Сэрца на далонi, частка 3
- Пляснi ты яго, Васiльевiч. Няхай не гаўкае. Артыкул яго блытаны... Але Шыковiч не чытаў артыкула, не да газеты яму было ўчора. Ды каб i чытаў, то ўсё адно не выступiў бы: пасля аперацыi, гаркома, размовы ў КДБ яму здавалася: не на тое, на што трэба, ён часта трацiў сiлы i энергiю. У сорак пяць год усвядомiць гэта - не вельмi прыемна. Выступiў Парэчка, па-юнацку ўлюбёны ў свайго кансультанта. Счапiлiся з Рагойшам. Жывiцкаму прыйшлося "лiць халодную ваду". Асцярожны рэдактар, добры чалавек, ён не любiў сварак у калектыве. З-за гэтай дабраты з яго ўпотай кпiлi, але ўвогуле паважалi. Маўчанне Шыковiча на лятучцы ўсiх здзiвiла. Звычайна ён кiдаў трапныя жарты. Рэдактар тут жа, плануючы будучыя нумары, папрасiў яго з"ездзiць у раён, даць нарыс пра лепшага камбайнера. Застаўшыся пасля лятучкi, Кiрыла адмовiўся ад задання. Жывiцкi разгубiўся. - Ты што, нездаровы? - Не. Захоплены другой работай. - Шкада. Вельмi шкада. - Я дам у суботнi нумар апавяданне. Жывiцкi любiў прозу i не любiў вершаў. З Парэчкам, якi кожны дзень адкрываў новых паэтычных генiяў, у яго iшлi бясконцыя баталii. Кiрыла паспрабаваў працаваць - правiць матэрыял. Але ўсё здавалася сумным, непатрэбным - i чужое i сваё. У галаве круцiлiся нейкiя "касмiчныя думкi", далёкiя i ад газетных матэрыялаў i ад справы Савiча. Мабыць, ён доўга сядзеў нерухома, бо Парэчка, якi працаваў за суседнiм сталом, раптам прапанаваў: - Давай махнём на раку, Васiльевiч. Будзе навальнiца. Люблю навальнiцу на лузе! I клёў будзе. Вось пабачыш. Кiрыла паглядзеў у акно i ўбачыў, што неба, яснае з ранiцы, завалакла бела-попельная смуга. Аднак сонца, да ненатуральнасцi абстрактна-жоўтае (на яго можна было глядзець без акуляраў), пякло зямлю па-ранейшаму. Было цiха i душна. Вяла лiсце на маладых лiпах, прасiла пiць. "Але, будзе навальнiца. I, магчыма, пачнуцца дажджы. Заўсёды, калi ў разгары ўборка, пачынаюцца дажджы. Сельскай гаспадарцы проста не шанцуе", падумаў Кiрыла i пашкадаваў, што адмовiўся ад паездкi ў раён; ён заўсёды адчуваў сябе як бы вiнаватым перад людзьмi сяла i пiсаў пра iх многа, з любоўю. "А можа, праўда, паехаць на луг, пад стагi? I да нiткi вымакнуць пад дажджом". Але тут жа прыйшло адчуванне, што ён не зрабiў нечага вельмi важнага. Не адразу нават зразумеў - чаго. А зразумеў - кiўнуў загадчыку аддзела: - Пачакай мяне, - i знiк за дзвярыма. Няхай што хочуць думаюць пра яго, абы дазволiлi паглядзець справу Савiча. Вырашыў пагутарыць з Тужыкавым. Праўда, ён - тугадум, як той анекдатычны фiн, - на пытанне, якое задалi ранiцой, адкажа ўвечары, але затое аб"ектыўны i разумны. У калiдоры гаркома Кiрыла неспадзявана сустрэўся з Тарасавым. Прывiталiся. - Ну, як - вычухаў? - спытаў сакратар як быццам жартаўлiва, але без усмешкi. - Што? - Галавамойку. Не апелiруй. Другiм дасталося больш. - А я i не меў намеру апелiраваць, - адказаў Шыковiч i падумаў: "Ну, вось, я так i ведаў". Дайшлi да дзвярэй прыёмнай. Спынiлiся. Тут Тарасаў адчуў, што Шыковiч, якi пры сустрэчы неяк даверлiва пацягнуўся да яго, раптам, пасля гэтых слоў, быццам палез у панцыр. Сакратар падумаў пра сябе: "Гэтыя ўмоўнасцi, згары яны, мiмаволi робяць нас бюракратамi. Iнстанцыя, дыстанцыя... А пасля глядзiш: усё па форме правiльна, а па сутнасцi... Нялёгка нам вяртацца да ленiнскага стылю", - i шчыра запрасiў, адчынiўшы дзверы: - Заходзь - пагутарым. На нейкi момант Шыковiч застыў у нерашучасцi - iсцi цi не iсцi? Пра што ён мае намер гутарыць са мной? Зноў пра сына?