Глыбокая плынь, частка 3
Вось чаму камандаванне брыгады і вырашыла нанесці галоўны ўдар з гэтага боку. План быў просты, але ў гэтай прастаце і была яго сіла.Спрактыкаваныя пластуны павінны падпаўзці і без аднаго гуку зняць вартавых на мосце і каля казармы. Пасля гэтага, па сігналу пластуноў, атрад блакіруе казарму. За некалькі хвілін станцыя застанецца, па сутнасці, без аховы.Лясніцкі надзвычай старанна падбіраў людзей для выканання галоўнай задачи. На вучэбным насыпе вартавога лепш за ўсіх «здымаў» Майбарада — ён ні разу не «засыпаўся».— Чорт, а не чалавек! — з захапленнем гаварылі пра яго партызаны.Другім добрым пластуном аказаўся камандзір падрыўной групы Гнядкоў і трэцім, на адзіўленне і дакуку маладзейшым, — стары Маеўскі. Ён поўз «дублёрам» Гнядкова да казармы. Майбарада ад памочніка адмовіўся....Калі лінуў дождж, яны падняліся і пабеглі да чыгункі, упэўненыя, што дождж глушыць гукі іх крокаў.Маеўскі ледзь упраўляўся за сваім камандзірам.Карп ніколі не ведаў пачуцця страху, ніколі не думаў аб смерці, але заўсёды ўспамінаў аб сваім узросце і шкадаваў, што яму не дваццаць тры гады, як гэтаму зубаскалу Майбарадзе, і нават не сорак, як Гнядкову.Пад насыпам яны ляглі. Прыслухаліся і раптам пачулі крокі. Над іх галовамі па лініі да моста прайшлі, щха размаўляючы, два немцы.У Карпа трывожна забілася сэрца.«Усё праваліцца... Калі Майбарада ўжо зняў вартавога, яны выкрыюць яго».Крыўдна было. Успомніліся словы Паўла Сцяпанавіча: «Аперацыя будзе мець не толькі тактычнае, але і вялізнае палітыка-маральнае значэнне. Яна падыме навакольнае насельніцтва на яшчэ болып актыўную барацьбу. Нам пачнуць дапамагаць яшчэ больш. А фашысты па-сапраўднаму адчуюць партызанскую сілу».I раптам усё праваліцца. 3-за чаго? 3-за простай выпадковасці. Не, не павінна гэтага здарыцца!Ішлі мінуты.На мосце было ціха, толькі шумеў дождж. Але раптам зноў пачуліся крокі — гітлераўцы вярталіся назад.У старога нібы цяжкі камень зваліўся з сэрца. Гнядкоў шапнуў яму ў вуха:— Патрулі, аб якіх мы нічога не ведалі. А вартавога каля казармы, відаць, няма, інакш ён павінен быў гукнуць іх. Нам трэба зняць гэтых. Здолееш?Яны шэптам абмеркавалі план.— Да моста іх больш дапускаць нельга: там, напэўна, ужо Пятро стаіць.Яны ўспаўзлі на насып і, сціснуўшы ў руках нажы, ляглі на краі, каля самых шпал. Мінут праз пяць зноў пачуліся крокі і галасы. Карп зноў захваляваўся: ці зможа ён, ці хопіць сілы? Ад думкі такой зрабілася страшна, першы раз за ўвесь час, як ён у партизанах.Вось крокі і чужая гамонка ўжо над самай галавой.Гнядкоў штурхнуў у бок, і Карп, падхапіўшыся, зрабіў усё, што трэба і што рабіў не раз на вучэбным насыпе: схапіў гітлераўца за шыю, заціснуў рот, але той нечакана рвануўся і закрычаў нечалавечым голасам. На дапамогу падскочыў Гнядкоў, і праз момант усё было скончана. Але было ўжо позна. На станцыі загрымеў стрэл, падняў трывогу. Ракета прарэзала заслону дажджу, зашыпела ў вышыні і згасла. Заляскалі стрэлы.Карп зразумеў, што здарылася непапраўнае, але не разгубіўся.— Казарму... гранатамі! — крыкнуў ён Гнядкову і што ёсць сілы кінуўся да казармы, да якой было не больш пяцідзесяці крокаў.Там ужо чуліся крыкі; праз шчыліны дрэнна замаскіраваных акон прабівалася святло. Маеўскі кінуў гранату ў адну з гэтых светлавых шчылін. Выбух. У цемры вырваўся сноп яркага святла, праз расхінутае акно былі відны людзі. Карп кінуў другую гранату. Адчыніліся дзверы — туды трэцюю.