Глыбокая плынь, частка 3

Да балота падбегла некалькі эсэсаўцаў. Спыніліся і пачалі страляць з аўтаматаў у чарот, у кусты. Але далей не пайшлі. Пастралялі, пастралялі і павярнулі назад, аб нечым лаючыся паміж сабой.Тацяна сціснула свой ручны кулямёт, прашаптала:— Трахнуць бы па іх зараз, Жэня. Ён штурхануў яе локцем.— Шш... Навошта рызыкаваць дарма? Ну, заб"ем якіх пяць, а яны потым нас... Тут ужо не схаваешся. А так мы будзем жыць і біць, біць і біць іх, Таня. Мы яшчэ з табой ці ж столькі іх знішчым! Ого-о! Цяпер мы з табой сто год пражывем, калі сённяшняе перажылі. Разумеет? — Ён павярнуў галаву, і яна ўбачыла на яго худым, брудным твары вясёлую гарэзную усмешку. Такую усмешку яна бачыла ў яго апошні раз зімою, калі яны сустрэліся ў лесе. I ёй таксама зрабілася радасна. Радасна ад таго, што яны перамаглі фашыстаў (яна толькі цяпер зразумела гэта), што выйшлі з бою жывымі — Жэнька і яна — і што ляжаць вось побач. I, магчыма, яшчэ ад таго, што за паўгода яна першы раз убачыла на яго твары знаёмую усмешку і зноў пазнала Жэньку Лубяна, свайго вясёлага, жартлівага, нястомнага на выдумкі школьнага сябра. I адразу ж неяк забылася тое вялікае сур"ёзнае пачуццё, якое прымусіла застацца ў небяспечную хвіліну з ім. Зноў захацелася пажартаваць, падражніцца, паспрачацца, як калісьці ў школе. Яна ціха засмяялася.— Чаго ты? — здзівіўся ён.— Вельмі ты прыгожы. Размаляваны, як індзеец.— Сажа, — сур"ёзна растлумачыў ён, і на твары яго зноў лёг цень удумлівай заклапочанасці.На ўзлесак зноў выйшлі гітлераўцы. Зноў «прачасалі»балота.— Наце, выкусіце, гады! Злавіце вецер у полі!— Ну, зараз яны драпануць з лесу, — сказаў Жэнька. I сапраўды, нібы ў адказ на яго словы, каля рэчкі ўзляцела ўгору зялёная ракета і пачулася гучная нямецкая каманда. Эсэсаўцы спяшаліся да наступления ночы пакінуць лес.На змярканні выйшлі з балота Жэнька і Тацяна, моўчкі пахадзілі па лагеру, паглядзелі на вогнішчы, паўздыхалі, успомніўшы, якія яны былі ўтульныя, іх зямлянкі, нібы родны дом. Паспрабавалі палічыць крывяныя плямы на зямлі, але хутка збіліся з ліку.— Бач, сволачы, усіх забітых забралі. Ну, усё адно не вынесці ім іх з нашага лесу. Павел Сцяпанавіч блізка ўжо з атрадам. Дорага ім будзе каштаваць наш лагер. А што захапілі? Папялішчы. Праўда, і нам цяжка будзе. Столькі боепрыпасаў загінула... Але нічога... Сёння самалёт прыляціць з Масквы. Таня! Я і забыў зусім. Пайшлі хутчэй! Трэба абавязкова трапіць на сустрэчу яго. Гэта ж проста свята. Аднак дзянёчак сёння! — ён падняўся (яны сядзелі каля агню), але, аб нечым успомніўшы, сеў назад.— Таня, перавяжы мне нагу. Разумеет, асколак міны дзюбнуў, калі я да вас поўз. Халяву прабіў. Я яго сам дастаў. Тады не балела, а цяпер чамусьці разбалелася.Яна пачала рабіць перавязку.Рана была неглыбокая, але ўжо забруджаная. У бот нацякла кроў, запяклася. Склеіліся штаны і анучы. Тацяна разрэзала бот, старанна прамыла рану спіртам, заліла ёдам. Рабіла ўсё гэта яна не спяшаючыся. Упершыню ёй было прыемна рабіць перавязку.Новае пачуццё, не такое суровае і глыбокае, як тое, што прымусіла яе застацца з ім, але і не такое гарэзнае, якое яна адчула на балоце, ахапіла яе. Гэта было пачуццё гарачай пяшчоты да Жэнькі, адчуванне яго блізасці і замілаванне ім. Вельмі хацелася прытуліць яго да грудзей, прылашчыць, прыгрэць. А потым сядзець вось так усю ноч, глядзець на гэтыя дзівосныя чырвоныя агні навокал, слухаць трывожны стогн пакалечаных сосен, усхваляваныя ўдары яго і свайго сэрца і маўчаць, забыўшыся на ўсе пакуты і жахі. Але яна стрымала гэтае парыванне, падумаўшы: «Не! Што гэта я!.. Калі побач ляжаць забітыя сябры...»