Сэрца на далонi, частка 3
Потым яны абодва колькi хвiлiн маўчалi. Зайшло сонца. Па-асенняму хутка згусцiўся змрок. Пад соснамi стала амаль ужо цёмна. Яны думалi ў лясной цiшынi. Антона Кузьмiча кранула сынава даверлiвасць. - Ты кахаеш яе? - Яна падабаецца мне. - Яна доўга сустракалася з iм? - Не ведаю. Яна сказала, што сустракалася, а цi многа разоў - я не распытваў. - Яму таксама яна сказала? - Наўрад. - Ты моцна пабiў яго? - Не. Нармальна. - Ведаю я тваё "нармальна"! Нельга было без мардабою? - Я не талстовец. Ён ударыў першы. - Трэба расказаць Валянцiне Андрэеўне. - Навошта? - Ты ж расказаў мне. I ўсё стала на месца. А ён не здагадаецца зрабiць гэта... Валянцiна Андрэеўна, не даслухаўшы, занепакоiлася. Мацi ёсць мацi. Славiк здаўся ёй маленькi, бездапаможны, збiты да паўсмерцi дарослым i дужым хлопцам. У яе з"явiлася нядобрае пачуццё да Тараса, хоць сваiм цвярозым розумам яна добра ўсведамляла, што больш разумна, як зрабiў Тарас, зрабiць нельга - у руках у iх была смерць. Яны ўтраiх шукалi Славiка на лузе. Мацi гукала. Адгукалася рэха. Нiзiны зацягвала туманам. Халадала. Матчына трывога расла. Яраш супакойваў жанчыну: - Упэўнены, Валя, што ён драпануў у горад. Яму сорамна паказвацца на вочы. Давайце паедзем - i ён будзе дома. Яна папрасiла: - Антон, не расказвай Кiрылу. Баюся, ён не зразумее. Недарэчна, што чалавек, якi павiнен разумець усе рухi чалавечай душы, раптам не зразумее ўласнага сына. Ён, Яраш, усiх разумее. Шыковiч сядзеў дома, чытаў новы раман свайго сталiчнага сябра. Яраш сказаў, што забыўся зрабiць важнае назначэнне цяжкаму пасляаперацыйнаму хвораму. - Што ты забыўся - гэта, мабыць, хлусiш, ты нiколi нiчога не забываеш. Тут вось, - Кiрыла ляпнуў па часопiсе, - адзiн разумны герой кажа: найлепшаму сябру не давярай дзвюх рэчаў - машыны i жонкi. - Не вельмi разумны твой герой. - А я табе давяраю дужа часта i машыну i жонку. - Валя паедзе са мной, мiж iншым. - А яна што там забылася? - Не бойся, едзе i Галiна. Няхай пракатаюцца. - Цiснiце на ўсе педалi. Не будзеце хоць перашкаджаць. Антон Кузьмiч не мог не ўзяць жонкi, бо добра ведаў, што спакойнай Галiна не будзе, ведаючы, што ён паехаў у ноч з жанчынай, хоць гэтая жанчына i Валянцiна Андрэеўна, жонка сябра, мацi дарослых дзяцей. * * * Валянцiна Андрэеўна супакоiлася толькi каля дома, калi ўбачыла, што вокны кватэры асветлены. У яе быў свой ключ. Яна ўвайшла непрыкметна. Заглянула праз шкляныя дзверы ў пакой. Славiк ляжаў на канапе без сарочкi, мокры ручнiк закрываў левае вока i шчаку. На падлозе стаяла раскаркаваная бутэлька дарагога каньяку. Быў уключаны прыёмнiк. Далёкая спявачка даволi прыемным меца-сапрана спявала на чужой мове сумную песню. Славiк ствараў сабе настрой. Яму хацелася, каб была роспач, душэўная дэпрэсiя, каб зрабiўся ненавiсным увесь свет. Але такi настрой не прыходзiў. Была, праўда, злосць, заставаўся боль. Але недзе ў мазгавых глыбiнях цяплiлася думка, што ўсё скончылася для яго не так ужо дрэнна. Жыла недзе побач са злосцю ранейшая павага да Тараса. Разам з тым яму хацелася пераканаць сябе, што ён завёў брыгадзiра ў больш няёмкае становiшча, чым апынуўся сам. "Няхай паспрабуе растлумачыць мой нявыхад на работу". Але тут жа зноў закiпала злосць i на Тараса i на Машу. Зноў пачыналася напружаная работа разгарачанага мозгу: як адпомсцiць iм? Потым з"явiлася думка, што ўчынак яго наiўны (больш за ўсё ён баяўся наiўнасцi i сентыментальнасцi), i сэрца пачалi апякаць дробныя i непрыемныя iскры сораму. Гэта, бадай, было самае пакутлiвае пачуццё. Ён тушыў гэтыя iскры маленькiмi глыткамi каньяку.