і змястоўную прамову:— Таварышы, пачалося вялікае наступление!Частка трэцяяЗіма сорак трэцяга года была зімой магутнага росту партызанскіх сіл, іх пераможнага наступу.Брыгада «Днепр» ачысціла ад немцаў вялікі раён, і атрады на працягу зімы размяшчаліся ў вёсках.Нядоўгі час штаб брыгады знаходзіўся ў Арэхаўцы, і Маеўскія жылі ў роднай вёсцы, у Любінай хаце. А насупроць у прасторнай хаце Лубяна размяшчаўся шпіталь, і гаспадынямі там былі Алена Рыгораўна і Ленка Лубян. Толькі Жэнька ні разу, мабыць, не паначаваў дома, бо ўвесь час быў на заданні.У партызанскі раён акуратна прыляталі самалёты з Вялікай зямлі. У атрадах частымі гасцямі сталі прадстаўнікі ЦК партыі і камсамола, журналісты і кінааператары. У студзені ў Маскву вылецеў Андрэй Буйскі і не вярнуўся назад, толькі з чарговым самалётам прыслаў лісты Насці і Лясніцкаму. Жонцы пісаў, каб не хвалявалася і верыла, што ён вернецца, а камісара брыгады прасіў не пакідаць Насці, дапамагчы ёй (у той час ужо ўсе ведалі аб яе цяжарнасці). У лютым выклікалі ў Маскву і Лясніцкага. Але ён неўзабаве вярнуўся назад, і з ім прыляцеў прадстаўнік Цэнтральнага штаба і прывёз партызанам узнагароды — ордэны і медалі. Уручэнне ўзнагарод праходзіла ўрачыста, у прысутнасці насельніцтва.Арэхаўцам узнагароды ўручалі ў роднай вёсцы. Жэнька Лубян, Алена Рыгораўна і Мікалай Маеўскі атрымалі ордэны Леніна, Люба і Насця — Чырвонага Сцяга, а Тацяна і бацька — Айчыннай вайны.Пакуль палкоўнік выклікаў іншых узнагароджаных, Тацяна радасна смяялася і апладзіравала разам з усімі. Асабліва ўзрадавалася, калі ордэн атрымаў Жэнька. Вось ён які, яе каханы! Мае аднолькавую ўзнагароду з камісарам і камандзірам брыгады! Тацяна не зводзіла з яго вачэй. Ёй хацелася позіркам павіншаваць яго. Але ён стаяў далека, другі з правага фланга, і не глядзеў у яе бок. Гэтая яго няўважлівасць крыху закранала яе дзявочы гонар. «Вось утаропіўся, як баран на новыя вароты. Галавы не можа павярнуць. Пачакай вось, я спытаю ў цябе...»А як прыгожа і ўрачыста было навокал! Яскрава свяціла сакавіцкае сонца. Са стрэх падалі буйныя кроплі і са звонам бітага шкла абсыпаліся намёрзлыя за ноч сасулькі. Гарэлі на сонцы чырвоныя стужкі на шапках у партызан. I ўсе шчасліва смяяліся і апладзіравалі.Але калі палкоўнік выгукнуў яе, Тацяна разгубілася ад нечаканасці і забыла, што трэба рабіць.