Сэрца на далонi, частка 3
I Шыковiч пачаў вывучаць гэты бадай што галоўны дакумент абвiнавачвання. Цiкавы дакумент. Ён чытаў пераклад, надрукаваны на машынцы. Але тут жа быў падшыты i арыгiнал. Савiч вырашыў паказаць сваё веданне нямецкай мовы. Вiдаць, сам камендант з нямецкай акуратнасцю зялёным чарнiлам выправiў у заяве ўсе памылкi (iх было многа), падкрэслiў няправiльныя выразы i напiсаў рэзалюцыю ўнiзе пад подпiсам Савiча: "Пану Цiшчанку. Рэкамендую даручыць пану Савiчу ахову здароўя цывiльнага насельнiцтва", - i вельмi неразборлiвы подпiс, замест якога ў перакладзе стаiць пытальнiк. "Ахову здароўя! Якi цынiзм!" - падумаў Шыковiч, перачытваючы пераклад заявы яшчэ раз. Наступны дакумент - пастанова ўправы ў сувязi з эпiдэмiяй брушнога тыфусу, якая ўспыхнула ў горадзе ўлетку сорак другога года. Доўгi тэкст на штучнай беларускай мове. Аднак чамусьцi ў друкарнi замест "н" кiрылiцы часта набiралi "п" лацiнскае. Слова "насельнiцтва", напрыклад, было надрукавана як "пасельнiцтва". Подпiсы - Цiшчанкi i Савiча. Параграф, у якiм гаварылася, што кожны, хто парушыць вышэйпералiчаныя санiтарныя правiлы, будзе асуджаны па законах ваеннага часу, абведзены сiнiм алоўкам. Яшчэ адзiн доказ вiны Савiча. Але тэкст пастановы сведчыў, што напiсана яна чалавекам, якi ведаў, як змагацца з эпiдэмiяй, i сапраўды дбаў пра ахову здароўя цывiльнага насельнiцтва. - На месцы вашага калегi я не далучаў бы такi дакумент да справы. Ён апраўдвае Савiча, - сказаў Шыковiч капiтану. Сербаноўскi адказаў холадна, амаль непрыязна, не адарваўшыся нават ад папер: - Тут падшыты ўсе дакументы, якiя знойдзены. - Мяркуючы па заяве, захоплены архiў управы... Так? - Не ведаю. - Няўжо там больш нiчога не знайшлося, што характарызавала б дзейнасць Савiча? - Не ведаю. Прачытайце выразкi. Выразак з газет было некалькi. З розных - нацыяналiстычных, нямецкiх, партызанскiх. Фота: у прэзiдыуме сходу беларускай iнтэлiгенцыi - Савiч, над галавой яго пастаўлены крыжык. Здымак цьмяны, невыразны, твары расплылiся, але ўсё-такi пазнаць можна, што чалавек, адзначаны крыжыкам, той самы, што i на фота, якiм адкрываецца справа. Вельмi прыкметны лоб. Узнагароджанне шчырых служкаў "новага парадку" ордэнамi рэйха. У спiсе ўзнагароджаных Савiча няма. Але на фота, на якiм адбiта цырымонiя ўручэння фашысцкiм генералам узнагарод, на заднiм плане, праўда, - зноў той жа лоб выглядвае з-за галоў другiх. Нарэшце доўгi слязлiвы некралог, якi Шыковiч чытаў яшчэ тады, калi пiсаў кнiгу Гукана. Спачуваннi ў нацыяналiстычнай i нямецкай газетах. Паведамленне аб пахаваннi "актыўнага дзеяча беларускага вызваленчага руху", праслаўленага доктара медыцынскiх навук Сцяпана Савiча, "якi загiнуў ад рук бандытаў". Кароткая iнфармацыя ў газеце партызанскай брыгады "За Радзiму": "Падпольшчыкi горада выканалi прысуд народа над здраднiкам Радзiмы доктарам Савiчам. Такая кара чакае кожнага фашысцкага сабаку!" Шыковiч загарнуў папку, моцна пляснуў па ёй далоняй. Настрой у яго быў такi, што хацелася з кiм-небудзь пасварыцца. З Сербаноўскiм, цi што? Яго ўзлавала, што капiтан нiяк не зрэагаваў на тое, як ён скончыў сваю працу. Нават не ўзняў галавы. - I гэтыя дакументы вы баялiся паказаць мне? Ва ўсiх iнстанцыях узгаднiлi? Фармалiсты! - Нiчога цiкавага для вас няма? - як бы шкадуючы, спытаў Сербаноўскi, адкiнуўшыся на спiнку крэсла i працiраючы пад акулярамi стомленыя вочы. - Апроч прашэння Савiча, усё гэта я чытаў дванаццаць год назад. Без усялякай гульнi ў хованкi.