Сэрца на далонi, частка 3
- Адгадайце. - Ды так шэсцьдзесят. Можа, з маленькiм хвосцiкам. Стары зморшчыўся так, быццам хацеў пырснуць вясёлым i гучным смехам, ды стрымлiваў сябе. - А хвосцiк енты дванаццаць гадкоў. - Семдзесят два? - шчыра здзiвiўся госць. - Ага ж. Пражыў, таварышок, дзякуй Богу, усяго на свеце пабачыў i пачуў. Першым калгаснiкам быў. Во! - сказаў ён сур"ёзна, з гонарам. - А цяпер Хведар кажа... Учора ета мы з iм за чубкi счапiлiся... Цябе, кажа, Халiмон, трэба пасадзiць за такiя словы, каб ета ў трыццаць сёмым ты сказаў. А што я сказаў? Не пабудуем, кажу яму, Хведар, мы з табой камунiзму. А як ён сказаў, што пасадзiць мяне трэба, ды я яму i кажу: навучыся, кажу, ты лепш памiдоры ды буракi садзiць, а не людзей. - Стары хiхiкнуў, задаволены, мабыць, сваiм адказам. З бакоўкi выйшла Кацярына. - Што гэта вы тут гародзiце, тата? - А што, хiба ж не праўду кажу? - узлаваўся раптам бацька. - Цiшэй, Паўлiка разбудзiце. - Жанчына прысела каля стала, спытала: - Што ж гэта вы не выпiваеце, Кiрыла Васiльевiч? Шыковiч падняў чарку: - За вас i вашага сына. Яна ўзяла i налiла сабе колькi кропель настойкi. - А я за Лёню вып"ю. За мужа. Каб усё добра было. Ён паехаў у iнстытут здаваць. На завочнае. Гэта ён бухгалтарам у нашым калгасе. А я замяшчаю. - Яна як ведала, што Шыковiчу з самага пачатку карцела спытаць, дзе бацька малога, ды ён не адважваўся, каб не апынуцца ў няёмкiм становiшчы: усялякiя акалiчнасцi бываюць. У гэты раз стары не дапiў свае чаркi, настойка перастала яго цiкавiць. Больш цiкава яму было скончыць думку. Пазiраючы не вельмi добразычлiва на дачку, мабыць, баючыся, што яна перапынiць, ён працягваў свае разважаннi: - Вы, таварышок, вас я слухаў... Дужа ладна вы гаварылi. Красiва. На Хведара кiўнулi правiльна. Але мала. Яму трэба хiба так кiўнуць! Няма ў яго етай самай, як вы сказалi, праспякцiвы. Няма! Во бяда... - Ды i няма перспектывы, - нечакана згадзiлася Кацярына. Стары, яўна здзiўлены, змоўк. - Мне Лёня скардзiўся. Ды i сама я, як улезла ў гэтую бухгалтэрыю, пасядзела там у праўленнi... Вы ведаеце, Кiрыла Васiльевiч, застылi мы на месцы. Паглядзiце, што робiцца. Мы не пагарэлi ў вайну. А таму ў першыя пасляваенныя гады наш калгас быў ледзь не самым багатым у раёне. Па кiлаграму хлеба на працадзень. Усе нарыхтоўкi выконвалi. Грак лепшым старшынёй лiчыўся. I цяпер шчэ нос задзiрае. А летась таксама далi адзiн кiлаграм. Ды i ў гэтым больш не дамо. Якая ж будзе ў людзей перспектыва? - Во-во! - падхапiў стары. - Я i кажу яму: па такiм працаднi мы далёка не заедзем. А ён мне кажа: за такiя словы... - Муж мой неяк гаварыў, што аджыла ўжо сябе гэтая форма ўлiку. Бязлiкi ён стаў, працадзень. Рысачка на паперы. Стаўлю я iх у табелi, i самой мне здаецца ўсё гэта несур"ёзным нейкiм. Ненавуковым. - Дык пераходзяць жа на грашовую аплату. Гарантыйную, - сказаў Шыковiч. - А дзе iх узяць, грошай? Гэта хто блiзка ад горада. А ў нас выгадаваць свiнню ў паўтара раза даражэй абыходзiцца, чым мы маем за яе. - Дык што, па-вашаму, трэба зрабiць? - Не ведаю. Каб Лёня быў... - Трэба, штоб хазяiн з галавой! Во што трэба! - рашуча стаяў на сваiм Халiмон Дзям"янавiч. - Не задзiраў штоб нос, як той кажа... А на зямлю глядзеў. - А чаму ж вы столькi год трымаеце такога старшыню? Кацярына дзiўна глянула на госця i нiчога не адказала, паклала яму з глiнянай мiскi свежых гуркоў са смятанай: еш, маўляў, наiўны чалавек. А Халiмон Дзям"янавiч адказаў па-свойму: - Во, то я i кажу яму ўчора: цi не пара табе, Хведар, унукаў няньчыць? Як ён чмыхнуў, ты пабачыў бы! - Стары зноў смешна зморшчыўся, заплюшчыў вочы, пакруцiў галавой, як бы выпаласкваючы смехам рот.