Глыбокая плынь, частка 3
Брыгада была абкружана, прыціснута да ракі. Завязаліся жорсткія баі.Партызаны займалі двухкіламетровую паласу ўздоўж Дняпра. На шчасце, участак гэты быў вельмі перасечаны, лясісты, што значна палягчала абарону і ўскладняла задачу карнікаў.Баі разгараліся з узрастаючым напружаннем. У першыя два дні немцы кідаліся ў шалёныя атакі, па пяць-шэсць разоў у дзень, але кожны раз ганебна каціліся назад, пакідаючы забітых. Зброя і боепрыпасы забітых, як толькі надыходзіла ноч, пераходзілі да партызан — іх сабіралі смельчакі-пластуны.Трэці дзень фон Адлер абстрэльваў партызан з артылерыі і бамбіў з самалётаў.А пад вечар гітлераўцы праз радыёрупары прапанавалі партызанам здацца, абяцалі дараваць усім жыццё. Ім адказаў Пятро МаЙбарада праз свой берасцяны рупар. Ён нагаварыў столькі «гарачых пажаданняў» фон Адлеру і Гітлеру, што фашысты адразу ж спынілі сваю прапаганду і пачалі страляніну, каб заглушыць яго словы.У наступныя дні фон Адлер зноў атакаваў з упартасцю вар"ята, нягледзячы на велізарныя страты ў часцях. Артылерыя і авіяцыя няспынна бамбілі бераг, скошваючы дрэвы і кусты. Здавалася, што пасля такога агню на гэтым невялічкім участку берага не павінна застацца жывой душы. Але як толькі эсэсаўцы падымаліся ў атаку і набліжаліся да партызанскіх акопаў, іх сустракаў смяротны лівень куль, мін, гранат і снарадаў. Фон Адлер шалеў ад злосці. Урэшце ён спыніў атакі — надта дорага яны каштавалі. Новы план яго заключаўся ў тым, каб працяглай блакадай і штодзённым сістэматычным артаб-стрэлам знясіліць партызан. Магчыма, узяць іх голадам. Ён добра ведаў, што, адступаючы, партызаны амаль не мелі ніякіх харчовых запасаў.Сапраўды, гэта было так. Таго, што выпадкова захавалася на абозных фурманках, ледзь хапіла на два дні. На чацвёрты дзень блакады Лясніцкі і Прыборны далі загад забіваць коней і карміць людзей канінай.Ад аднаго мяса, часам недаваранага, а часам папсаванага, бо надвор"е было гарачае, і ад нядобраякаснай вады многія захварэлі. I гэта дзейнічала на людзей горш за кулі і снарады. Партызаны пачалі прасіцца ісці на прарыў.Але камандзір і камісар брыгады разумелі, што ісці на прарыў, не разведаўшы абставін і сіл ворага, без падтрымкі, значыцца весці на верную смерць паўтары тысячы чалавек. Ды і штаб злучэння загадваў па радыё трымацца да падыходу атрадаў, якія ішлі на выручку дняпроўцам з двух бакоў і якія павінны былі адцягнуць галоўныя сілы карнікаў.Лясніцкі дзень і ноч хадзіў з атрада ў атрад, ад узвода да ўзвода і нястомна гутарыў з людзьмі, бадзёрыў іх.— Нічога, таварышы! Нашы каля Волгі трымаліся ў горшых умовах. Голая палоска ў якіх-небудзь шэсцьдзесят метраў. А ў нас — лес і такая шырыня. Выстаім! Аб нашым становішчы Масква ведае. Вось, напрыклад, сённяшняя радыёграма: «Трымайцеся, зробім усё неабходнае». I, безумоўна, зробяць. Там словы на вецер не пускаюць.Хадзіў ён па лагеры не адзін, а разам з Карпам Маеўскім і маленькім Віцем, які без Тацяны ні на крок не адыходзіў ад дзеда, адчуваючы ў ім клапатлівага і надзейнага абаронцу. I сапраўды хлопчыку было нядрэнна з імі. Ён не галадаў, як галадалі ўсе іншыя і ў тым ліку і дзеці (а іх было чалавек дзесяць у брыгадзе). У пярэдніх акопах у каго-небудзь з партызан знаходзілася для яго галета, ці плітка шакаладу, або кавалачак цукру — усё, што здабывалася ўначы з ранцаў забітых эсэсаўцаў.