Глыбокая плынь, частка 3

Яна падбегла, схапіла яго руку і адказала бязгучна, аднымі губамі:— Я буду з табой, Жэня!— Я загадаў адыходзіць усім! — твар яго гнеўна пачырванеў.— Я не магла, Жэня. Я памагла вынесці раненых і вярнулася, каб быць з табой. Хіба я магла пакінуць цябе аднаго? Зразумей жа ты! Там усе зразумелі ізгадзіліся...Так, яна прыйшла, каб у цяжкую хвіліну быць поплеч з ім і, калі трэба будзе, памерці разам. Яна вырашыла гэта, калі ён загадаў ім адыходзіць, адчуўшы раптам, які ён блізкі і родны. Пачуцці, якія доўга тлелі ў глыбіні душы, успыхнулі ў тую хвіліну полымем і сталі яснымі, зразумелымі. Яна адчула сябе шчаслівай, стаўшы побач з ім перад шматлікім ворагам, перад тварам смерці.За выбухамі мін Жэнька не ўсё пачуў, што яна гаварыла, але ў вачах яе ўбачыў нешта такое, што калісьці бачыў у вачах маці, калі тая праводзіла яго ў лес, і разгубіўся. Спытаў:— Дзе астатнія?— Выйшлі. I кладку разбурылі ўжо.— Страляй.Жэнька выпусціў з «Максіма» ўсю ленту, потым выцягнуў замок, павесіў на шыю вінтоўку і, схапіўшы Тацяну за руку, пабег па акопу да балота.— Хутчэй!Яна падумала, што ён хоча вывесці, ратаваць яе, і спалохана вырвала руку.— Дай замок! Я застануся сама. Жэнька рвануў яе да сябе.— Не разважай! Бяжым хутчэй!Ззаду дзіка закрычалі — эсэсаўцы пайшлі ў атаку.Яны прыбеглі на край балота, у другі канец вострава. У гэтым месцы ад цэнтральнага акопа адыходзіў убок, у сасоннік, вузкі акопчык. Канчаўся ён невялікай зямлянкай, дзверы якой раней заўсёды былі зачынены на замок, і ў лагеры мала хто ведаў, што хавалася ў гэтай зямлянцы. Не ведала і Тацяна.Жэнька спыніўся перад зямлянкай.Дзверы яе былі адчынены, і Тацяна ўбачыла там нейкія скрынкі і дынама-машыну, накшталт тых, што свяцілі ў нямецкіх кінаперасоўках.— Сачы! — загадаў Жэнька, паказаўшы на лагер. — Калі яны падыдуць да агнясклада і майстэрні, крыкнеш мне, — і палез у зямлянку.Тацяна высунулася з акопчыка, лягла на бруствер. У лагеры гарэлі амаль усе зямлянкі. Ад іх загараліся дрэвы, сухое шыгалле, лісце. Пажар поўз ва ўсе бакі. Толькі агнясклад і майстэрня па вырабу мін і іншай зброі, якія стаялі асобна, далей ад зямлянак, абкружаныя глыбокай канавай, яшчэ не гарэлі.Хутка ў дыме замільгалі постаці гітлераўцаў. Яны беглі наперад і страчылі з аўтаматаў. Вось яны пераскочылі праз канаву, кінуліся да склада, да майстэрні, пачалі разбіваць прыкладамі зачыненыя дзверы.У Тацяны моцна білася сэрца. Яна зразумела прызначэнне зямлянкі, намер Жэнькі і чакала, пакуль сабярэцца іх каля склада больш. Але некаторыя абмінулі склад і беглі далей да балота, да іх. Тады яна перахілілася ў акоп і гучна крыкнула:— Бі, Жэня! БІ хутчэй!Вялізны слуп агню шугануў у вышыню. Хіснуліся сосны. Цяжка ўздрыгнула зямля. Грымнуў кароткі выбух. Засвісталі асколкі. Потым затрашчала, загуло. 3 неба пасыпаліся зямля, дошкі, галлё, сажа.Хваля гарачага паветра скінула Тацяну з бруствера ў акоп. Там яе падхапіў Жэнька, падняў на ногі, крыкнуў:— Бяжым!Балота ў гэтым месцы было ад берага сухое, зарослае высокай густой травой і хваравітымі нізкарослымі сасонкамі.Яны адбеглі метраў трыццаць ад выспы і ляглі ў траву.— Сюды яны цяпер не палезуць! — упэўнена сказаў Жэнька.На месцы склада шугала полымя. I ўсё яшчэ ў агні рваліся патроны, бухалі міны. Слуп чорнага дыму падымаўся над лесам і слаўся па балоце густой копаццю.— Шкада лагера, — уздыхнуў Жэня. — Мы з Паўлам Сцяпанавічам будавалі яго яшчэ да прыходу немцаў. Базу стваралі. Колькі мы навазілі сюды ўсяго! Увесь раён, здаецца, перавезлі, і ўсё па начах. — Ён памаўчаў хвіліну, а потым дадаў ужо больш бадзёра: — Але нічога... Свае ён адслужыў і памірае са славаю, як герой. 3 музыкай... Эх! Усіх бы фашыстаў вось так, у паветра, а потым — у зямлю, каб і дух іх паганы згінуў. Дажыць бы толькі да таго часу. А я дажыву, Таня, дажыву. Я веру ў сваю неўміручасць. Я і сёння верыў, што выйду жывы. I Паўлу Сцяпанавічу на развітанне сказаў: «Сустрэнемся, Павел Сцяпанавіч! Сустрэнемся!» I вось убачыш, сустрэнемся. Як ён узрадуецца!..