Сэрца на далонi, частка 3
Славiк з узнятай стрэльбай пасунуўся на яго: - Хто цябе будзе страляць! Каб прасмярдзеў увесь луг. У цябе ж поўныя штаны ўжо. Дрыжыш? Збялеў? Сапраўды, Тарас пабляднеў i дрыжаў. Ён быў з тых, каго ўвесцi ў такi гнеў, калi чалавек губляе ўладу над самiм сабой, амаль немагчыма. Але няхай сцеражэцца той, хто ставiць сабе такую мэту! А неразумнаму Славiку, вiдаць, здалося, што ён i напраўду ўтаптаў свайго сапернiка ў гразь - спалохаў, зняважыў, збэсцiў. Што яму яшчэ дадаць? I ён з усяго размаху даў Тарасу кулаком у скiвiцу. Той трохi пахiснуўся, адступiў на крок убок, шырэй расставiў ногi. Крыва ўсмiхнуўся: - Хiба так б"юць? Здаецца, амаль не замахваўся, а Славiк адляцеў крокаў за пяць, пляснуўся патылiцай на калючую сухую траву. Стрэльба вывалiлася з рук. Падхапiўся i пеўнем кiнуўся на Тараса. Той даў яму ўдарыць сябе. А потым зноў як бы i не моцным ударам спрактыкаванага баксёра адкiнуў яго яшчэ далей. Славiк завыў ад шаленства i не падхапiўся, а папоўз да стрэльбы. Тарас кiнуўся наперарэз. Падняў Славiка, убачыў, як заплывае ў яго падбiтае вока. Спытаў: - Хопiць цi яшчэ? Славiк да крывi пракусiў яму руку. Тарас за гэта аддзячыў яго дзвюма лёгкiмi аплявухамi, без удару ўжо адкiнуў у лазняк. Схапiў яго стрэльбу i адбег, схаваўся ў кустах. Славiк не кiнуўся шукаць яго. Сядзеў у лазе, закрыўшы далоняй падбiтае вока, i цiха скуголiў - ад злосцi, крыўды i болю... Валянцiна Андрэеўна жахнулася, убачыўшы Тараса з дзвюма стрэльбамi. - А Славiк? - кiнулася яна насустрач. - Ляжыць там. - Як ляжыць? - Я набiў яму морду. Не ўмее абыходзiцца са стрэльбай. Ледзь не падстрэлiў мяне. Мацi глыбока ўдыхнула халоднае вячэрняе паветра i тады толькi пачула, што сэрца няроўнымi штуршкамi пагнала гарачую кроў у пахаладзелыя ногi. - Што ў вас здарылася там? Тарас! - Нiчога. Ён раскажа, - адмахнуўся Тарас, перадаўшы Валянцiне Андрэеўне стрэльбу. Але размову пачула Наташа. Ускочыла ў пакой, паведамiла бацьку i мацi з захапленнем: - Тарас набiў Славiку морду. - Што ты вярзеш? - абурылася Галiна Адамаўна. Малая сустрэла брата на парозе, павiсла на шыi: - Тарасок, раскажы, як ты вучыў яго страляць. - Каго? - Каго! Славiка! Тарас анямеў: цi не сачыла за iмi Наташа? Гэтая праныра прасiлася на паляванне. Вось яшчэ не хапала такой сведкi! - Божа мой! - пляснула далонямi Галiна Адамаўна. - Ды ў цябе распухла шчака. Што здарылася? Падняўся з качалкi Антон Кузьмiч, падышоў, павярнуў сына да акна, лёгка свiснуў - здзiвiўся. - Нiчога, сiлу мае. Балiць? У панядзелак зробiм здымак, каб трэшчыны не было. Бацька нiчога не распытваў, як заўсёды. Ён чакаў, спадзяваўся, што сын раскажа сам. Тарасу зрабiлася раптам страшэнна брыдка на душы i сорамна, быццам гэта ён зрабiў нешта вельмi ганебнае. Каб можна было нiкому не расказваць, забыцца i нават не ўспамiнаць! Але нельга. Ён не ўмее зманiць бацьку. Можна, праўда, змаўчаць. Але сiтуацыя такая, што гэта, напэўна, выклiча падазронасць. Не трэба, каб з"яўлялася падазронасць! Яны сябры. Нарэшце, толькi ён, Яраш, можа парадзiць, як яму паводзiць сябе далей з гэтым няшчасным шалапутам. - Хадзем, тата, пагуляем. Я маю табе нешта расказаць. - Ах, сакрэцiкi? - закрычала абураная Наташка. - Ну i хадзiце! Ну i гуляйце! Зазнавакi вы! Я таксама маю сакрэт, у сто разоў цiкавейшы за ваш, i нiколi вам не раскажу. - Яна ледзь не плакала ад незадаволенай цiкаўнасцi. - Не лезь, Натка, у мужчынскiя размовы. - Падумаеш, мужчыны! Яраш некалькi разоў свiснуў, адзiн раз засмяяўся. Больш за ўсё яго ўразiла i здзiвiла Маша. Вось дык рамантычна-задумлiвая цiхоня! Ён вiнаваты, што запрасiў яе сюды, пазнаёмiў хлопцаў. Недарэмна казалi ў старажытнасцi, калi здаралася бяда - вайна, сварка, бойка: не абышлося без жанчыны!