Сэрца на далонi, частка 3
Яраш дастаў рукой столь i засмяяўся. Ого, дзiва што! З яго ростам! А Машы ўсё здалося нармальным i прыгожым. Яна ўзрадавалася, калi мужчыны пахвалiлi вiд з акна. Яна каторы раз прайшлася па пакоi. Абцасiкi прылiпалi да свежай фарбы i, адлiпаючы, патрэсквалi. Заставалiся ледзь прыкметныя сляды. Таму яна хадзiла не па сярэдзiне, а каля сцен, дзе стане мэбля. - Падлогу трэба памыць халоднай вадой, - сказала дзяўчына i пашкадавала, што няма вядра i анучы. Яраша не здзiўляў яе гаспадарчы практыцызм. Здзiўляўся Шыковiч. I любаваўся дзяўчынай. Ён таксама, як некалi на дачы Валянцiна Андрэеўна, параўнаў яе са сваёй дачкой i падумаў аб адказнасцi за выхаванне дзяцей. Да Iры ён, праўда, хоць быў трохi абыякавы, сына ж з рук не спускаў, а вынiкi хоць i розныя, але аднолькава не надта радасныя. Пасля яны паўдня ездзiлi па горадзе - шукалi мэблю. Iх усiх аднолькава захапiлi клопаты па абсталяванню кватэркi. У ашчаднай касе, калi бралi грошы, Кiрыла прашаптаў сябру: - Ты ведаеш - я скупы. Але для яе мне чамусьцi нiчога не шкада. Машыну ён вёў з вясёлай зухаватасцю. Яраш жартаўлiва папярэдзiў: - Кiрыла, я не застрахаваў свайго жыцця. - Я недзе чытаў, што хiрургi - найбольшыя баязлiўцы. Страшэнна баяцца трапiць пад нож свайго калегi. - Няпраўда! - сур"ёзна запярэчыла Маша. Крамаў было некалькi. Яны аб"ехалi ўсе. I адусюль выходзiлi расчараваныя. Маша, пра густ якой Шыковiч спачатку, калi яна выказала захапленне маленькай, просценькай кватэркай, быў невысокай думкi, тут нечакана выявiла здзiўляючую патрабавальнасць. Яна нiколi яшчэ ў жыццi не купляла мэблi. Але тое, што яны ўбачылi ў крамах, яна ганiла адразу, з першага позiрку. Сталы, шафы, крэслы былi вялiкiя, нязграбныя, непрыгожыя. Яраш хмура маўчаў. Шыковiч сварыўся з дырэктарамi. - Не мы выпускаем, таварыш. - Дык не бярыце, што не iдзе. Патрабуйце! - А план? - Ды не жывiце адным днём. Адзiн месяц не выканаеце, на другi перавыканаеце, калi атрымаеце, што трэба. Яны паблажлiва i скептычна ўсмiхалiся: нiчога, маўляў, ты не разумееш, дарагi пакупнiк, у гандлёвых справах. Нарэшце адзiн малады прадавец употай, у цесным праходзе памiж шафамi-бегемотамi параiў Машы: - З"ездзiце да Грабара. На складзе вы знойдзеце, што вам трэба. - А хто гэта - Грабар? - "Гармэблягандаль". Маша, сядаючы ў машыну, расказала пра гэтую патаемную размову. Шыковiч адразу ж згадзiўся: - Iдэя! Стану лепшы даставала з усiх нашых даставал! - Ненавiджу пакупку па блату, цераз чорны ход. - Антон - iдэалiст! - засмяяўся Шыковiч, крута паварочваючы свайго шматпакутнага "Масквiча". - Будзе мэбля. Будзе i факт для фельетона. У калiдоры гандлёвай установы Кiрыла са смехам штурхаў мажнага Яраша да абабiтых жоўтым дэрмацiнам дзвярэй з шыльдай "Дырэктар". - Заходзь смела, паважна. Каб зрабiць уражанне. Але нiякая смеласць i паважнасць уражання на "ўсемагутнага Грабара", маленькага лысаватага чалавечка, не зрабiла. Ён не адказаў нават на iх прывiтанне i прадаўжаў размову з двума сваiмi работнiкамi: вырашалi важнейшае пытанне - у якую краму перамясцiць нейкую Гаюнкову. Потым дырэктар, мабыць, спахапiўся, што пытанне гэта незвычайная тайна, i незадаволена звярнуўся да наведвальнiкаў: - Вам што, таварышы? - Я - Шыковiч, - сказаў Кiрыла i ўбачыў, што прозвiшча яго нiякага ўражання не зрабiла. Нязлосна падумаў: "Газеты чортаў гандляр не чытае". Аднак рушыў далей: - А гэта - Яраш, наш праслаўлены хiрург. Антон Кузьмiч сцiснуў кулакi. Але - о дзiва! - перад Ярашам маленькi Грабар пачцiва падняўся, працягнуў руку: