Глыбокая плынь, частка 3

Яму стала балюча. Следам за кулямётам застракаталі аўтаматы, а недзе з другога боку, дзе наступала група Прыборнага, завішчала і гаўкнула міна.— Ну вось табе... стары авантурыст! — вылаяў Лясніцкі камандзіра.Хлопцы заляглі і стралялі — гэта Лубян і яго сябры-снайперы намагаліся зняць кулямётчыкаў.Раптам у страляніне пачуўся роў матора. Цераз хвіліну Лясніцкі ўбачыў, як на поле збоку ад іх выпаўзла самаходка, чорная, тупарылая, спынілася, паиюхала хобатам ва ўсе бакі і плюнула агнём у лес. Лезці на такога ворага было б вар"яцтвам, і Лясніцкі пусціў у хмарнае неба дзве чырвоныя ракеты — сігнал адыходу. Добра, што ён на ўсялякі выпадак прадугледзеў такі сігнал. На шчасце, немцы не адважыліся лезці ў лес, і групы атрада хутка сабраліся разам і схаваліся ў гушчары, за балотам. Партызаны сумна жартавалі:— «Выпілі» і «закусілі»...Прыборны і Паўленка вінавата маўчалі. Лясніцкі з болем у сэрцы лаяў іх і сябе. Задума гэта каштавала жыцця маладому партызану, шэсць чалавек было паранена. Потым выявілі, што знік Пятро Майбарада. Гэта ўсіх усхвалявала. Разведчык быў з групай Лубяна, і Лясніцкі сам бачыў, як ён адпаўзаў разам з усімі і дапоўз да лесу. Няўжо паранены і не прызнаўся, а зараз сцякае недзе крывёю? Лясніцкі сам э групай маладых партызан вярнуўся шукаць яго.Яны сустрэлі Майбараду на балоце, але раней, чым убачылі яго за кустамі, пачулі яго голас:— Калі ты не перастанеш брыкацца, швайн ты гэтакая дойч, я цябе ўтаплю ў балоце. Я-я, корф васэр... галавой у ваду... Зразумеў? Глядзі ж, паскуда, ляжы ціха... Я цябе, дрэнь ты гэтакая фашысцкая, нясу на плячах з усім камфортам, а ты брыкаешся, сабака. Ду іст хунд!.. Ніякай у цябе ўдзячнасці няма, хам ты гэтакі... Я другія суткі не еў, а нясу цябе, а ты яшчэ тузаешся... Выйдзем з балота — я цябе прымушу, каб ты мяне нёс. Я, я...Хоць становішча ўвогуле было невясёлае, але Лясніцкі не мог не засмяяцца, пачуўшы гэтыя словы і ўбачыўшы, што Майбарада нясе на плячах звязанага немца, з кляпам у роце. А партызаны дык весела зарагаталі. Убачыўшы сваіх, Пятро скінуў немца ў ваду і выцер пот, фашыст спалохана затрапятаўся, як рыбіна.— Варта ўсыпаць табе, Пятро, што без дазволу знікаеш, — лагодна пагразіў камісар.— Эх, таварыш камісарі Як без дазволу? Я ж выконваў загад — захапіць «языка».— Загад быў у другіх умовах...— Самыя лепшыя ўмовы, таварыш камісар! Я ведаў, што яны абавязкова будуць аглядаць узлессе — ці няма забітых ці яшчэ якіх слядоў. Таму я зайшоў у ельнік, дзе пачынаецца гушчара, і сам — на елачку. А пад елкай раскідаў розныя рэчы — партсігар, гармонік, хусцінку, абойму і, каб здалёк нешта бялела, павесіў на сучок анучы... I гэты, верны сын свайго дурнога фюрэра, клюнуў на мае брудныя анучы. Падышоў і, вядома, адразу нахіліўся за партсігарам... Срэбная рэч! А я яму — на галаву... Вось толькі шчаку здзёр, калі скакаў... Ботам па патыліцы — і ніводнага лішняга гуку... Але, паскуда, калі апрытомнеў, ніяк не хацеў ісці. Упарты, д"ябал... Прыйшлося несці.Гітлеравец сапраўды аказаўся вельмі хітрым і упертым. Праўда, убачыўшы цэлую групу партызан, ён парахманеў, згадзіўся ісці і не спрабаваў крычаць, хоць затычку з рота яму вынялі. Але на ўсе пытанні Жэні адказваў адно:— Ніхт фарштэйн. Партызаны жартавалі:— Дрэнна ты, Жэня, ведаеш нямецкую мову. Алена Рыгораўна ведала мову добра і заўсёды была заперакладчыцу. Аднак і на яе пытанні фашыст упарта не адказваў. А камандзірам вельмі хацелася даведацца, што гэта за часць, чаму яна тут...